На Шчучыншчыну – за перадавым вопытам

На базе Шчучынскага і Гродзенскага раёнаў прайшоў абласны семінар-нарада з удзелам кіраўнікоў гаспадарак Гродзеншчыны, якія працуюць на сваіх пасадах менш за два гады. Арганізаваны ён быў па ініцыятыве першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івана Алейзавіча Жука з мэтай вывучэння перадавога вопыту ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Першым пунктам на маршруце стала СВК “Абухава”. Затым удзельнікі  мерапрыемства прыехалі ў ААТ “Дэмбрава”, дзе на цэнтральным мехдвары іх сустрэў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Віктаравіч Туля.

-- У нашай гаспадарцы налічваецца 73 трактары, з якіх 8 – энерганасычаныя, -- гаворыць А.В. Туля. – У “баявой” гатоўнасці 30 аўтамабіляў, у тым ліку 10 МАЗаў з прычэпамі. Зернеўборачны парк прадстаўлены 15 камбайнамі як замежнай, так і айчыннай вытворчасці. Таксама ў наяўнасці 6 адзінак кормаўборачнай тэхнікі. Каб аўтапарк быў як след дагледжаны і абслужаны, на мехмайстэрні працуюць аўтаслесар, токар, матарыст і іншыя спецыялісты. У нас закуплены ўсе неабходныя станкі і інструменты, каб самастойна рамантаваць тэхніку. Толькі за апошнія паўтара гады мы перабралі 15 рухавікоў. І калі ў розных сэрвісах гэтая паслуга каштуе 5-7 тысяч рублёў, то ў нас яна абходзіцца прыкладна ў 2,5 тысячы. Працуем аператыўна: рамонт займае максімум тры дні, аднак у асноўным вяртаем “жалезных коней” на лінію значна раней.

Удзельнікі семінара-нарады заглянулі ў гаражы, прайшлі на бытавых памяшканнях і былі вельмі ўражаны чысцінёй і парадкам, якія панавалі навокал.

Затым ўсе селі ў аўтобус і пераехалі на малочнатаварную ферму “Рыча”, дзе амаль завершана рэканструкцыя.

-- Мы спецыялізуемся на вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, -- зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава” А.В. Туля. – У гаспадарцы налічваецца амаль 12 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 2520 – гэта дойны статак. Жывёла размеркавана па трох малочнатаварных комплексах. Два з іх – гэта тыповыя “777”, а трэці – былая ферма “Рыча”, якая ўжо ў жніўні запрацуе на поўную магутнасць. Тут будуць утрымлівацца 610 рагуль.

Падчас экскурсіі па ферме ўдзельнікі семінара-нарады задавалі шматлікія пытанні, якія тычыліся не толькі надояў і якасці малака, але і шляхоў зніжэння выдаткаў пры правядзенні будаўнічых работ.

Потым госці перамясціліся ў Шчучын, дзе наведалі Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства. Вучоныя арганізавалі выезд на эксперыментальныя палеткі, дзе прадэманстравалі свае апошнія дасягненні ў раслінаводстве.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!