Пра што раскажуць экспанаты? Гістарычны музей “Спадчына” запрашае ў госці

“Газоўка”, зробленая з гільзы, аusweis – пашпарт часоў Вялікай Айчыннай вайны, склюд, буч, вагі, кросны, лялькі, дзеравяшкі – каля чатырох соцень унікальных экспанатаў беражліва захоўваюцца ў гістарычным музеі “Спадчына” Скрыбаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

 

– Раней гэта быў музейны пакой, які ў 1998 годзе набыў статус музея, – расказвае яго кіраўнік, настаўніца гісторыі Ірына Здзіславаўна Васько, запрасіўшы мяне на цікавейшую экскурсію. – У нас дзейнічаюць некалькі экспазіцый. Адна з іх – этнаграфічная, другая расказвае пра гісторыю школы і лёс знакамітых землякоў. А вось цэнтральнае месца на сённяшні дзень займае экспазіцыя “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі…

 

 

Я разглядала экспанаты музея і разважала над тым, колькі ж часу спатрэбілася, каб іх сабраць. Прычым кожны з іх, як аказалася, меў сваю гісторыю, якую, безумоўна, ведала Ірына Здзіславаўна.

 

– Наш край вайна не абышла стараною, – расказвае настаўніца. – Мясцовае насельніцтва ўносіла свой уклад у барацьбу з нямецкімі захопнікамі. 12 снежня 1942 года ў раёне станцыі Скрыбаўцы быў узарваны варожы эшалон. У выніку аперацыі, якую арганізавала група падрыўнікоў атрада імя Варашылава пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бутоўскага, загінулі 475 фашыстаў. Пра гэту аперацыю нават паведаміла ў сваёй зводцы савецкае інфармбюро. А Дзмітрый Бутоўскі быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. У канцы чэрвеня 44-га на чыгуначным перагоне Ліда-Масты паміж станцыямі Скрыбаўцы і Ражанка на міне падарваўся цягнік: загінулі больш за тры дзясяткі немцаў, многія атрымалі сур’ёзныя раненні.

 

 

Вучні школы добра ведаюць імёны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ваявалі на фронце, і іх подзвігі.
– Радыстам на фронце быў Іван Іосіфавіч Гардзіеўскі, – працягвае свой расказ Ірына Здзіславаўна. – 12 снежня 1944 года ён прымаў удзел у штурме Сандамірскага плацдарма, вызваляў Польшчу, дайшоў амаль да Рэйхстага, але ў апошні момант яго механізаваную дывізію адправілі вызваляць Чэхаславакію, і Перамогу ён сустрэў у Празе. Разведчыкам у складзе І Беларускага фронту ваяваў Пётр Антонавіч Шэршань. Быў паранены, узнагароджаны многімі баявымі медалямі. Свой подпіс ён пакінуў на сцяне Рэйхстага. Беларусь, Польшчу, Германію вызваляў Іван Іванавіч Баброў. Наводчыкам на легендарных “Кацюшах” служыў Віктар Адамавіч Круповіч. З баямі прайшоў усю Германію. У баях за Беларусь у саставе часцей ІІІ Беларускага фронту, а таксама пры разгроме ўсходне-прускага катла, у вызваленні Польшчы і ўзяцці Рэйхстага прымаў удзел Іван Рыгоравіч Фёдараў. Дайшлі да Берліна Аляксандр Міхайлавіч Лісіца, Павел Іванавіч Карабач. Ордэнам Славы ІІІ ступені за размініраванне падчас сур’ёзнейшай аперацыі быў узнагароджаны Аляксандр Антонавіч Ляляўка. Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны быў і дырэктар школы Сяргей Сямёнавіч Зуеў, які, можна сказаць, будаваў гэту навучальную ўстанову і доўгі час працаваў тут настаўнікам. Ён быў родам з Капыля. На жаль, усе яны пайшлі з гэтага жыцця. А звесткі пра гэтых мужных, гераічных людзей захоўваюцца ў музеі. Толькі адзін наш ветэран Вадзім Лявонцьевіч Квач яшчэ можа расказаць рабятам пра тыя жудасныя ваенныя гады…

 

 

 У музеі захоўваюцца ўзоры зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны: гільзы ад снарадаў, патронаў, кулямётныя стужкі, каскі салдат, ліхтар ваенных часоў, штык ад вінтоўкі, кацялок для яды… Сярод экспанатаў – і нямецкі пашпарт на імя Серафімы Ясюкевіч. Яго перадаў у музей сын жанчыны Расціслаў Іванавіч, які працаваў у школе настаўнікам.

 

Беражліва адносяцца ў Скрыбаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе і да сваёй гісторыі. Згодна з некаторымі данымі, у кастрычніку яна павінна адзначыць паўвекавы юбілей.

