І.Ф. Кімашэўскі: “Гляджу на дагледжаныя  палеткі, і душа радуецца!” 

ААТ “Васілішкі” штогод займае лідзіруючыя пазіцыі сярод гаспадарак Шчучыншчыны. У гэтым вялікая заслуга начальніка вытворчасці раслінаводчай прадукцыі гэтага сельгаспрадпрыемства Івана Феліксавіча Кімашэўскага, які за свае высокія працоўныя дасягненні сёлета прызнаны “Чалавекам года Гродзеншчыны”.
– Стаць хлебаробам марыў з дзяцінства, – прызнаецца Іван Феліксавіч. – Сам тутэйшы, з вёскі Кронькі. Бацькі працавалі ў калгасе і трымалі ўласную гаспадарку: кароў, свіней, курэй. Я часта “прападаў” з імі на палетках, назіраў, як камбайны ўбіраюць спелыя, налітыя золатам каласы, і ўяўляў, што калі-небудзь і сам буду вырошчваць хлеб.

 

 

Не дзіва, што пасля заканчэння школы наш герой падаў дакументы ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, куды і быў залічаны. Прадметы даваліся юнаку лёгка, таму вучыўся на выдатна. Пасля атрымання дыплома вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на працу загадчыкам вытворчага ўчастка ў калгас імя Суворава.

 

– Тады ўсе трактары былі на гусеніцах, не тое што зараз, – успамінае Іван Феліксавіч Кімашэўскі. – Таму заехаць у поле ранняй вясной было няпростай задачай. Аднак час не стаіць на месцы, і на змену маральна састарэлай тэхніцы прыйшла новая, энерганасычаная. Сёння айчынны “жалезны волат”  МТЗ-3522 выконвае шырокі спектр работ і адзін працуе за чацвярых. 

 

У 2002 годзе ў выніку рэарганізацыі гаспадаркі і аптымізацыі земляў было ўтворана ААТ “Васілішкі”, якое стала нашчадкам закладзеных добрых працоўных традыцый. І па сённяшні дзень добрасумленна працуе ў роднай гаспадарцы І.Ф. Кімашэўскі. І хоць займае высокую пасаду, застаць у кабінеце Івана Феліксавіча амаль немагчыма. 

 

– Наша гаспадарка – самая вялікая ў раёне, – зазначае наш герой. – У нас налічваецца 23000 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 15400 гектараў раллі. Апрацоўваць такія абшары няпроста: за дзень праязджаю да 300 кіламетраў, каб пераканацца, што ўсе работы вядуцца якасна.

 

 

насці Івана Фелікса­віча з’яўляюцца павышэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці зерневых, укараненне новых сартоў сельскагаспадарчых культур, надзейнае і якаснае захоўванне прадукцыі раслінаводства. І ён выдатна спраўляецца з пастаўленымі задачамі і за гады плённай працы зарэкамендаваў сябе таленавітым арганізатарам, ініцыятыўным спецыялістам, які валодае глыбокімі ведамі і багатым практычным вопытам у раслінаводчай галіне. Ён умела кіруе агранамічнай службай ААТ “Васілішкі”.

 

– Улічваючы засушлівасць апошніх гадоў, сёлета мы павялічылі пасевы азімых культур, якія ў параўнанні з яравымі характарызуюцца большай ураджайнасцю, на 500 гектараў, – гаворыць Іван Феліксавіч. – Цяпер яны займаюць у гаспадарцы плошчу 5100 гектараў, і з кожнага мы плануем атрымаць больш за 50 цэнтнераў зерня. Для гэтага ўнеслі згодна з распрацаванымі тэхналогіямі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў і правялі адпаведныя апрацоўкі пасеваў. Безумоўна, гэта патрабуе істотных фінансавых укладанняў, але толькі так можна дабіцца высокай ураджайнасці. 

 

І.Ф. Кімашэўскі перакананы, што сёлета ў гаспадарцы атрымаюць не менш за 4500 тон масланасення рапсу, 30000 тон цукровых буракоў, 6000 тон бульбы і прыкладна 2000 тон гародніны. Акрамя таго, васілішкаўскія аграрыі правядуць тры ўкосы і нарыхтуюць 67000 тон сенажу і 76000 сіласу, каб забяспечыць якаснымі кармамі 18000 галоў буйной рагатай жывёлы і 67000 галоў свіней.

 

– Адкуль такая ўпэўненасць? – пытаюся я.

 

– Зладжаная каманда прафе­сіяналаў – залог поспеху любой справы, – лічыць Іван Феліксавіч. – Калектыў гаспадаркі ўзначальвае таленавіты і вопытны кіраўнік Уладзімір Часлававіч Серахан. Побач працуюць вельмі адказныя і добрасумленныя людзі. Бездакорна выконваюць свае абавязкі галоўны аграном Дзяніс Іванавіч Комар, спецыяліст па ахове раслін Альфрэд Канстанцінавіч Русіновіч, аграхімік Іна Іванаўна Паўлюкевіч, насеннявод Вікторыя Раманаўна Кулеш. І гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць. Усе мы не перастаём паглыбляць і ўдасканальваць свае веды: чытаем шмат спецыялізаванай літаратуры, “штурмуем” інтэрнэт, пераймаем каштоўны вопыт у перадавых гаспадарак краіны. І ўсё гэта для таго, каб родная гаспадарка квітнела і развівалася.

 

Між іншым, мне не раз прапаноўвалі перайсці працаваць у другія сельгаспрадпрыемствы Гродзеншчыны, але я так і не змог пакінуць малую радзіму, да якой прыкіпеў усім сэрцам. Усё так жа, як і трыццаць гадоў таму, з агеньчыкам у вачах спяшаюся на працу і калі гляджу на дагледжаныя палеткі, то душа радуецца!

 

Іван Феліксавіч Кімашэўскі прымае актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці раёна: з’яўляецца дэпутатам Васілішкаўскага сельскага Савета дэпутатаў і карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам сярод  сяльчан. А дома яго з нецярпеннем чакаюць любімая жонка Ірына Генрыхаўна і малодшая дачка Яна. Дзве старэйшыя дачкі - Вольга і Юлія - ужо пакінулі “бацькоўскае гняздо” і занялі дастойнае месца ў грамадстве.

 

 – Я жыву сваёй прафесіяй, – заключае Іван Феліксавіч. – На прысядзібным участку плошчай 30 сотак вырошчваю бульбу, капусту і іншую гародніну, даглядаю сад. Таксама трымаю курэй. Як за ўсім паспяваю? Калі любіш працаваць на зямлі, то з усім справішся. Гэта вам пацвердзіць кожны дбайны гаспадар!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!