Шчасце – у простых рэчах: творчы свет шчучынкі Марыі Бекіш

 

Гэту маладую прывабную жанчыну цяжка не запрыкмеціць у нашым невялічкім Шчучыне. Марыя Бекіш не толькі шые эксклюзіўнае адзенне і апранаецца з густам, але і прадаўжае лепшыя беларускія традыцыі – займаецца саломапляценнем.

 

Натхненне побач

 

Адзін з пакояў у доме Марыі Бекіш ужо даўно ператварыўся ў ладную майстэрню. Ля стала – манекен, швейная машынка, на паліцах – рознакаляровыя ніткі, яркія пацеркі, разнастайная тканіна і сціплая саломка. Гэтыя простыя рэчы ва ўмелых руках за лічаныя гадзіны ператвараюцца ў сапраўдныя шэдэўры. Раней наша гераіня працавала загадчыцай аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ, зараз яна – рамеснік. Натхняюць Марыю дачушкі Вераніка і Настачка. Ва ўсім падтрымлівае муж Аляксандр – чалавек творчы, натхнёны, улюбёны ў неба і авіямадэліраванне.

 

Сама сабе краўчыха

 

Марыя Бекіш адна з тых, хто не адносіцца да “пакалення спажывальнікаў”. Яна лёгка можа ўдыхнуць другое жыццё ў самую сціплую і простую рэч. Напрыклад, джынсы, якія аддала суседка “на торбы”, за вечар ператварыліся ў модную сукенку. Праўда, панасіць новы строй доўга не давялося, сяброўка папрасіла прадаць сукенку, і Марыя не змагла адмовіць.

 

 

– Мне падабаецца шыць, таму я часта камбіную рэчы, дадаю ім арыгінальнасці. Шыю на мамінай швейнай машынцы, якую ў 1963 годзе ёй бацька аддаў у пасаг. Машынка шые ўсё – ад кардону да абутковай скуры.
Ва ўборах, якія стварае Марыя, ніхто не застаецца незаўважаным. Паліто з футравымі кішэнямі, сукенкі з мужчынскіх кашуль, скураныя порткі, сумкі з дублёнкі – такія рэчы ўраз прапішуцца ў гардэробе любой модніцы. Уборы Марыя шые і для сваіх дачушак.

 

Супраць ковіду – званочкі

 

– Часам здараецца так, што ў мяне няма настрою (такі стан называю “чорныя акуляры”) і нічога не хочацца рабіць, – прызнаецца Марыя. – Але я ведаю, што за гэтым станам абавязкова прыходзіць новая творчая хваля: эмацыянальная і яскравая. Так было і нядаўна, калі ковід не абмінуў нашу сям’ю. Было вельмі складана штосьці рабіць. Выратоўвала хіба толькі гарбата з малінніку, які выпадкова не зрэзала восенню. Як толькі тэмпература спала, аднекуль з’явілася жаданне тварыць! Чамусьці падчас хваробы з галавы не выходзілі… саламяныя званочкі. У выніку зрабіла іх каля 20, напоўніла цукеркамі і раздарыла сябрам і знаёмым на Каляды ды Новы год.

 

Калі ў чалавека кепскі настрой, ён звычайна займаецца тым, што прыносіць яму задавальненне. Для Марыі лепшыя лекі ад дрэннага настрою і адпачынак ад стомленасці – работа з саломкай, якая дорыць супакоенасць і добры настрой.

 

“Ад прадзедаў спакон вякоў”

 

Пацікавілася ў сваёй гераіні, адкуль такая любоў да народных традыцый? Справа ў тым, што Марыя родам з Гурнофеля. Сельскія матывы ўвабрала з калыханкамі маці. Мудрагелістыя карункі на бабуліных ручніках, вышытыя дываны, казкі і песні, пачутыя ад жанчын, нараджалі ў сэрцы дзяўчынкі цёплыя пачуцці, жаданне прадоўжыць і захаваць тое, што дасталася “ад прадзедаў спакон вякоў”. Пасля была вучоба ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы, дзе творчыя здольнасці дапамаглі развіць таленавітыя педагогі.

