Малы залатнік, ды дарагі

На гэты раз героямі нашага творчага праекта сталі людзі, якія растуць, сталеюць, але так і застаюцца “маленькімі” і “юнымі”. А ўсё з-за каларытных прозвішчаў, якія яны атрымалі ў спадчыну ад дзядоў-прадзедаў, а таксама мужоў, і цяпер ужо самі перадаюць новым прадаўжальнікам роду. Што радуе, гэтыя нашы землякі моцна стаяць на нагах і атрымліваюць задавальненне ад працы на зямлі.

 

Дзе Малышкі ходзяць,там зямля родзіць

 

“Цыбулю саджу, – бадзёрым голасам заяўляе Антаніна Міхайлаўна Малышка, якой я тэлефаную, каб пацікавіцца жыццём-быццём. – І такое задавальненне ад работы атрымліваю! Зямля – гэта энергетыка, гэта жыццё! Для мяне самая прыгожая карціна – калі цвіце бульба”. Сказанае – не надуманыя пафасныя словы, а словы-пачуцці, што ідуць ад душы, яе ўласная філасофія, якая з гадамі мацнее. Антаніна Міхайлаўна ў мінулым педагог з 37-гадовым стажам. Статус пенсіянеркі атрымала датэрмінова, калі назаўсёды зачыніла дзверы Баліцкая БШ, дзе яна працавала намеснікам дырэктара. Зразумела, калі табе крыху за 50 і ты прывык быць у калектыве, у гушчыні падзей, жыць любімай работай, сядзець без справы складана. Міхайлаўна і не збіралася гэта рабіць. Выхад знайшоўся сам.

 

– На той момант мой муж Валодзя ўжо каля 20 год, у вольны ад асноўнай работы час, а працаваў ён на розных прадпрыемствах, сур’ёзна займаўся агародніцтвам. У Балічах і Карпейчыках – на яго і маёй бацькаўшчынах – пабудаваў цяпліцы, а на апусцелай сядзібе, якую купіў, пасадзіў пладовыя дрэўцы. Самастойна асвоіў агратэхніку. Атрыманага ўраджаю і сабе хапала, і на продаж. Занятак стаў яго любімай справай.

 

Агародніцтва патрабуе часу і высілкаў. Таму жонка і раней, завяршыўшы свой рабочы дзень у школе, бегла на падмогу мужу. На градках і ў цяпліцах праходзілі і ўсе выхадныя. А калі для яе школы празвінеў апошні званок, поўнасцю пераключылася на работу на зямлі.

 

Малышкі вырошчвалі бульбу, капусту, памідоры. Выпеставаныя іх рукамі расліны аддзячвалі добрым ураджаем, і тады Уладзімір Валяр’янавіч станавіўся публічнай персонай. Гэтага каларытнага, з гумарам мужчыну ведалі ўсе пастаянныя наведвальнікі малога і вялікага рынкаў у Шчучыне. Капустка – адна ў адну, памідорчыкі яшчэ цёплыя ад прамянёў сонца, ранняя бульбачка з роўненькімі бакамі разыходзіліся хутка. Прадавец ніколі не скупіўся: і накіне штучку-другую, і цану не заломваў. А яшчэ сачыў за якасцю прадукцыі.
– Людзі дзякавалі. І пыталіся, чаму наша бульбачка такая смачная, і чаму яблыкі па-асабліваму пахнуць, – расказвае Антаніна Міхайлаўна. – Сапраўды, у бульбы, вырашчанай у Карпейчыках, асаблівы смак. А ў Балічах растуць надзвычай духмяныя яблыкі. Бо ў нашым садку заўжды парадак – апад сабраны, лісце зграблена, ствалы пабелены… А кожны камячок зямлі перабраны сваімі і нашых дачок рукамі. А яшчэ я абавязкова дзякую зямлі і дрэвам за ўраджай…

 

