Пяць таямніц Шчучына
Наш зямляк, гісторык і краязнаўца Сяргей Уладзіміравіч Данскіх цэлых 23 гады свайго жыцця прысвяціў Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы. У розныя гады ён займаў пасады выкладчыка, намесніка дэкана і дэкана факультэта. З 2013 года працуе загадчыкам кафедры турызму і культурнай спадчыны. У 2003 годзе яму прысвоена вучонае званне “дацэнт”. Яшчэ ў студэнцкія гады С.У. Данскіх пачаў актыўна займацца навуковай працай. Першыя яго публікацыі ўбачылі свет у 1993 годзе на старонках раённай газеты “Дзянніца”. У цяперашні час Сяргей Уладзіміравіч з’яўляецца аўтарам больш як 150 навуковых і звыш 60 навукова-папулярных прац, сярод якіх 3 манаграфіі, 5 вучэбна-метадычных выданняў.
А яшчэ ён аўтар кніг, якія выклікаюць цікавасць не толькі ў тых, каму дарагая гісторыя малой радзімы ў межах Шчучынскага раёна. Яго творы цэнныя менавіта тым, што ўтрымліваюць падрабязныя геаграфічна-тапанімічныя, статыстычна-эканамічныя, царкоўныя, бытавыя і гістарычныя звесткі. З-пад пяра даследчыка выйшаў цэлы шэраг прац, прысвечаных роднай шчучынскай зямлі. Сярод іх кнігі «Наш Шчучын» (2000 год) і «Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі» (2007 год).
У сённяшнім інтэрв’ю я хацеў бы звярнуць увагу чытача толькі на адзін, але, на мой погляд, значны і ў многім вызначальны штрых у светапоглядзе Сяргея Уладзіміравіча – на яго адносіны да малой радзімы, да тых месцаў, дзе ён нарадзіўся і вырас.
– Сяргей Уладзіміравіч, дзе Вы нарадзіліся? У якой сям’і жылі? Хто быў для Вас самай значнай асобай у дзяцінстве?
– Я нарадзіўся ў Шчучыне ў савецкія часы. Бацька быў ваеннаслужачым, а мама вучыла дзетак музыцы, дарэчы, была мясцовай дзяўчынай. Таму наша сям’я пастаянна бывала тут, і менавіта Шчучын я лічыў сваёй малой радзімай. У гэтым горадзе я вучыўся ў слаўнай сярэдняй школе №1, скончыў школу мастацтваў. Па сённяшні дзень удзячны шчучынскім педагогам, якія стараліся дапамагчы вучням раскрыць свае прыроджаныя таленты і здольнасці. Так што і цяпер з вялікай цеплынёй успамінаю і сваіх настаўнікаў, і сваіх аднакласнікаў.
– Аб чым марылі ў свае юнацкія гады? Кім хацелі стаць? Каму Вы ўдзячны за выбар сваёй прафесіі?
– У юнацкія гады мне давялося і вучыцца, і працаваць. Марыць не было калі. Гэта ж былі часы развалу Савецкага Саюза. І разам з тым у краіне быў каласальны інтарэс да гісторыі. Усе сцвярджалі, што мы не ведаем свайго мінулага, якое трэба адкрываць і вывучаць, ліквідаваць усе «фальсіфікацыі» і гэтак далей. Вось на такой рамантычна-гістарычнай хвалі я і апынуўся на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе працую па сённяшні дзень. Што тычыцца выбару прафесіі, то гэта калектыўнае рашэнне: сыгралі ролю і мае інтарэсы, і меркаванні бацькоў, а таксама настаўніка гісторыі Ліліі Мікалаеўны Хрыптовіч. Увогуле гісторыя – гэта такая “базавая спецыяльнасць”, падмурак для мноства гуманітарных навук. Падчас вучобы ў Купалаўскім універсітэце сустрэча з прафесарам У.Д. Разенфельдам прадвызначыла цікавасць да філасофіі і культуралогіі. У выніку пасля заканчэння гістарычнага факультэта я абараніў першую ў рэспубліцы дысертацыю кандыдата культуралогіі.
