Слава з тымі дружыць, хто яе заслужыць

ААТ “Дэмбрава” – адзін з прызнаных у раёне і за яго межамі лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці. Тут умеюць эфектыўна весці гаспадарку, маюць свой вектар развіцця на перспектыву, ствараюць дастойныя ўмовы для працы людзей. Калектыў на чале з дырэктарам А.В. Туля працуе як адзіная каманда. Менавіта ў гэтым бачыцца залог поспеху арганізацыі. 

Нагадаем: прыкладна год таму СВК «Дэмбрава» было рэарганізавана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Да фінансава стабільнай гаспадаркі далучылі ААТ «Тапілішкі». Стаяла задача ў новым статусе і з новым «прыдаткам» захаваць класічныя дэмбраўскія стыль і рытм работы, а папаўненне – людзей, тэхніку, зямлю – арганічна ўключыць у зладжаны вытворчы працэс. Здаецца, атрымалася. Прынамсі, спецыялісты гаспадаркі, з якімі давялося гутарыць, пацвердзілі: «новенькія» без праблем уліліся ў калектыў, паказваюць узоры сумленнай і самаадданай працы. 


У вялікай сям’і (цяпер тут звыш 400 працаўнікоў) справы ладзяцца. І сёлета скарбонка дасягненняў ААТ «Дэмбрава» папоўнілася: працоўны калектыў увайшоў у лік пераможцаў (другое месца) раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяных кармоў. А па выніках уборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур дэмбраўцы занялі трэцюю прыступку хлебаробскага п’едэстала.
Вядомая ісціна: кормавыт­ворчасць вызначае эфектыў­насць жывёла­гадоўчай галі­ны, а тая ў сваю чаргу – эканоміку гаспадаркі. Па словах намесніка дырэктара ААТ «Дэмбрава» Ю.А. Сакуты, выручка ад рэалізацыі прадукцыі комплексаў і ферм складае да 86 працэнтаў даходаў. 
– Пагалоўе ў нашай гаспадарцы – звыш 11000 жывёлін, у тым ліку 2407 дойных кароў, – расказвае Юрый Аляксеевіч. – Зернефуражом і травянымі кармамі статак забяспечаны. Да прыкладу, ужо назапасілі 36900 тон сенажу, што на 7 тысяч тон больш мінулагодняга. Кукурузы на зерне плануем мець звыш 3000 тон. Нядрэнны ўраджай цукровых буракоў – 13800 тон супраць 8600 леташніх. 


У калектыве дэмбраўскіх корма­­нарыхтоўшчыкаў лідарскія пазіцыі захаваў камбайнер Д.М. Мулярчык. Дарэчы, Дзмітрый Мікалаевіч сёлета і сярод пераможцаў раённага спаборніцтва. Ужо не адзін сезон ён на сваім «Ягуары» заняты на нарыхтоўцы сенажу, уборцы кукурузы на сілас, іншых відах работ. І сёлета дабавіў на агульны кармавы стол 46 тысяч тон зялёнай масы. У гэтага механізатара свой стыль работы, заснаваны на высокай выканаўчай дысцыпліне, адказнасці за справу, адзначаюць кіраўнікі і спецыялісты гаспадаркі. «Безадмоўны і надзейны», – так характарызуе яго прадстаўнік інжынернай службы А.В. Талочка.

Добра папрацаваў і партнёр Дзмітрыя Мулярчыка на «зялёным жніве» вадзіцель МАЗа-трыццацітонніка Андрэй Іванавіч Сыч: перавёз 10 тысяч тон травяных кармоў. Паказчык дазволіў яму аказацца ў кагорце лепшых у раёне.
– Для раслінаводчай галіны сёлетні сезон быў цяжкі. Зацяжная і халодная вясна, перыяды засухі, дажджы, – пералічвае «падножкі» надвор’я галоўны аграном гаспадаркі Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Між тым у цэлым вынікі работы нядрэнныя. Як вядома, вялікі ўраджай мае шмат складнікаў. Таму мы, як заўжды, стараліся своечасова і якасна пасеяць, граматна дагледзець, без страт убраць і правільна распарадзіцца ўраджаем. Важную ролю сыгралі належная арганізацыя працы і настрой на добры вынік саміх удзельнікаў сельскагаспадарчых кампаній. Вырошчвалі яравую і азімую пшаніцу, трыцікале, ячмень, авёс, рапс... Такая структура пасяўных плошчаў дала магчымасць забяспечыць фуражным зернем жывёлагадоўлю, здаць дзяржзаказ. 
У ААТ «Дэмбрава» сёлета намалацілі 15763 тоны зерня (без уліку кукурузы), што на 2,5 тысячы тон больш мінулагодняга паказчыка. Ураджайнасць склала 48,2 цэнтнера з гектара. Парадаваў рапс: сабралі 2355 тон, што ў тры разы больш, чым летась. А вось кукуруза дабавіла клопатаў: вясной была праблема пасеяць, восенню – убраць. 


Па словах галоўнага агранома, самай шчодрай аказалася ніва на вытворчым участку «Еўлашы», які звыш трох дзясяткаў год узначальвае старанны і мэтанакіраваны Ю.Я. Малашка. Тут атрыманы добры ўраджай практычна ўсіх культур – збожжавых, кукурузы, цукровых буракоў, рапсу... Дарэчы, Юрыю Яўгенавічу выпаў гонар прадстаўляць ААТ «Дэмбрава» на абласных «Дажынках». Што ж, слава з тымі дружыць, хто яе заслужыць.
Жніво – вельмі адказны і напружаны сезон. На ўборцы хлебнай нівы сёлета былі задзейнічаны 15 камбайнаў, на адвозцы – выключна «МАЗы», сушка зерня вялася на трох комплексах. Прыклады самаадданай працы паказвалі камбайнеры Віталій Мар’янавіч Медушэўскі, Валерый Раманавіч Вейка, Сяргей Іванавіч Іваноўскі, вадзіцелі Андрэй Іванавіч Сыч, Генадзь Эдвардавіч Бекіш, Юрый Іосіфавіч Ключнік, Віктар Андрэевіч Саўко. Рэкордным аказаўся сезон для аператараў зернесушыльных установак Юрыя Іосіфавіча Малючка і Уладзіміра Уладзіміравіча Авёркі: гэта звяно давяло да належнай кандыцыі 10988 умоўных тон зерня новага ўраджаю. І гэта лепшы рэзультат у раёне! Добрыя паказчыкі ў іх калегі Мар’яна Антонавіча Бекіша, а таксама ў Паўла Паўлавіча Кахновіча, які шчыраваў на ачыстцы зерня. Канешне, усіх нястомных хлебаробаў – членаў дружнай дэмбраўскай каманды нашмат больш і ў адной газетнай публікацыі пералічыць немагчыма. 
– Каштоўны ўклад кожнага нашага спецыяліста і работніка, на якім бы ўчастку ён ні працаваў, – падкрэслівае намеснік дырэктара Ю.А. Сакута. – Ад імя кіраўніцтва вялікі ўсім дзякуй за самаадданую працу!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!