 Ад нястомнай працы і вынікі. Малышкі маюць дастатак у доме, дапамаглі стаць на ногі дочкам. Гаспадар спраўдзіў сваю мару – набыў новенькае аўто. Суседка, віншуючы з пакупкай, сказала тады: “Рада за цябе. Ты не на падмане, не на перакупах гэтыя грошы зарабіў”. Такія словы грэюць сэрца. Праўда, у апошні час Малышкам давялося аптымізаваць пасадкі і змяніць спецыялізацыю на менш працаёмкую. Бо з узростам не тыя сілы. Да таго ж калодзежы абмялелі. Таму паспрабавалі заняцца авечкагадоўляй. І некалькі сотак адвялі пад клубніцы.

 

З прыходам вясны ў гэтай сям’і новы распарадак дня. Ужо ў сакавіку пасеялі радыску, у першай дэкадзе красавіка пасадзілі ў адкрыты грунт бульбу. Клубні – дымленыя ў скрынях ля печкі, прарошчаныя і клапатліва, каб ніводны лісток не пашкодзіць, высаджаныя ў барозны. Малышкі даўно так робяць. Далей пачнуцца іншыя клопаты. Яны хоць і стамляюць, але дакладна маюць лекавы эфект для цела і душы, зазначаюць муж і жонка. “Нам у кватэры ў Ражанцы няўтульна, – прызнаецца Антаніна Міхайлаўна. – Іншая справа ў вёсцы, на прыродзе. Вось прылегла сёння адпачыць, а ў мяне перад вачамі знаёмы пейзаж – ягняткі ды бульба ў цвеце”.

 

А яшчэ гэтыя людзі, працуючы дзеля ўласнага дабрабыту, умеюць ацаніць і пазітыўныя з’явы ў грамадскім асяродку. “Едучы ў вёску, звяртаю ўвагу на палі мясцовай сельгасгаспадаркі. Сэрца радуецца, калі бачу, як якасна апрацавана глеба, якія дружныя ўсходы ды парадак на зямлі, – дзеліцца А.М. Малышка. – Бо ёсць тут гаспадары, у прыватнасці, загадчык участка Аляксандр Міхайлавіч Мілінкевіч. Вялікі дзякуй за такія адносіны да зямлі-матухны і да нашай малой радзімы”.

 

 

Крупіцы і іх шчасце

 

 

“Поблагодарите день за крупицы счастья, ведь даже в самом плохом дне они есть”, – сказаў хтосьці з вядомых людзей. А з якіх крупінак шчасця складаецца сённяшні дзень жыхаркі Зачэпічаў Анжэлы Генрыхаўны Крупіца, якая дваццаць год носіць гэта “дробнае” прозвішча? Жанчына лічыць, што складнікі яе шчаслівага дня – сям’я і блізкія людзі, дарагая сэрцу вёска, прыгажосць таго месца, дзе стаіць дом, а таксама іншыя простыя рэчы, у акружэнні якіх яна і яе родныя жывуць.

 

Анжэла Генрыхаўна і яе муж Аляксандр Феадосьевіч выхоўваюць траіх дзяцей. Старэйшы сын Андрэй ужо адхіліўся ад дома – вучыцца ў Гродзенскім політэхнічным каледжы на тэхніка-механіка. Дачушка Ксенія – васьмікласніца, а малодшы Ягор – шасцікласнік Орлеўскай школы. Браты Крупіцы – заўзятыя спартсмены. У пашане ў хлопцаў, вядома ж, хакей! Дома ўжо калекцыя ўзнагарод, атрыманых за перамогу ў спаборніцтвах рознага рангу. “Нашы дзеці – наш з мужам гонар! – запэўнівае матуля. – Андрэй займаўся хакеем з пятага класа. Цяпер, праўда, сваю ўвагу скіраваў на вучобу. А Ягорка і з клюшкай добра ўпраўляецца, і футбол любіць, і на цымбалах граць вучыцца. Ксюша таксама спартсменка. А яшчэ заўзятая балельшчыца і добрая гаспадынька: я спакойная, калі затрымаюся па справах, – дачка ўсё дагледзіць”.