– Сяргей Уладзіміравіч, з якім сцвярджэннем Вы згодны: “У кожнага чалавека свой лёс” ці “Лёс у руках самога чалавека”?
– Дазволю сабе перафразаваць пытанне. Лёс, як правіла, – не якіясьці стыхійныя прыродныя з’явы, хоць і гэта часам бывае. Для простага чалавека “лёс” – гэта запатрабаванні, патрабаванні і чаканні, якія прад’яўляе да яго сацыяльнае асяроддзе: родныя, таварышы, грамадства ў цэлым. Таму ў жыцці пастаянна даводзіцца шукаць кампраміс паміж асабістымі інтарэсамі і сацыяльнымі спадзяваннямі. Напрыклад, мінулае Шчучына і шчучынскай зямлі заўсёды выклікала ў мяне вялікую цікавасць. Але, хай прабачаць мяне землякі, гэта тэма лічыцца надта вузкай для сапраўднага навуковага даследавання, па ім немагчыма абараніць навуковую дысертацыю, таму даводзіцца размяркоўваць свае сілы і час паміж запатрабаванымі зараз навуковымі даследаваннямі ў галіне турызму, культуралогіі і звязанымі з гісторыяй Шчучына. Часам гэта ўдаецца. Дакладней – знаходзіцца час!
– Кожны горад мае свае таямніцы. Адны з іх добра вядомы ўсім, але прыхаваны за шматлікімі легендамі і паданнямі. Іншыя з цягам часу ўвогуле знікаюць з гістарычнай памяці, каб праз стагоддзі здзівіць нашчадкаў нечаканым адкрыццём. Ці ёсць у нашага горада такія таямніцы?
– Горад без таямніц – сумны горад. Пяць мінулых стагоддзяў пакінулі ў гісторыі Шчучына шмат цікавых падзей і велічных постацей. Не дзіўна, што далёка не ўсё было дакладна зафіксавана ды вывучана. Вось, напрыклад, парк Станіслава Баніфацыя Юндзіла. Гэты вядомы біёлаг працаваў у шчучынскім калегіуме піяраў з 1785 па 1791 гады. Усе крыніцы нагадваюць, што ў Шчучыне ён заснаваў батанічны сад і заклаў парк вакол сядзібы Сцыпіёнаў. Але па сённяшні дзень дакладна невядома, дзе гэты батанічны парк знаходзіўся. Па адной версіі, ён раскінуўся перад фасадам старога драўлянага шчучынскага касцёла. Тады парк знік падчас будаўніцтва сучаснага мураванага касцёла ў пачатку XIX ст. Па другой версіі, большая частка парку знаходзілася на правым беразе Тур’і на землях маёнтка Шчучын і была знішчана ў другой палове ХХ ст. падчас будаўніцтва ваеннага гарадка (сучасная вул. Астроўскага). Мясцовыя старажылы ўзгадваюць пра велічны панскі сад, дзе выспяваў смачнейшы вінаград. Трэцяя версія атаясамлівае парк у Руткевічах з паркам С.Б. Юндзіла на той падставе, што гэта зямля некалі належала піярам, а тутэйшы парк - адзін з самых старажытных і ўнікальных на Беларусі.