 

– Нас вучылі ўсяму ад душы, – з цеплынёй успамінае гады навучання і настаўнікаў Марыя. – Менавіта ў каледжы я ўсур’ёз захапілася шыццём, вязаннем, вышыўкай, саломапляценнем. А ўжо падчас вучобы ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы на факультэце беларускай філалогіі і культуры зацікавілася нацыянальнымі традыцыямі і культурай. Вучоба ва ўніверсітэце, інфармацыя, якую трэба было вывучаць, была стымулам для творчасці. Я ехала дадому і скупляла ніткі і матэрыял для творчасці. Мне трэба было тварыць пасля тэорыі: вязала кручком карункі і сурвэткі, карункі далучала да сукенкі… Культура народаў і краін складвалася тысячагоддзямі. Яна адпавядае і геаграфічнаму размяшчэнню, і менталітэту, і нават генетычным асаблівасцям нацый. Беларускія традыцыі і абрады могуць выканаць патаемнае жаданне, прыцягнуць здароўе, грошы, палепшыць дабрабыт. І тут якраз падыдуць лялькі-абярэгі, саламяны павук, званочкі, птушкі шчасця. Напрыклад, мало хто ведае, што саламяны павук “закручвае” ўсю адмоўную энергію, лялькі-траўніцы аберагаюць ад хвароб, званочкі адганяюць негатыў, птушкі – душы продкаў, якія ахоўваюць і дапамагаюць тым, хто жыве на зямлі. З радасцю ствараю такія абярэгі, раблю людзей крышачку шчаслівейшымі.

 

 

Майстэрства пачынаецца з традыцый

 

 Саломапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў. Адбіткі плеценых саламяных вырабаў даследчыкі знайшлі нават на чарапках старажытнаегіпецкага глінянага посуду! У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Нашы продкі верылі ў сілу збожжа, назапашаную ў сцяблінах ці каласах новага ўраджаю, і па-гаспадарску шанаваўся апошні сноп, прыбраны з поля. Саломай пакрывалі дахі жылля, яна ішла на подсціл і корм скаціне, абутак і адзенне, выраб хатніх рэчаў, галаўных убораў, цацак і ўпрыгажэнняў, а ў неўраджайныя гады яе нават падмешвалі ў хлеб. І сёння вырабы з “беларускага золата” загадкавым чынам вабяць, кранаюць за жывое, з’яўляюцца ўвасабленнем сваёй, адметнай, нацыянальнай культуры і багатай традыцыйнай спадчыны. Саломка стала сапраўднай візітоўкай нашай краіны, і вырабы з яе карыстаюцца павышаным попытам у замежных турыстаў. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі асацыіруюцца з Беларуссю і сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў. Працавітасці не займаць і Марыі Бекіш.

 

Як нарыхтоўваецца “беларускае золата”

 

У нашай гераіні шмат розных работ з саломкі: кветкі, капелюшы, скарбонкі, званочкі, вазы, створаныя рознымі відамі пляцення – спіральным, прамым, плоскім і аб’ёмным. Займаецца Марыя і аплікацыяй з саломкі. Многія вырабы жанчына дорыць сваім сябрам і знаёмым. Любы выраб у яе можна і замовіць.

 

 – Аднойчы давялося плесці з саломкі каня з возам! Гэта была самая складаная праца, але заказчык застаўся задаволены вынікам, – гаворыць Марыя.

 

– А цяжка нарыхтоўваць саломку для пляцення?

 

– Для пляцення выкарыстоўваю пераважна жытнюю салому, бо сярод злакавых раслін сцябло жыта мае найбольшую даўжыню і адрозніваецца трываласцю, – расказвае Марыя. – Пшанічная саломка таксама прыдатная для пляцення, але яна карацейшая, грубейшая і таўсцейшая за жытнюю. Для пляцення лепш за ўсё падыходзіць салома, нарыхтаваная ўручную, прычым нарыхтоўваць яе трэба ў розныя тэрміны, тады яна будзе розных адценняў: ад зялёнага да ярка-жоўтага. Нарыхтоўкай сыравіны займаюся разам з майстрыцамі аддзела рамеснай дзейнасці РЦКіНТ на палях мясцовага інстытута раслінаводства. Праца гэта не з лёгкіх, але мне падабаецца! Салому спачатку прасушваю, чышчу з дапамогай спецыяльнага прыстасавання, якое зрабіў мне муж, затым вару. Калі салома становіцца гнуткай і эластычнай, пляту нарыхтоўкі. Затым прасую іх некалькі разоў. Мала хто ведае, што, напрыклад, на адзін капялюш трэба затраціць 30 метраў пляцёнкі з саломы.

 

Спытала я, ці ёсць сёння цікавасць да рукатворных вырабаў. Аказалася, што так. Адны заказваюць куфэркі для ўпрыгажэнняў, другія – капелюшы для працы і адпачынку, трэція – эксклюзіўныя і аўтэнтычныя падарункі для сяброў. Адно застаецца нязменным: кожную рэч Марыя стварае ў добрым настроі, з добрымі думкамі, можа таму яны атрымліваюцца такімі прыгожымі і вытанчанымі, як і сама майстрыца.

 

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!