Наш праект "Фамільная каштоўнасць". Сёння мы пазнаёмімся са шчучынцамі, якія носяць “смачныя” прозвішчы

Сёння мы пазнаёмімся са шчучынцамі, якія носяць, так бы мовіць, “смачныя” прозвішчы. Даведаемся, чым яны займаюцца, як сябе пачуваюць, якія адценні – “салодкія” ці “горкія” – пераважаюць у іх жыцці і справах.

“Жыццё маё не заўсёды ішло як па масле”
Так сцвярджае мая суразмоўца – жыхарка Шчучына Вера Рыгораўна Маслава. Стойкай і жыццелюбівай жанчыне – 87. І гэта той выпадак, калі ўзрост над чалавекам улады не мае. Гаваркая, добразычлівая, таварыская – яна заўжды гатова для шчырай размовы. 
Вера Рыгораўна – ураджэнка сяла Тойкіна, што ў Пермскай вобласці. Яе памяць і сёння ўтрымлівае ўсё да драбніц – і светлае, і цёмнае.
– У школу хадзіла ў лапцях і калошах, дрэнна апранутая. Спазнала голад і нястачу. А вучылася добра. Як выдатніцы мне выдзелілі матэрыі на сукенку. Да гэтай пары памятаю яе колер – жоўты ў чорную клетачку, – дзеліцца мая субяседніца.


