“Не ўяўляем жыццё без “Дзянніцы”

Пяцьдзясят восьмы год, як яны побач, а з газетай разам – і таго болей!

 

– Я пачынаў чытаць раёнку яшчэ пад назвай “Чырвоны Сцяг”, потым –“Савецкая вёска”, а з 90-х гадоў – “Дзянніца”. І ў кожны перыяд выданне адпавядала свайму часу, – гаворыць Вацлаў Станіслававіч Кажанеўскі.

 

– І мае бацькі выпісвалі раёнку, пачынаючы з пасляваенных гадоў. Жылі вельмі сціпла, але рубель, каб падпісацца на любімую газету, заўсёды знаходзілі, – працягвае размову Данута Адольфаўна. – Я памятаю гэту газетку зусім танюсенькай, у лепшым выпадку з адзіным фотаздымкам на паласе, а то і ўвогуле з суцэльным тэкстам. А цяпер так удзячна за прыгожае ілюстраванне старонак у нашай “Дзянніцы”, за фотарэпартажы, дзякуючы якім нібыта сам прысутнічаеш на той ці іншай падзеі. Бачым на здымках знаёмых, пазнаём нават тых, з кім даўно не сустракаліся. Добрую справу робіце вы, журналісты.

 

Як жа прыемна было чуць гэтыя шчырыя словы простых людзей – нашых адданых чытачоў! У доме №140 па вуліцы Леніна шчучынцы Кажанеўскія мяне сустрэлі надзвычай гасцінна. “Жывая” вінаградная альтанка, здаецца, без слоў запрашала прысесці, нетаропка пагутарыць. А суразмоўцамі гэтыя двое аказаліся вельмі цікавымі.

 

У маладосці Вацлаў Станіслававіч адразу пасля армейскай службы застаўся на звыштэрміновую, за добрасумленнасць і адданасць вайсковай справе яго імя занесена ў Кнігу гонару роднай часці. У цывільным жыцці таксама, што называецца, знайшоў сябе: доўгі час працаваў вадзіцелем у аўтабазе №6.

 

– Пажаніліся мы ў 1964 годзе, з таго часу – у гэтым доме, які ад бабулі мужу застаўся ў спадчыну, – дзеліцца Данута Адольфаўна. – А я з бацькамі жыла па 17 Верасня і нядаўна ў “Дзянніцы” з задавальненнем прачытала ўспаміны сённяшніх жыхароў пра гісторыю сваёй вуліцы. Усё перад вачыма зноўку паўстала: і нашы дружныя густанаселеныя двары, і суседская ўзаемавыручка. Памятаю, як мама ўсім бежанцам дапамагала, што ратаваліся ад пасляваеннага голаду і рассяляліся ў тамтэйшых камуналках. Гродзеншчына лічылася больш “хлебнай ды бульбяной”. Вельмі шмат пра многія шчымлівыя лёсы магу вам расказаць. А гэта вуліца – Леніна, куды мы маладажонамі прыйшлі жыць, – была таксама з багатай гісторыяй і надзвычай прыгожай. Па вясне ўсе жыхары (тады маладыя і згуртаваныя!) у адначассе і на адзіны манер бялілі платы і ствалы садовых дрэў – аж святлела наўкола! А як хораша цвілі вішні, працягваючы белапенныя галінкі прама на вытаптаную пешаходную сцежку. Пра тратуары тады нават размова не вялася.

 

Данута Адольфаўна з захапленнем распавядае пра сваю любімую работу ў раённым вузле сувязі.
– Я там з 1959 года працавала – амаль сорак год. І толькі адзін запіс аб прафесіі ў маёй працоўнай кніжцы – “тэлеграфіст”. Запомнілася, як праводзілі ў раёне тэлефанізацыю, як прэстыжна было ўстанавіць у кватэры тэлефон. Бо спачатку на ўвесь Шчучын толькі дзесяць тэлефонаў было – у кабінетах кіраўнікоў вядучых арганізацый!

 

Прыходзілася хадзіць па прадпрыемствах і растлумачваць людзям сутнасць такой паслугі, як тэлеграмы. Калі стаў актыўна будавацца завод “Аўтапровад” і ў Шчучын з усяго Савецкага Саюза ў камандзіроўкі прыязджалі спецыялісты, вось тады тэлеграмы пайшлі ў ход. Службовай машыны ў тэлеграфістаў не было, і трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб аператыўна перадаць тэкст тэлеграмы ў маленькую вёсачку. Аднойчы нават на кватэру да святара патэлефанавала з просьбай перадаць аднавяскоўцам аб трагічным паведамленні. Добра, што людзі найчасцей з разуменнем ставіліся да нашай работы і чулымі былі да іншых.
Д.А. Кажанеўская настальгічна ўспамінала, якім неверагодна дружным быў працоўны калектыў сувязістаў, як масава, разам з сем’ямі яны выязджалі на адпачынак на Нёман, хадзілі гуртам у гарнізонны Дом афіцэраў на канцэрты, бо туды прыязджалі выступаць “зоркі” эстрады саюзнага маштабу.

 

– А наша раённая газета і ў тыя часы расказвала на сваіх старонках пра ўсе падзеі, і зараз інфармуе чытачоў. Вось мы даведаемся з “Дзянніцы”, што новы магазін адкрыўся, і імкнёмся са Станіслававічам наведаць, – усміхаецца Данута Адольфаўна.

 

Седзячы з дабрадушнай Муркай на руках, супружная пара дзеліцца са мной сваімі сакрэтамі моцнай сям’і, асноўны з якіх заснаваны на прынцыпе: “Ніколі не рубі з пляча, май вытрымку!” Кажанеўскія выхавалі дзвюх дачок і сына, радуюцца поспехам семярых унукаў і… дзівяцца з праўнукаў – маленькіх, але такіх развітых “вундэркіндаў” з гаджэтамі. Ці будуць яны чытаць нашу газету, калі вырастуць? Дакладна будуць! Хутчэй

за ўсё ў электроннай версіі, але будуць. Бо свае мясцовыя навіны актуальнымі застануцца ва ўсе часы.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!