Таямніца другая – касцёл і кляштар бернардзінцаў. Пра гэты храм невядома нічога. Але ён дакладна паказаны на рукапісных планах Шчучына ад 1719 і 1893 гг., якія захаваліся ў архівах шчучынскага касцёла. На іх пазначана, што кляштар бернардзінцаў быў зачынены ў 1734 годзе. Калі ў Шчучыне з’явіліся бернардзінцы і чаму яны пакінулі мястэчка – мы не ведаем. Месца для кляштара было абрана выдатнае – на скрыжаванні самых першых вуліц Шчучына: Гродзенскай, Віленскай і Ражанкаўскай (зараз гэта скрыжаванне вуліц 17 Верасня і Леніна каля гарадской вежы з гадзіннікам). Магчыма, што гэта быў толькі пляц пад храм, які ніколі не быў пабудаваны. Але і на карысць існавання кляштара можна прывесці свае аргументы. У першай палове XVII ст. адзін з прадстаўнікоў роду Сцыпіёнаў – Кшыштаф Сцыпіё дэль Кампа займаў высокія пасады ў ордэне бернардзінцаў і вельмі клапаціўся пра будаўніцтва новых храмаў. Яго тройчы абіралі кіраўніком ордэна ў Рэчы Паспалітай – правінцыялам. Сцыпіёны рабілі шчодрыя ахвяраванні на карысць бернардзінцаў. На той момант Сцыпіёны ўжо валодалі маёнткам Шчучынак на захад ад мястэчка і маглі паспрыяць з’яўленню бернардзінскага кляштара ў Шчучыне.
– З пакалення ў пакаленне перадаюцца звесткі, што пад горадам пралягае падземны ход. Скажыце, наколькі гэта з’яўляецца праўдай?
– А гэта ўжо трэцяя таямніца – падземны ход з капліцы на каталіцкіх могілках у цэнтр горада. На сённяшні дзень менавіта гэту капліцу варта лічыць самым старажытным будынкам у Шчучыне. Будаваліся і руйнаваліся храмы, палацы ды грамадскія будынкі, а капліца як мінімум з пачатку XVIII ст. заставалася на сваім месцы. І кожнае пакаленне шчучынцаў апавядала малодшым гісторыю пра старажытны падземны ход, які вядзе з капліцы ў цэнтр горада. Дарэчы, Шчучын зусім не вывучаны ў археалагічным плане. Часам будаўнікі ды камунальнікі трапляюць на старажытныя падмуркі, якія амаль немагчыма разбурыць. Але хто, калі і навошта іх будаваў – мы не ведаем. Калі ў будучым атрымаецца высветліць, куды вядзе падземны ход з капліцы, то мы нарэшце даведаемся, дзе быў цэнтр старажытнага мястэчка Шчучын.
– Сяргей Уладзіміравіч, сучаснае аблічча Шчучына немагчыма ўявіць сабе без вежы з гадзіннікам. Але гэты сімвал горада налічвае ўсяго каля ста гадоў. Як усё ж такі нашы продкі арыентаваліся ў часе гадоў 200 таму назад?
– Усё проста, чацвёртая таямніца – сонечны гадзіннік. Да гэтага шмат стагоддзяў жыхары мястэчка звяралі час па сонечным гадзінніку, які называўся “кампас”. Мы не ведаем, як выглядаў самы старажытны шчучынскі сонечны гадзіннік. Ён знаходзіўся каля будынка канвента сясцёр міласэрнасці. Прыблізна там, дзе зараз працуе раённая бібліятэка імя Цёткі. Менавіта на гэтым месцы жыхары і госці мястэчка даведваліся пра самы дакладны “шчучынскі час”.
Раскажу і пра пятую таямніцу – партрэты Юзафовічаў-Глябіцкіх і Сцыпіёнаў. У 1965 г. савецкая ўлада зачыніла шчучынскі касцёл Св. Тэрэзы. Уся маёмасць нібыта была перададзена ў Троіцкі касцёл у Ішчална. Але найбольш каштоўныя культавыя рэчы зніклі невядома куды. Разам з імі былі страчаны партрэты былых уладальнікаў Шчучына – паноў Юзафовічаў-Глябіцкіх і графаў Сцыпіё дэль Кампа. Гэтыя партрэты ў XVIII ст. упрыгожвалі стары драўляны шчучынскі касцёл Св. Ежы, а потым былі перанесены ў сучасны мураваны касцёл. Лёс гэтых мастацкіх твораў па сённяшні дзень невядомы. Для Шчучына гэтыя партрэты маюць вялікую гістарычную каштоўнасць. Асабліва зараз, калі пасля рэстаўрацыі былы палац князёў Друцкіх-Любецкіх ператвараецца ў сучасны гарадскі культурны цэнтр з уласнай музейнай экспазіцыяй. Верагодна, партрэты ўладальнікаў Шчучына ціха чакаюць свайго часу ў нейкіх музейных сховішчах.
