У Шчучыне прайшоў мітынг, прысвечаны вызваленню горада і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Сёння для нашай шчучынскай зямлі і роднага горада асаблівы дзень – 76 год таму яны былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Па даўняй традыцыі ў гэты дзень шчучынцы і госці горада збіраюцца на мітынг ў гарадскім скверы ля брацкай магілы, каб ушанаваць памяць тых, дзякуючы каму мы жывём пад сонечным блакітным небам, маем магчымасць радавацца жыццю, расціць дзяцей і ўнукаў і кожны дзень сустракаць толькі мірныя світанкі.

 

Школьнікі, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў – людзі ўсіх узростаў і пакаленняў ніколі не забудуць, якой цаной дасталася перамога нашай краіне. Таму і прыходзяць яны кожны год 12 ліпеня ў самае свяшчэннае месца горада.

 

 

…Да ўдзельнікаў мітынгу звяртаецца старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк:

 

– Дзень 12 ліпеня 1944 года – адна з самых яркіх дат у гісторыі Шчучына,    якая назаўсёды ўпісана ў летапіс нашай малой радзімы, як дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гады вайны на тэрыторыі нашага раёна ствараліся  гета, у якіх было сабрана ўсё яўрэйскае насельніцтва. У 1942-1943 гадах у выніку масавых расстрэлаў было знішчана фактычна ўсё насельніцтва гета ў Шчучыне, Жалудку і Васілішках. Ад рук гітлераўскіх захопнікаў і іх прыслужнікаў загінула больш за шэсць тысяч мірных грамадзян толькі за тое, што яны належалі да яўрэйскага народа. Але і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, у тым ліку і беларусаў, чакалі катаванні, расстрэлы, павешанні… Разам з жыхарамі былі спалены вёскі Зінякі і Агародзішча. У кожнай вёсцы нашага раёна гітлераўцы пакінулі свой крывавы след… Наша родная Беларусь і наш раён былі вызвалены ў выніку аперацыі Багратыён. І сёння мы помнім сваіх герояў-землякоў і аддаём даніну павагі бессмяротнаму подзвігу воінаў-вызваліцеляў. Нізкі паклон нашым паважаным ветэранам. Вечная памяць і слава тым, хто загінуў на палях бітваў… Мы ганарымся сваімі землякамі-героямі. Наш абавязак – захаваць іх памяць назаўсёды.  1800 ураджэнцаў Шчучыншчыны, якія ваявалі ў рэгулярных часцях Чырвонай Арміі, не дажылі да шчаслівага Дня Перамогі, загінулі 350 партызан, падпольшчыкаў і патрыётаў...

 

 

Ад імя савета ветэранаў самыя шчырыя словы віншаванняў адрасаваў шчучынцам член прэзідыума раённага савета ветэранаў, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Шчучынскага РАУС, аднагодка Перамогі, які ўдзельнічаў у парадзе 9 мая 1965 года ў Мінску, Міхаіл Іванавіч Майко. Ён расказаў пра цяжкія пасляваенныя будні і заклікаў берагчы сёння мір у нашай квітнеючай Беларусі.

 

 

З Днём вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў павіншаваў удзельнікаў мітынгу ваенны камісар Шчучынскага раёна, падпалкоўнік Уладзімір Яўгеньевіч Чайко.

 

– Кожны раз, прыходзячы да Вечнага агню разам з дзецьмі і ўнукамі, мы нагадваем ім, якую вялікую цану заплаціў наш народ за тое, каб мы спакойна працавалі, былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, будавалі планы на будучыню. Мы не маем права гэтага забыць.

 

 

Мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых герояў вайны – нашых землякоў, удзельнікі мітынгу і ўсклалі да помніка жывыя кветкі.

 

 

…Далёка па гарадскіх вуліцах паплыла музыка і словы шчучынскага гімна: "Шчучын, ты наша малая радзіма, у свеце мілей за цябе не знайсці…" Горда ў паветры лунаў сцяг нашага горада ў надзейных руках выхаванцаў праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба "Дружына".  Мы помнім, мы ўдзячны за мір, мы яго захаваем!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!