У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне прайшоў традыцыйны калядны турнір па міні-футболе

У спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне прайшоў традыцыйны калядны турнір па міні-футболе сярод рабят 2007-2008 гадоў нараджэння на прызы ТАА “Праймілк”. За чэмпіёнскі тытул змагаліся футбольныя зборныя Шчучынскага, Гродзенскага, Лідскага і Мастоўскага раёнаў.

Выхаванцы ДЮСШ г. Шчучына сыгралі ўнічыю – 1:1 – з сапернікамі з Мастоў і разграмілі каманду “Алімпія” з Гродна з лікам 4:1. У фінале нашы футбалісты ўпэўнена перамаглі апанентаў з Ліды і сталі пераможцамі турніру. Прызёры былі ўзнагароджаны Кубкамі і салодкімі падарункамі ад завода “Праймілк”. Лепшым іграком шчучынскай зборнай прызнаны абаронца Кірыл Налівайка і адзначаны асабістым медалём.
– Раней я займаўся лёгкай атлетыкай, – гаворыць Кірыл Налівайка. – На адной з трэніровак мяне заўважыў трэнер Анатолій Віктаравіч Пашук і прапанаваў наведваць футбольную секцыю. Я згадзіўся, і маё захапленне футболам працягваецца і па сённяшні дзень. Больш падабаецца гуляць на пазіцыі абаронцы. Але гэта не перашкаджае мне атакаваць. Да прыкладу, на сённяшнім турніры забіў два галы.

к
Удзельнікаў спаборніцтваў павіншавалі з чарговымі перамогамі дырэктар ТАА “Праймілк” Анатолій Станіслававіч Бяляўскі і яго намеснік Юрый Вікенцьевіч Будрэвіч.
– Здорава, што вы падтрымалі нашу ініцыятыву і сабраліся разам, каб згуляць у футбол, – зазначыў Анатолій Станіслававіч. – Такім чынам прысвяцілі яшчэ адзін дзень свайму здароўю. Мы абавязкова прадоўжым арганізоўваць такія спаборніцтвы ў будучым. Упэўнены, гэта добрая традыцыя прыжывецца на шчучынскай зямлі! 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!