Перамога ў нашых сэрцах. У Шчучыне прайшоў мітынг у гонар 75-й гадавіны Вялікай Перамогі

75 год Вялікай Перамогі… Незаменнымі стратамі і разбурэннямі, смуткам па скатаванай агнём і металам роднай зямлі былі напоўнены 1418 дзён і начэй Вялікай Айчыннай вайны. І нарэшце, вясновым днём 9 мая 1945 года, ва ўсіх кутках краіны радаснай весткай прагучала доўгачаканае слова: Перамога!". З таго памятнага мая мінулі дзесяцігоддзі, выраслі цэлыя пакаленні. Сумленне і абавязак перад загінуўшымі і перажыўшымі вайну ніколі не дазволяць нам забыць гэты гераічна-трагічны перыяд.

 

У святочны дзень кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны і працы, Узброеных Сіл, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый сабралася каля помніка загінуўшым воінам у гарадскім скверы, каб аддаць даніну мужнасці тым, хто набліжаў вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

 

 

75 дзён таму назад, на гэтым месцы стартавала раённая акцыя “Агонь Памяці”, у якой прынялі ўдзел установы адукацыі раёна, маладыя спецыялісты і працоўная моладзь, раённы камітэт ГА “БРСМ”. 33 лампады былі запалены ад Вечнага агню і развезены па памятных месцах, дзе пахаваны героі Вялікай Айчыннай вайны і ахвяры вераломнасці нямецка-фашысцкіх акупантаў. 9 мая “Агонь Памяці” зноў вярнуўся ў Шчучын і яго ўстанавілі ля “Агню Перамогі”, які сімвалізуе вечную памяць аб вялікім подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Права для гэтай ганаровай місіі было прадастаўлена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, працаўніцы тылу Веры Рыгораўне Маславай і першаму сакратару Шчучынскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Вікторыі Куцэйка.

 

 

 

Аб тым, што значыць для нас Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якой цаной яна дасталася, як ганарыцца беларускі народ сваёй слаўнай гісторыяй расказаў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Аляксей Валянцінавіч Садоўскі.

 

 

 

-- Сёння спаўняецца 75 год з дня Вялікай Перамогі. Гэта дата гонару і глыбокай удзячнасці старэйшаму пакаленню, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Айчыны, пазбавіў свет ад фашызму. Дата светлай памяці аб мільёнах людзей, якія аддалі сваё жыццё ў імя будучыні. Восьмае дзесяцігоддзе беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Магчымасць дыхаць свабодай, гадаваць дзяцей і радавацца кожнаму новаму дню даў нам ратны подзвіг нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. З году ў год, прыходзячы да гэтага Вечнага агню, мы ўсё больш востра ўсведамляем, што гэта была не проста ваенная перамога ў эпахальнай вайне. Гэта была Перамога, якая даказала, што ў барацьбе за свабоду, за сваю Радзіму самыя звычайныя людзі здольны станавіцца героямі, вяршыцелямі гісторыі, не даць магчымасці ператварыць свет у адзін ўсеагульны “Асвенцым”. Нізкі паклон вам, ветэраны, за тое, што вы зрабілі для краіны і ўсяго чалавецтва. Міру і дабрабыту вам, землякі!, -- адзначыў Аляксей Валянцінавіч.

 

 

 

Да прысутных звярнуўся ваенны камісар Шчучынскага раёна, падпалкоўнік Уладзімір Яўгенавіч Чайко: “Дзень Перамогі - адно з самых значных свят у нашай краіне. Мы шануем памяць пра герояў, якія на досвітку 22 чэрвеня 1941 года прынялі свой першы бой і, не выпусціўшы з рук зброі, загінулі на занятым рубяжы. Дзясяткі тысяч беларусаў ваявалі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Наш абавязак - памятаць пра загінуўшых і праяўляць нястомны клопат пра ветэранаў, берагчы мір, быць годнымі грамадзянамі нашай краіны, не дапусціць новых трагедый і пазбавіць будучыя пакаленні ад пагроз міру і бяспекі, з гонарам несці сцяг Вялікай Перамогі і захоўваць гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну”.

 

 

 

Беларусь заплаціла неймаверную цану - жыццё кожнага трэцяга свайго жыхара. Вайна пакінула страшны след практычна ў кожным доме, горыч страт не абышло ні адну сям'ю. Многія шчучынцы склалі галовы і знайшлі апошні прытулак удалечыні ад родных мясцін. На шчучынскай зямлі пахавана больш за сем з паловай тысяч прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Імёны герояў і значныя падзеі той далёкай вайны ўвекавечаны ў помніках славы ...

 

 

 

У гэты дзень словы бясконцай падзякі гучалі ў адрас тых, хто падарыў нам гэтае свята, мірную вясну 1945 года. Ля Вечнага агню ўспомнілі тых, хто заплаціў дарагую цану за дзень сённяшні, і ўшанавалі памяць абаронцаў хвілінай маўчання.

 

 

Залпы салюту. Да падножжа савецкага салдата ўскладаюцца вянкі і букеты жывых кветак... Даніна ўдзячнасці ад усіх нас і кожнага паасобку. Даніна памяці тым, хто ўжо ніколі не ўстане з поля боя, хто аддаў сваё жыццё дзеля жыцця будучых пакаленняў. Дата 9 Мая была, ёсць і будзе самай святой, урачыстай і незабыўнай у жыцці нашых землякоў, як і ўсяго беларускага народа.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Ганны КАСПЕР і Сяргея МАТУКЕВІЧА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!