Майстэрства ў спадчыну ад бацькі і дзядулі. Сталяр у трэцім пакаленні Станіслаў Варэнік радуе людзей сваімі вырабамі

Ён адрадзіў сядзібу дзеда ў Янчуках, дзе жыць цяпер – адно задавальненне. А прадзядуліну хаціну, па бярвеньчыках перавезеную з хутара, ператварыў у функцыянальную майстэрню.
Тут пад гул станкоў – і тых, што калісь належалі яго продкам, і набытых не так даўно, а таму здольных на сучасныя тэхналагічныя рашэнні – нараджаюцца ў працавітых руках Станіслава Варэніка не толькі запатрабаваныя ў побыце сталярныя вырабы, а яшчэ і маленькія творы мастацтва – сувеніры, вазачкі для кветак, дэкаратыўны драўляны посуд…
– Гэткая работа для душы. Вось застаецца абрэзачак ад дуба ці асіны, пачаруеш крыху над ім і атрымаецца аўтарскі падарунак жонцы або дачушкам, – усміхаецца Станіслаў Тадэвушавіч. – Насамрэч мне надзвычай цікава тое, чым я займаюся. Шчаслівы, што з задавальненнем кожную раніцу прыступаю да сваёй працы і з не меншым задавальненнем пасля работы вяртаюся дамоў.
Карэнныя жыхары памятаюць, што калісь у гэтым доме жыў адмысловы майстар па дрэве Людвіг Феліксавіч Варэнік – галава вялікага сямейства, дзе гадаваліся дзевяць дзяцей! Па-рознаму склаліся іх лёсы, але адзін з сыноў – Тадэвуш – стаў першакласным сталяром, які прыходзіў на выручку не толькі аднавяскоўцам. Пра ягоныя залатыя рукі ведала ўся акруга, і ў многіх дамах Шчучыншчыны былі ўсталяваны вокны, дзверы, выраблены шафы, дзякуючы плённай працы Тадэвуша Людвікавіча.
У сваю чаргу і гэты адмысловы сталяр перадаў сваё майстэрства ў спадчыну сыну Станіславу, з якім мы з задавальненнем пазнаёміліся самі і знаёмім вас.
– Пасля школы пайшоў па слядах бацькі. Да ягонай навукі дадаў яшчэ і веды, атрыманыя ў вучылішчы, дзе набыў спецыяльнасць сталяра-станочніка, – узгадвае Станіслаў Тадэвушавіч. – Хоць і вучыўся ў Гродне, а вытворчую практыку праходзіў у Шчучыне, у колішняй МПМК-166. Гэта быў добры вопыт.
Пасля службы ў арміі малады чалавек вярнуўся на малую радзіму, уладкаваўся на працу ў мясцовую гаспадарку, неўзабаве стварыў сям’ю. Калі ў краіне стала развівацца прадпрымальніцтва, таксама вырашыў праявіць дзелавую ініцыятыву. Атрымалася! Сёння С.Т. Варэнік, сталяр у трэцім пакаленні, працуе як рамеснік. Да кожнага з заказаў адносіцца з душой і сямейную марку стараецца трымаць высока. Каб, здаецца, былі жывыя дзед з бацькам, не было б перад імі сорамна.
Менавіта за якасць вырабаў цэняць Станіслава Тадэвушавіча і кліенты. Да таго ж гэта проста ўніверсальны майстар, які можа гібка пераключыцца на тое, што запатрабавана тут і зараз! Да прыкладу, па вясне людзям даспадобы садовая мэбля – дэкаратыўныя столікі, прыгожыя лавачкі, крэслы-качалкі, арэлі... Для ўзору ў доме майстра стаяць прыгожае драўлянае крэсла, падобнае на трон, інтэр’ерныя падстаўкі для вазонаў, арыгінальныя табурэткі. З цікавасцю майстар займаецца рэстаўрацыяй старадаўняй мэблі, якая зараз у трэндзе як памяць аб сямейных рарытэтах. Даводзілася сталяру-віртуозу з Янчукоў рэстаўраваць, а іншы раз і нанова вырабляць некаторыя культавыя атрыбуты для касцёла святой Тэрэзы Авільскай.
– Гэта сапраўдная асалода, калі ў рэшце рэшт ажыццяўляецца задумка, калі дрэва пяе ў тваіх руках і атрымліваецца рэч, на якую з захапленнем глядзяць, а потым з радасцю карыстаюцца людзі, – прызнаецца напрыканцы размовы наш герой і зноў упэўнена крочыць у майстэрню, дзе лунае аўра яго таленавітых продкаў.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.
