Летам – арэлі, зімой – горка

Сярод нас дастаткова тых, хто абавязкова скардзіцца – на здароўе, надвор’е або на працу камунальных службаў. А як не хапае тых, хто не словам, а справай паляпшае сваё жыццё! Такім удалым прыкладам стала сям’я Сяргея Шмыка. Пра мужчыну ў сваім лісце нам распавяла яго суседка, Раіса Фёдараўна Баброва, гераіня аднаго з нашых папярэдніх матэрыялаў. 

Па вуліцы Камсамольскай у Шчучыне месцаў, дзе дзятва можа з захапленнем бавіць час і летам, і зімой, не так многа. Сяргей знайшоў хуткае рашэнне – зрабіў для дачушак Валерыі і Ульяны горку. А летам дзяўчынкі “абкаталі” новыя арэлі, якія павесіў іх бацька каля дома. 
Сяргей працуе на запраўцы, яго жонка Ганна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці – больш за месяц таму ў сям’і з’явіўся сынок Арсеній. 
– Знайсці час для таго, каб навесці парадак на двары – справа не цяжкая, – разважае Сяргей Шмык. – Летам выходжу касіць траву, потым разам з дзяўчатамі збіраем яе ў невялічкія купкі, каб іх падабраў трактар. Зімой чысцім снег, дачушкі таксама выходзяць з маленечкімі рыдлёўкамі. Камфортна і нам, і суседзям.
У госці да Сяргея часта завітвае яго старэйшы брат Дзмітрый разам з сям’ёй: у выхадныя дні адзін з двароў вуліцы Камсамольскай яшчэ больш ажывае і напаўняецца звонкім дзіцячым смехам. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.