Гэтак выглядае далёка не поўны спіс “таямніц шчучынскай гісторыі”. Застаецца спадзявацца, што з цягам часу ўсе яны будуць раскрыты, а новыя даследаванні падораць нам новыя таямніцы і паставяць новыя пытанні, звязаныя з мінулым Шчучына.
– Апошняя Ваша гістарычная кніга, прысвечаная Шчучыншчыне, была надрукавана 10 гадоў таму. За пройдзены час, напэўна, з’явіліся новыя звесткі па гісторыі краю і знойдзены важныя архіўныя матэрыялы. А ці будзе працяг?
– У выдавецтве ўжо знаходзіцца і чакае выхаду ў свет у гэтым годзе чарговая мая кніга – “Гродзенская ваенная кампанія 1705-1706 гадоў”, прысвечаная малавядомым падзеям Паўночнай вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. А ў 2018 – 2019 гадах я планую вярнуцца да сваіх «навуковых вытокаў» і выпусціць кнігу нарысаў па гісторыі і культуры шчучынскай зямлі, у якую войдуць як дапоўненыя і перапрацаваныя раней апублікаваныя нарысы, так і абсалютна новыя артыкулы. Хацелася, каб у кнізе прысутнічала і “практычная частка”: спіс помнікаў гісторыі і культуры, матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, бібліяграфічны слоўнік ураджэнцаў раёна і так далей. Для мяне прынцыпова, каб гэта было ўжо навуковае выданне. Галоўнае – каб кніга знайшла свайго чытача і пайшла на карысць і дзецям, і дарослым, усім, хто цікавіцца багатай гісторыяй Шчучыншчыны.
– У Вас звыш 150 навуковых работ. Вашы навуковыя поспехі сведчаць аб тым, што Вы шмат працуеце. Ці лічыце Вы сябе рупліўцам? Як адпачываеце?
– Балючае пытанне. Ёсць цікавае сацыялагічнае даследаванне, якое правялі ў краінах Еўрапейскага Саюза аб тым, як адпачываюць прадстаўнікі розных сацыяльных і прафесіянальных груп. Дык вось аказалася, што найгорш адпачываюць вучоныя і выкладчыкі ВНУ. Яны падчас водпуску напружана працуюць над завяршэннем сваіх даследаванняў, кніг і артыкулаў. У Беларусі такая ж сітуацыя. Але я прыкладваю шмат намаганняў, каб сумяшчаць работу з падарожжамі. У апошнія гады ўсё часцей вандрую па Беларусі і нанова адкрываю краіну. Уражваюць тэмпы зменаў і разнастайнасць нашай Бацькаўшчыны. Таму калі раней лічыў глобус Беларусі жартам, то зараз разумею, што гэта была б вельмі карысная рэч!
– Што б Вы параілі ў першую чаргу тым, хто толькі пачынае сваю навуковую дзейнасць? Якіх прынцыпаў і правілаў павінен прытрымлівацца малады вучоны, каб дасягнуць жадаемага?
– Навука як галіна дзейнасці – заўсёды цяжкая праца. Навука як прафесіянальнае згуртаванне – адна з самых іерархічных структур у нашым грамадстве. Таму ў навуцы вельмі рэдка дабіваюцца хуткага поспеху. Але калі вы верыце ў сваю моц і гіпотэзы, згодны працаваць над імі амаль круглыя суткі і вам “заўсёды ёсць што сказаць” – то калі ласка ў навуковае таварыства.
Гутарку вёў Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Ганны ВІЛЕНЦЭВІЧ.