“Summer КВЭСТ” або Летнія прыгоды толькі пачынаюцца
Больш за 120 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўжо накіраваліся адпачываць у дзіцячы аздараўленчы лагер “Касмадром”, 18 незабыўных дзён правядуць у таямнічым горадзе
– Кожны раз перад пачаткам змены заўсёды паўстае праблема: што знайсці такое крэатыўнае і незвычайнае, каб зацікавіць рабят? -- расказвае педагог-арганізатар Ірына Анатольеўна Краўчук, якая працуе ў “Касмадроме” ўжо трэці сезон. -- Сёлета мы выбралі незвычайную гульнявую мадэль. Наш адпачынак праходзіць у форме прыгодніцкага квэста, а кожны дзень складацца з міні-квэстаў: вясёлага, спартыўнага, крэатыўнага або творчага. У нашым незвычайным горадзе ўжо абраны мэр – дырэктар лагера П.М. Мацко, віцэ-мэр – старшая важатая А.С. Басько, і я -- саветнік. Мае памочнікі – гэта камандзіры нашых атрадаў, якія заўсёды прысутнічаюць на савеце горада і буквальна фантаніруюць масай творчых ідэй.
Шмат цікавых і незвычайных мерапрыемстваў прапануюць дарослыя дзецям. Абавязкова пройдзе ў лагеры свята, прысвечанае роднай Беларусі. У гэты дзень рабяты будуць размаўляць толькі на беларускай мове, спяваць беларускія песні, чытаць беларускія вершы, маляваць цудоўныя краявіды нашай краіны… Плануецца і фестываль нацыянальных культур. Пяць атрадаў змогуць прадставіць пяць розных краін, падрыхтаваць нацыянальныя стравы, паказаць танец, выканаць музычны твор…
-- Абавязкова ў нядзелю правядзём у лагеры бацькоўскі дзень, -- прыадкрывае сакрэты Ірына Анатольеўна. – Летась гэта мерапрыемства спадабалася і дарослым, і дзецям. А на гэты раз таты і мамы падрыхтуюць канцэртныя нумары, прымуць удзел у спартыўных мерапрыемствах…
А яшчэ ў горадзе Квэст адбудзецца тэатральнае шоу ”Вялікае адкрыццё ў горадзе Квэст”, тэатральны конкурс “Старая, старая казка”, пройдзе першынство лагера “Два капітаны”, конкурс на самую меткую стралу Амура, адбудуцца спаборніцтвы па піянерболе, пройдзе конкурс “А ну, дзяўчаты”, дзе ўдзельніцы абавязкова прадэманструюць мадэлі авангарднай эка-моды, і іншыя мерапрыемствы. Рабяты накіруюцца на экскурсію ў адзін з музеяў Гродна, пабываюць у музеі А. Цёткі ў Астрыне, наведаюць аквапарк.
-- Частыя госці ў лагеры – спецыялісты раённага цэнтра тэхнічнай творчасці, супрацоўнікі Шчучынскага РАНС, раённага аддзела ўнутраных спраў, -- расказвае І.А. Краўчук. – Завітаюць да нас выхаванцы і педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі з канцэртнай праграмай.
Такая разнастайная праграма вельмі даспадобы насельнікам незвычайнага горада. І трэба сказаць, кожны з іх знаходзіць сабе тут занятак па душы. Мы трапілі ў лагер якраз у той час, калі праходзілі заняткі аб’яднанняў па інтарэсах.
-- У “Касмадроме” я адпачываю ўжо другі раз, -- расказвае Дзіяна Лябецкая з г.п. Астрына, якая з задавальненнем гуляла ў валейбол. – Мне вельмі падабаюцца розныя творчыя конкурсы. Я закончыла мастацкае аддзяленне Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў: малявала пейзажы, нацюрморты. Спадзяюся, тут мае здольнасці мне таксама прыдадуцца.
Усіх, хто не хоча адпачываць актыўна, а аддае перавагу разумовай дзейнасці на заняткі аб’яднання па інтарэсах “Займальная граматыка” запрашае І.А. Махнач, настаўнік-дэфектолаг Галавічпольскага дз/с-СШ, выхавацель пятага атрада – самых маленькіх гараджан.
-- Мы не загружаем рабят школьнай праграмай, а прапануем ім заняткі ў цікавай форме, -- расказвае Іна Анатольеўна. – Напрыклад, сёння дзеці з задавальненнем разгадваюць шарады.
Гурток малявання таксама знайшоў сваіх прыхільнікаў. Ілья Грышкевіч з в. Дзегцяры марыць стаць касманаўтам і менавіта гэту сваю мару паспрабаваў адлюстраваць у малюнку. Хлопчык закончыў пяць класаў і сёлета вырашыў адпачыць у лагеры, каб знайсці новых сяброў і, як сцвярджае зусім па-даросламу, … паспрабаваць самастойнага жыцця. А выкладчыцы малявання – студэнтцы факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Наталлі Бодак, якая ў свой час таксама адпачывала ў “Касмадроме”, вельмі падабаецца займацца з дзецьмі.
А вось Ангеліна Васільчык прыехала ў лагер у шосты раз. Як расказала дзяўчынка, яна заўсёды выбірае першую змену, падчас якой працуюць крэатыўныя важатыя і праходзіць многа цікавых мерапрыемстваў. Ангеліна займаецца спортам, а перавагу аддае лёгкай атлетыцы. Новае яе захапленне – заняткі ў фотагуртку, які арганізавала Т.В. Чарнякова. Члены гуртка плануюць фатаграфаваць мясцовыя краявіды, а свае фотаздымкі размяшчаць у газеце лагера.
…Да канца змены рабяты павінны сабраць больш за 70 ключоў за ўдзел у міні-квэстах, пры дапамозе якіх яны адкрыюць тайну незвычайнага горада і, канечне ж, атрымаюць прызы і падарункі. Пра адпачынак у лагеры ў іх абавязкова застануцца самыя яркія ўражанні.
***
Цікавым і незвычайным абяцае быць лета ў астрынскіх школьнікаў. З панядзелка 70 хлопчыкаў і дзяўчынак пачалі займацца ў “Акадэміі няскучных навук”. Менавіта так называецца прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей, адкрыты на базе Астрынскай СШ.
-- Наша галоўная мэта – развіццё пазнавальнай актыўнасці дзяцей і папулярызацыя школьных прадметаў, -- гаворыць старшы выхавацель Алена Вацлаваўна Сямашка. – Рабяты будуць праводзіць міні-даследаванні. У атрадзе “Любазнай-ка” арганізавана навуковая лабараторыя, а ў атрадзе “Вучоны кот” – эксперыментальная пляцоўка.
Пра што ж хочуць даведацца юныя даследчыкі? Чаму падае дождж, з чаго вырабляюць гуаш, чаму бывае спёка, як засынае чалавек, як працуе машына – адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымаюць школьнікі падчас работы лагера.
***
А вось 18 вучняў восьмага класа і двое дзевяцікласнікаў Астрынскай СШ наведваюць лагер працы і адпачынку "Лотас".
-- Рабяты працуюць у мясцовай гаспадарцы “АграГЖС” і выконваюць відавую праполку пасеваў – выдаляюць непатрэбныя каласкі, -- расказвае дырэктар лагера Святлана Канстанцінаўна Матусевіч. – На палях яны заняты крыху больш за чатыры гадзіны з перапынкамі і адпачынкам. А ў другой палове дня актыўна ўдзельнічаюць у самых розных мерапрыемствах: конкурсах, акцыях, спартыўных спаборніцтвах.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.