 

Пры такіх актыўных дзецях і бацькам трэба трымаць марку. “Я веласіпедыстка”, – смяецца Анжэла Генрыхаўна, якая па справах і на працу часцей за ўсё перамяшчаецца на сваім “веліку”. Дарэчы, не так даўно рабочым месцам жанчыны стаў музей-зямлянка, дзе яна сочыць за чысцінёй і парадкам як у памяшканнях, так і на тэрыторыі. А гаспадар дома Аляксандр Феадосьевіч за свой здаровы лад жыцця абавязаны рабоце на прыродзе – 22 гады працуе лесніком у Зачэпіцкім лясніцтве. Да таго ж у вольны час любіць прайсціся па лесе з паляўнічай стрэльбай.

 

“А якая ў нас тут прыгажосць! – з захапленнем прамаўляе субяседніца. – Дом наш – ля самага лесу. Паветра – чысцюткае! З раніцы наваколле напаўняецца спевамі птушак, рознымі ляснымі гукамі і фарбамі”. Што цікава, сама Анжэла нарадзілася і вырасла ў Шчучыне. Вяскоўкай стала, калі выйшла замуж за зачэпіцкага хлопца Сашу Крупіцу. Маладыя людзі пазнаёміліся на хрэсьбінах. Пасля вяселля засталіся жыць пры бацьках. Старэйшыя навучылі маладую сям’ю ўсяму, што самі ўмелі. Так, Феадосій Паўлавіч перадаў сыну свае здольнасці па доглядзе дома і гаспадаркі. Яго парады спатрэбіліся, калі Аляксандр будаваў лазню і летні домік. Ад бацькі засталася ў спадчыну сыну і любоў да малой радзімы – куточка, які многае перажыў у ваеннае ліхалецце. “Слёзы наварочваліся, калі свёкар расказваў, што яму, тады маленькаму хлопчыку, і яго землякам давялося перажыць”, – успамінае Анжэла Генрыхаўна.

 

Гарадскую нявестку добра прыняла і навучыла вясковым справам свякроў Марыя Пятроўна. “Я ўжо праз месяц пасля вяселля карову даіла як прыроджаная сялянка”, – смяецца, узгадваючы былое, Анжэла Генрыхаўна. Ды і яна сама не была беларучкай: расла ў шматдзетнай сям’і, ад мамы Дануты Мікалаеўны пераняла акуратнасць, уменне гатаваць.

 

 Сям’я Крупіцаў, у якую прыйшла маладой гаспадыняй Анжэла Седляр, заўжды мела спраўную гаспадарку. Сын з нявесткай гэту традыцыю прадоўжылі. І цяпер на іх падворку ёсць конь, свінні, хатняя птушка. А таксама свой пчальнік. Анжэла Генрыхаўна праводзіць на вуліцы практычна цалюткі дзень: жывёла догляду патрабуе, ды і агарод таксама. “Прачынаюся вельмі рана. Спачатку я ўстаю, а ўжо потым і пеўні голас падаюць”, – жартуе яна. З работай на зямлі дапамагае спраўляцца ўласны трактар. Клопатаў многа, але і задавальненне вялікае. Мо, таму, што муж і жонка многае робяць сумесна. Далучаюць да працы і дзяцей. Агульнымі стараннямі ў іх вясковым доме дастатак. У чаканні гаспадароў і кватэра ў райцэнтры. Аднак з маляўнічага кутка на “асфальт” яны не спяшаюцца. “Я калі прыязджаю ў горад, вытрымліваю там толькі некалькі гадзін. Дамоў, на вёску, цягне”, – запэўнівае жанчына на развітанне.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота з сямейных архіваў.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!