Дзень інфармавання прайшоў нядаўна ў працоўным калектыве “Збражкі” ААТ “Васілішкі”

Члены інфармацыйнай групы на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.В. Садоўскім сустрэліся з калектывам свінагадоўчага комплексу “Збражкі” ААТ “Васілішкі”. Асноўную тэму дня інфармавання – “Традыцыі суверэннай Беларусі” – на цікавых прыкладах раскрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.В. Ганчарук. 

 

Напярэдадні знакавай даты – 80-годдзя Шчучынскага раёна – асабліва актуальна было даведацца, як дынамічна развіваецца наш рэгіён у апошнія гады. Кіраўнік раёна Аляксей Валянцінавіч Садоўскі расказаў аб поспехах у сельскагаспадарчай галіне: наш раён лідзіруе па вытворчасці малака, аднаўляе свінагадоўлю, аграрыі, у тым ліку і васілішкаўскія, дабіваюцца высокіх ураджаяў. Напрыканцы года ёсць усе падставы канстатаваць, што раён дастойна спраўляецца з даведзенымі прагнознымі паказчыкамі.

 

Шчучынскія тавары ведаюць далёка за межамі Беларусі. Паспяхова працуюць на экспарт “Праймілк” і новая фабрыка шампіньёнаў, дзе нядаўна запушчана другая чарга вытворчасці.

 

– Мы плануем штогод адкрываць у раёне па прадпрыемстве, каб забяспечыць людзей працай з нармальным заробкам, – падкрэсліў А.В. Садоўскі. – Зараз вядуцца перамовы з замежнымі інвестарамі. Плануецца будаўніцтва прыватнага сельскагаспадарчага прадпрыемства, прадукцыя якога таксама будзе пастаўляцца на знешнія рынкі. 

 

Аляксей Валянцінавіч спыніўся на ўзвядзенні жылля. Хутка ў Шчучыне будзе здадзены ў эксплуатацыю чарговы 60-кватэрны дом, а на наступны год спецыялісты прадумваюць варыянты, як зрабіць больш танным кошт квадратнага метра, што дазволіць павялічваць аб’ёмы будаўніцтва кватэр.

 

 – Жыллё, работа, дастойная зарплата – гэта тое, што трэба чалавеку, каб ён пусціў карані на роднай зямлі і не шукаў шчасце па свеце. Гэта вельмі добра разумее раённая ўлада, і менавіта такія сацыяльныя арыенціры для нас у прыярытэце, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

 

 А.В. Садоўскі расказаў васілішкаўцам пра аб’екты, якія адкрыюцца ў райцэнтры ў бліжэйшы час. Гэта гандлёвы маркет на тысячу квадратных метраў і адрамантаваная СШ №2. Ідзе рэканструкцыя стадыёна, куды прыцягнута 500 тысяч еўра з Еўрасаюза. 

 

Звярнуўся да васілішкаўцаў па шэрагу злабадзённых пытанняў і начальнік РАУС С.М. Сыцэвіч. Справа ў тым, што ў раёне ўсплёск злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Сяргей Мікалаевіч прывёў прыклады, перасцярог прысутных, каб не паўтаралі чужых памылак, ні пад якім відам і нікому не паведамлялі дадзеныя сваіх банкаўскіх картачак. 

 

Правілы пажарнай бяспекі ў чарговы раз давёў да сяльчан начальнік РАНС А.Д. Малюгін, параіўшы карыстацца бясплатным дадаткам МНС “Дапамога побач”.

 

Нямала карыснага даведаліся прысутныя і з выступлення галоўнага ўрача райбальніцы І.У. Загароўскага. Да прыкладу, ужо са студзеня па сельскіх населеных пунктах раёна, дзе не працуюць ФАПы, будуць курсіраваць перасоўныя дыягнастычныя комплексы. У ЦРБ робяць стаўку на новае абсталяванне, удасканаленне арганізацыі амбулаторнага абслугоўвання і інш.

 

Напрыканцы сустрэчы з кіраўніцтвам раёна васілішкаўцы падзяліліся сваімі трывогамі: іх непакоіць экалогія аграгарадка і навакольных тэрыторый. А.В. Садоўскі даручыў даследаваць пробы вады, даў тлумачэнні па рабоце біяўстановак, якія вырабляюць альтэрнатыўную энергію.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!