У Орлі прайшоў дэпутацкі прыём

Сёння прадстаўнічы дэпутацкі дэсант "высадзіўся" ў аграгарадку Орля. У мясцовым сельвыканкаме правялі сумесны прыём грамадзян і адначасова "прамую тэлефонную лінію" дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 Валерый Іосіфавіч Саўко, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Орлеўскай выбарчай акрузе Міхаіл Вітольдавіч Сушчэўскі.

 

Пра сваю жыццёвую сітуацыю расказала народным абраннікам 83-гадовая мясцовая жыхарка. Жанчына мае прыватызаваную кватэру, аднак просіць дапамагчы ёй замяніць ўваходныя і ўнутраныя дзверы. Вяскоўка таксама папрасіла растлумачыць, на якой адлегласці ад мяжы суседскага ўчастка павінны быць высаджаны дрэвы. Як высветлілася, на суседнім падворку расце елка, якая кідае цень на сумежную тэрыторыю. Заяўніцы падрабязна расказалі, як па сутнасці і ў адпаведнасці з законам можна вырашыць гэтыя пытанні.

 

 

Дарэчы, В.І. Саўко праінфармаваў калег аб падрыхтоўцы законапраектаў у парламенце: які шлях праходзяць дакументы, перш чым стаць законам. Гэта скрупулёзная калегіяльная праца, падкрэсліў ён.

 

Валерый Іосіфавіч Саўко і Ганна Станіславаўна Хвядзюк, карыстаючыся выпадкам, пацікавіліся, як вырашаюцца пытанні жыццядзейнасці насельніцтва, навядзення парадку і чысціні ў самім аграгарадку і на тэрыторыі населеных пунктаў, у старшыні Орлеўскага сельвыканкама Андрэя Георгіевіча Шэршаня. Тым часам Міхаіл Вітольдавіч Сушчэўскі выказаў гатоўнасць абмеркаваць рабочае пытанне, з якім да яго падчас прыёму звярнулася прадстаўнік мясцовай школы. Дарэчы, было адзначана, што гэта ўстанова адукацыі добра падрыхтавана да пачатку навучальнага года.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!