Раней пасееш – хутчэй пажнеш

Жалудоцкія аграрыі першымі ў раёне прыступілі да сяўбы яравых культур

Распачаць пасяўную кампанію ў філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” даверылі вопытнаму механізатару з амаль 30-гадовым стажам А.А. Корка, які за два няпоўныя дні цалкам засеяў яравым ячменем поле плошчай 42 гектары ля вёскі Станіславова. 

– На сваім энерганасычаным трактары “Беларус-3022” з прычэпленай шасціметровай сеялкай штодзённа “закрываю” да 35 гектараў зямлі, – расказвае Антон Антонавіч. – У полі з васьмі гадзін раніцы і да позняга вечара. А як іначай? Пакуль стаіць яснае надвор’е, трэба паспець адсеяцца ў тэрмін! 

Дарэчы, з-за нядаўніх дажджоў далёка не ўсе палеткі ў гаспадарцы гатовы да сяўбы. На палях, што размешчаны ў нізінах, яшчэ стаяць лужы, якія не даюць магчымасці мясцовым аграрыям разгарнуць тут пасяўную на поўную моц. 

– Сёлета нам трэба будзе пасеяць 700 га яравога ячменю, 150 гектараў зернебабовых культур, 70 га проса, 25 га грэчкі і 100 га кукурузы, з якіх 600 га будзе ўбрана на зерне, – гаворыць галоўны аграном “Жалудоцкага агракомплексу” Андрэй Сяргеевіч Бяляеў. – Для гэтага задзейнічаем тры сеялкі, якія ўжо стаяць у “баявой” гатоўнасці. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам вясна прыйшла даволі рана і прынесла з сабой удосталь вільгаці, што, безумоўна, станоўча адаб’ецца на ўзыходзе парасткаў. Мы выкарыстоўваем элітнае насенне, таму небеспадстаўна разлічваем атрымаць багаты ўраджай.

Андрэй Сяргеевіч перакананы, што жалудоцкім аграрыям удасца завяршыць сяўбу ранняга яравога зерневага кліна за 14 дзён. Паралельна ў гаспадарцы вядзецца падкормка азімых, у глебу ўносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, узворваюцца і дыскуюцца палеткі. Адным словам, работа спорыцца. Толькі б надвор’е не падвяло.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

У тэму:
Да яравой сяўбы прыступілі ў большасці гаспадарак Шчучыншчыны. У ААТ “Дэмбрава” пасеяна 42 га ранніх зерневых, ААТ “АграГЖС” – 22 га, у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” і ААТ “Шчучынаграпрадукт” – па 5 га. Па даных на 24 сакавіка, сельгаспрадпрыемствы раёна засеялі 124 га яравых культур з запланаваных 14350 га. Падкормлены 14% азімых зерневых, 38% рапсу, 26% шматгадовых траў.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!