Чорным пэндзлем прайшлася па жыцці вайна. На фронце было складана, у тыле не лягчэй. З 1942 па 1945 год Вера працавала жывёлаводам у калгасе: разам з сястрой пасвіла грамадскую жывёлу. Было не соладка. Здаралася, на ўвесь дзень юныя худзенькія работніцы дзялілі бутэльку малака і ляпёшку, прыгатаваную мамай з дабаўленнем... лісця.
Пасля заканчэння 7 класаў яна паехала ў Перм: працавала ў бактэрыялагічным інстытуце выдзімальшчыцай шкляных ампул, жыла па чужых людзях. Потым быў Балтыйск, дзе ўладкавалася сястрой-гаспадыняй у шпіталь. У гэтым горадзе і сустрэла свайго будучага мужа Уладзіміра Васільевіча Маслава – кадравага ваеннага. “Харошы чалавек, – з цеплынёй успамінае жанчына спадарожніка жыцця. – Дрэннага слова не сказаў, ніколі не пакрыўдзіў. Супакойваў мяне: “Што ёсць, тое папалам і падзелім”. У сям’і нарадзіліся два сыны і дачка. Дарэчы, менавіта дачка Наталля дзесяць год таму забрала Веру Рыгораўну да сябе – у Шчучын, які калісьці стаў прычалам і для яе сям’і. “Не едзь, там іншыя грашовыя купюры, будзе нязвыкла”, – перасцерагалі знаёмыя. Не паслухала і не шкадуе: з новымі купюрамі разабралася, да жыцця ў гарадку прызвычаілася, з мясцовымі людзьмі паладзіла. 
Са светлым сумам успамінае яна сына Жэню, які заўчасна завяршыў свой зямны шлях. З цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць пра сына Славу: ён жыве ў Маскве, але стараецца наведаць матулю напярэдадні Дня Перамогі.
Нядаўна Вера Рыгораўна Маслава вярнулася з Бараўлян, дзе папраўляла здароўе ў шпіталі для ветэранаў і інвалідаў вайны. Кажа, самаадчуванне і настрой палепшыліся. Прызнаецца, што асаблівых кулінарных схільнасцей не мае: “Усё ем, і сметанковае масла таксама. Люблю кашу з малачком”. 
На развітанне я пажадала Веры Рыгораўне здароўя і даўгалецця. Не памылюся, калі скажу, што таго ж зычаць ветэрану, працаўніцы тылу, яе дзеці, шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. 
Гонар сям’і – дзеці
Першым рабочым месцам Галі Папянюк – дзяўчыны з суседняй Мастоўшчыны, выпускніцы Слонімскага медвучылішча – стаў фельчарска-акушэрскі пункт у Дамаўцах, што ў Мажэйкаўскім сельсавеце. Неяк жыхар Шчучына ветурач Іван Кулеш, які прыехаў у вёску па справах, зазірнуў у гэту ўстанову на хвілінку – набыць медпрэпараты. І не захацеў больш расставацца з сімпатычнай фельчаркай. Тое выпадковае знаёмства стала лёсавызначальным.
Сёння Галіна Паўлаўна лічыць, што менавіта дзеці – самае вялікае багацце, якое яны з мужам Іванам Іванавічам нажылі разам, і іх гонар. 
Дачка Вераніка з залатым медалём скончыла СШ №3 г. Шчучына. Сярод сямейных рэліквій захоўваецца Пасведчанне аб узнагароджанні яе стыпендыяй імя А.І. Дубко – за выдатныя поспехі ў вучэбнай, творчай і грамадскай дзейнасці. Яшчэ адзін алімп Веранікі ў школьныя гады – першае месца на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Тады ж дзяўчына стала стыпендыяткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Потым была вучоба ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. І гэту адукацыйную вышыню студэнтка Кулеш пакарыла з выдатнымі вынікамі: зноў атрымала стыпендыю ўсё таго ж Прэзідэнцкага фонду. Цяпер дачку паважліва называюць Веранікай Іванаўнай. Яна – урач-інфекцыяніст адной са сталічных паліклінік.
– У маму ўдалася, – з усмешкай зазначае Галіна Паўлаўна, – такая ж адказная і старанная. Некалі і я скончыла медвучылішча з чырвоным дыпломам. Прызнацца, крыху шкадую, што не пайшла вучыцца далей. Бо медыцыну вельмі люблю.
Белы халат вельмі пасуе гэтай добразычлівай і сімпатычнай жанчыне. Для яе – гэта самы прыгожы на свеце ўбор, які на плячах ужо больш за трыццаць год. Увесь час Паўлаўна захоўвае вернасць шчучынскай медыцыне. Цяпер працуе медсястрой на сельскім участку ў раённай паліклініцы.
Гонар бацькоў і сын Павел. Гэта мэтанакіраваны і сур’ёзны малады чалавек. Прадаўжальнік роду скончыў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы: атрымаў дыпломы псіхолага і банкіра. Здольнага спецыяліста заўважылі і запрасілі на працу ў абласное ўпраўленне “Белаграпрамбанка”. 
“Ці ведаеце, што абазначае ваша “смачнае” прозвішча?” – цікаўлюся ў суразмоўцы. “Канешне, – адказвае яна. – Кулеш – гэта вадкая каша, якая гатуецца з проса і з разнастайнымі дабаўкамі. Найбольш любім кашы мы з Веранікай”.
Што датычыць характараў малодшых і старэйшых членаў сям’і Кулеш, то паралелі з ежай, з якой сугучнае іх прозвішча, каб і хацеў, не правядзеш. У бацькоў і дзяцей ёсць той стрыжань, які не дазваляе “расцякацца”, ідучы па жыццёвай дарозе. “Хіба што мой Іван Іванавіч часам “закіпіць”, бо ён у нас халерык па тэмпераменце, – жартуе Галіна Паўлаўна. – І то ненадоўга. Тушу гэты “агонь” сваёй любоўю. А ўвогуле ў нас добрая сям’я. Адзін аднаго беражом і заўжды падтрымліваем”.
Гэта прозвішча яшчэ загучыць!
Не прозвішча, а сапраўды “смачная” фамільная спадчына і ў членаў яшчэ адной шчучынскай сям’і – Ліліі Іванаўны і Пятра Яраслававіча Варэнік. “Цудоўна жывецца з гэтым прозвішчам! – зазначае жонка. – Неяк паехалі адпачываць ва Украіну, і там нас адразу прызналі за сваіх”. Сапраўды, у краіне-суседцы іх цёзак па прозвішчы – на кожным кроку. Там і народнае выслоўе ёсць: ”Так-сяк варэнічак, ды ўсё ж лепшы за галушкі”. Беларусы-землякі таксама спрыяльна ставяцца да прозвішча.
“Варэнікі ў нашай сям’і фамільнай стравай не з’яўляюцца”, – адразу ж строга папярэджвае мяне Пётр Яраслававіч Варэнік. Маўляў, не трэба тут роспытаў з харчовым падтэкстам. А жонка прызнаецца: “Мае мужчыны смачна паесці, канешне, ахвотнікі, але ім усё больш бліны, дранікі з мачанкай падавай...”.
Мужчынскае крыло ў гэтай сям’і – муж і сын. “Надзейнае маё плячо”, – лічыць Лілія Іванаўна. Гаспадар дома 20 год працуе вадзіцелем на прыватным прадпрыемстве “Вектар”. На маё пытанне: “Работа падабаецца?” вопытны кіроўца адказвае: “Канешне. Інакш я столькі год тут не затрымаўся б!”. І распавядае, што дарога – яго стыхія, што на “МАЗе” аб’ездзіў многія гарады, а цяпер найчасцей бярэ курс на сталіцу.
Пятру Яраслававічу ўласціва пачуццё справядлівасці. У размове мужчына прыгадаў, як некалі разам з землякамі дабіваўся, каб у прыгарадную вёску хадзіў маршрутны аўтобус. Хаця, як мне падалося, ён з тых людзей, якія разумеюць, што пошукі праўды – гэта не эмоцыі, а найперш узважаны падыход. А яшчэ ён сціплы і нават крыху “сакрэтны”. “Мы – звычайная сям’я. Нічога цікавага ў маім жыцці не адбывалася”, – паспрабаваў адбіцца ад маіх пытанняў. Але праз некалькі хвілін ўсё ж “здаўся”. Расказаў пра сябе і блізкіх. І аб тым, што неяк цікавіўся сваёй радаслоўнай. Але глыбока капнуць, каб даведацца, адкуль на Шчучыншчыне з’явіліся Варэнікі, не атрымалася. Справа ў тым, што бацька Пятра быў перадапошнім дзіцём у мнагадзетнай сям’і, дзе розніца ва ўзросце паміж сынамі і дочкамі была вялікая. І яго сыну, калі падрос, распытваць пра дзядоў і прадзедаў, па-сутнасці, ўжо не было ў каго... 
Цяпер Пётр Яраслававіч з сям’ёй часта наведваецца ў Янчукі, дзе цэнтрам прыцяжэння для яго сям’і і сем’яў сясцёр Алены і Святланы застаецца матуля Зофія Ігнацьеўна. Па словах яе родных, добрая гаспадыня, душэўны чалавек і да працы на зямлі ахвотная. “Я таксама люблю на агародзе папрацаваць”, – заўважае мужчына.
Юны прадаўжальнік роду з “апетытным” на слых прозвішчам – Уладзіслаў. Хлопчык вучыцца ў гімназіі г. Шчучына. “Выдатнік! – не без падстаў ганарыцца сынам матуля. – Асабліва добра даецца яму матэматыка. Увогуле, ён у нас актыўны, з розна­баковымі інтарэсамі”. А гэта значыць, прозвішча Варэнік яшчэ загучыць! Сама Лілія Іванаўна таксама мае справу па душы: яна – вядучы эканаміст па аплаце працы ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”. І з радасцю выконвае сваю галоўную місію – быць добрай жонкай і матуляй, бо, па яе прызнанні, сваіх мужчын яна вельмі любіць, цэніць і ганарыцца імі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!