Дэпутацкі дэсант у Галавічполі

Сумесны прыём грамадзян правялі ў гэтым аграгарадку дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 В.І. Саўко, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, дэпутат Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў па Галавічпольскай выбарчай акрузе №3 Т.В. Сямашка і дэпутат Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў па Галавічпольскай выбарчай акрузе №4 В.А. Шэршань.

Арганізаваць прыём у такім фармаце – агульная ініцыятыва, падкрэсліла Г.С. Хвядзюк. "Многія пытанні лягчэй вырашаць сумесна", – слушна заўважыла яна. У ходзе прыёму правільнасць такой пазіцыі пацвердзілася.

 Дыялог вочы ў вочы адбыўся ў Валерыя Іосіфавіча Саўко і яго калег з чатырма жыхарамі аграгарадка. Уздымаліся пытанні абароны правоў спажыўцоў, павышэння бытавога і камунальнага камфорту, арганізацыі пасажырскіх перавозак. У прыватнасці, адзін з вяскоўцаў папрасіў у дэпутатаў парады ў сітуацыі, у якую патрапіў пасля набыцця будаўнічага электраінструмента. Новая рэч хутка выйшла са строю, пабывала у рамонце і зноў сапсавалася... У пакупніка ўзніклі пытанні да прадаўца, у апошняга ж свая праўда... Заяўніку падказалі, як "разруліць" праблему ў рамках дзеючага заканадаўства.

Шэраг пытанняў грамадскай значнасці і ўласных прапаноў агучыў перад дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу В.І. Саўко жыхар Галавічполя Г.А. Бялко.  Георгій Аляксеевіч – чалавек неабыякавы да ўсяго, што адбываецца на малой радзіме, ратуе за павышэнне жыццёвага камфорту жыхароў аграгарадка. "Каб людзі жылі і радаваліся", – выказаўся ён. Вясковец падзяліўся сваімі развагамі і думкамі.

– Дэпутаты раённага і сельскага Саветаў жывуць і працуюць побач з людзьмі, якія аказалі ім давер прадстаўляць уласныя інтарэсы ў органах улады. І гэта дапамагае народным абраннікам быць у гушчыні мясцовых падзей, ведаць усе запатрабаванні землякоў, аператыўна рэагаваць на тыя ці іншыя пытанні, – адзначыла Ганна Станіславаўна Хвядзюк.

Што, дарэчы, пацвердзіў і гэты прыём. Так, Тарэса Вайцехаўна Сямашка ведае пытанне, якая хвалюе яе зямлячку з Вялікага Сяла. Жанчына набрала нумар "прамой лініі" і выказала пажаданне, каб аўтобус па маршруце Шчучын-Вайшчукі не абмінаў іх вёску. А Валерый Аркадзьевіч Шэршань у курсе праблемы, вырашыць якую папрасілі дзве жыхаркі васьмікватэрных дамоў на вуліцах Першамайская і Сацыялістычная. "Для нас многае зроблена – правялі ваду, падключылі газ, абуладкавалі пешаходную дарожку... Хацелі б, каб зрабілі яшчэ і каналізацыю ў доме", – заўважыла адна з жанчын.

Дэпутаты правялі свой кансіліум і абмеркавалі гэта пытанне з дырэктарам ААТ "Васілішкі" У.Ч. Сераханам. Кіраўнік гаспадаркі пацвердзіў: спецыялісты думаюць над вырашэннем праблемы.

Таксама адпаведным службам па даручэнні В.І. Саўко належыць знайсці спосаб, каб падчас непагадзі не "плавала" адна з сядзіб па вуліцы Кастрычніцкай, якая ў выніку добраўпарадкавання апынулася ніжэй за лінію дарожнага палатна.

 Дырэктар Галавічпольскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ж.А. Пашук (пад дахам гэтай установы праходзіў прыём. – Заўв. аўтара), выказала падзяку кіраўніцтву раёна, а таксама дэпутатам Т.В. Сямашка і В.А. Шэршаню за дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.