 

 

– У розныя часы наша школа была ўзнагароджана шматлікімі граматамі і дыпломамі, – ганарыцца Ірына Здзіславаўна. – Яшчэ калі дырэктарам быў Сяргей Сямёнавіч, тут займаліся трусаводствам. Наш вопыт па развядзенні трусоў нават быў прадстаўлены на ВДНГ у Маскве. На тэрыторыі ўстановы адукацыі былі разбіты выдатныя цяпліцы, у якіх на 8 Сакавіка для настаўнікаў вырошчвалі цудоўныя ружы. Многія вяскоўцы яшчэ помняць раннія агуркі, якія прадаваліся са школьных цяпліц. Самыя значныя падзеі з жыцця школы занатаваны ў летапісе, які мы вядзём разам з вучнямі. Напрыклад, як мы высветлілі, за 50 год “на выдатна” закончылі школу 82 медалісты.

 

Ганарацца тут сваімі выпускнікамі і землякамі. Адзін з іх – знакаміты Віктар Паўлавіч Кот, старшыня Севастопальскага марскога сходу, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, аўтар “Марской азбукі” для дзяцей. А парк Жылібера ў Гродне ўпрыгожвае бочка-бар: яго сваімі рукамі змайстраваў мясцовы скрыбаўскі бондар Міхаіл Кукса, які адчыніў майстэрню ў абласным цэнтры.

 

На жаль, ёсць у музеі школы і сумныя старонкі. Жыве ў сэрцах дарослых і дзяцей памяць пра настаўніка фізічнай культуры школы Дзмітрыя Іванавіча Удота, які быў смяротна паранены ў Афганістане. У мірны час на сваім баявым пасту загінулі землякі. Трагічна абарвалася жыццё Міхаіла Іванавіча Санюкевіча падчас аварыі на лінкоры “Наварасійск”. 8 верасня 1967 года подзвіг на баявым пасту на першай атамнай падводнай лодцы “Ленінскі камсамол” разам са сваімі саслужыўцамі здзейсніў Уладзімір Мікалаевіч Ярашэвіч…

 

 

– Мы пастаянна стараемся пашырыць экспазіцыі, цікавімся чымсці новым, – расказвае Ірына Здзіславаўна. – Сёлета пачалі збіраць нумары газет мінулых гадоў. Ужо ёсць копіі першых пасляваенных нумароў некаторых выданняў. Папоўнілі нашу калекцыю швейцарская газета 14 лістапада 1926 года, копія газеты “Праўда” 1912 года, “Деревенское хозяйство” ад 5 жніўня 1915 года, “Колхозная правда” 1956 года і іншыя. Гады два таму ў нашым музеі пачалі з’яўляцца розныя лялькі. Спачатку дзіцячую экспазіцыю складалі розныя цацкі нашых продкаў: дудкі, свісцёлкі з керамікі, лялькі з саломы і іншыя. А цяпер у музеі ёсць лялькі-спавівашкі, лялькі-траўніцы, лялькі-ліхаманкі і ў кожнай – сваё прызначэнне.

 

А яшчэ ў музеі створаны ўнікальны этнаграфічны куточак – сапраўдны макет сялянскай хаткі. Тут кросны, калаўрот, печка, лавы, рэшаты, качэргі, трыногі, ночвы і самыя розныя іншыя сялянскія прылады.
– Адразу мы нават не ведалі прызначэнне некаторых прылад, – гаворыць Ірына Здзіславаўна. – Напрыклад, аказалася, што буч – рыбалоўная прылада, склюд – сякера для абчэсвання бярвенняў пры будоўлі дома.
Першыя памочнікі ў Ірыны Здзіславаўны – рабяты-экскурсаводы. Кацярына Пенталь і Вераніка Грыневіч раскажуць шмат цікавага пра лялькі. Улад Строчка – знаўца гісторыі і архітэктуры Мураванкаўскай царквы-крэпасці. Пяцікласнікі цікава і падрабязна ў вершаванай форме і абавязкова на беларускай мове пазнаёмяць з прыладамі і рэчамі нашых продкаў.

 

У гістарычным музеі Скрыбаўскага дз/с-СШ ёсць і Кніга ганаровых наведвальнікаў. За ўсе гады там сабралася мноства прыемных водгукаў пра музей і шчырых пажаданняў. Хто тут толькі не пабываў! Не так даўно сюды завітаў нават госць з Францыі Жануі, які спрабаваў адшукаць там свае карані: па некаторых звестках яго прадзядуля быў родам з Зенеўцаў. Жануі з вялікай цікавасцю паслухаў экскурсію, якую для яго арганізавалі педагогі і вучні школы.

 

 

Многа цікавага даведалася і я з расказаў Ірыны Здзіславаўны. І ўсім раю: калі вы цікавіцеся гісторыяй роднага краю, наведайце музей. Не пашкадуеце!

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!