“Калі мы вянчаліся ў Стара-Васілішкаўскім касцёле, ля алтара стаяла 12 пар маладых.” Гісторыя супружнай пары, якая адзначыла жалезнае вяселле – 65-годдзе сумеснага жыцця!

– Калі мы ў 1956 годзе ў Велікодны дзень вянчаліся ў Стара-Васілішкаўскім касцёле, то тады ля алтара шлюб бралі ажно 12 пар маладых! – з іскрынкамі ў вачах расказваюць жыхары Шайбакоў Тарэса Ігнацьеўна і Леанард Ігнацьевіч. Так-так, іх сямейнаму саюзу ў гэтыя красавіцкія дні споўнілася 65 год. Жалезнае вяселле! Гучыць, магчыма, не так прыгожа, як залатое ці брыльянтавае, але ж колькі ў гэтым вызначэнні трываласці і надзейнасці!

 

Рэдкай супружнай пары даруе лёс адсвяткаваць такую ўрачыстасць. А на маляўнічым хутарку, сімвалічнымі варотамі ў які служаць два дубы-волаты, пасаджаныя яшчэ дзедам Ігнатам, у сям’і Мыслівец якраз-такі сустрэлі знакавую дату. Бабулю з дзядулем віншавалі ўнукі, праўнукі і, безумоўна, дзеці.

– Іх у нас трое, – расказваюць і паказваюць сямейныя фотакарткі юбіляры. – Нам вельмі хацелася, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю, таму вучоба заўжды была на першым месцы. Канешне, марылі, каб старэйшая дачка Рэгіна ў медыцынскі пайшла – добрыя адзнакі дазвалялі, а яна нечакана для ўсіх мастачкай стала, вучыць маляванню таленавітых дзетак у сталіцы. Сярэдняя – Марыя – жыве ў Паставах, яна па спецыяльнасці таваразнаўца. А сын Ян працуе начальнікам вытворчага аддзела ў Шчучынскім лясгасе. Ва ўсіх – любімыя прафесіі, дружныя сем’і, дзеці і ўнукі. Якая ж неверагодная радасць, калі малых да нас прывозяць!

 

Тое, як пачынаўся “гэты няскончаны раман”, Мысліўцы памятаюць да драбніц, нібыта ўсё адбылося толькі ўчора, а не ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.
– У наш клуб у Шайбакі тады прыехала мастацкая самадзейнасць з суседніх Псярцоў. Пайшлі мы з сябрамі на гэты канцэрт. І столькі там прыгожых ды таленавітых дзяўчатак выступала – і з песнямі, і з гумарыстычнымі сцэнкамі, ды толькі мне адна ў душу моцна запала. Што б ні рабіў, пра яе ўсе думкі былі, – узгадвае Леанард Ігнацьевіч.

Вядома, яны сустрэліся зноў – на вясковых танцах, пасябравалі, завязаліся прыгожыя і ўзнёслыя адносіны.
– Ён жа да мяне ўсю суровую зіму 1956 года прахадзіў, пераадольваючы шлях з Шайбакоў у Псярцы па пояс у снезе, – шчасліва ўсміхаецца Тарэса Ігнацьеўна. – Вясною мы вырашылі пажаніцца. Леанард быў ужо пасля арміі (тры гады ў Ленінградзе праслужыў), а мне толькі 18 мінула. Але калі людзі па-сапраўднаму кахаюць адно аднаго, то тут узрост не перашкода.

Вяселле гулялі на Вялікдзень на працягу трох дзён, а ў касцёл на вянчанне ехалі на ўпрыгожаных рознакаляровымі стужкамі і званочкамі фурманках. Ох, і прыгожа было!

Жыць маладыя сталі з бацькам мужа, бо Ігнат рана застаўся ўдаўцом, і ў хаце, ох, як патрэбна была гаспадыня. Юная Тарэса вельмі старалася апраўдаць надзеі і ўсюды паспець – і на працы ў паляводстве, і па доме. Мысліўцы трымалі жывёлу, займаліся гародніцтвам, але першы “сямейны капітал” з’явіўся дзякуючы вялікаму саду ды прадпрымальніцкай жылцы. Загрузіўшы неяк па восені цэлую машыну адборных яблыкаў вяскоўцы павезлі іх прадаваць ажно ў… Ленінград. Прычым у кабіне мог ехаць толькі адзін пасажыр, а другі – у кузаве. Каб адагрэцца, час ад часу мяняліся. Яблыкі з шайбакоўскага хутара ў паўночнай сталіцы пайшлі на ўра. Вярнуўся Леанард Ігнацьевіч дамоў з грашыма, якія накіравалі на хатнія патрэбы. Як памяць пра “гандлёвы рэйд”, масіўны і прыгожы гадзіннік на сцяне, што ўсе гады адлічваў для супружнай пары шчаслівыя хвіліны.

 

Мы гутарым, а хатнія куранты мілагучным боем нагадваюць пра той час, калі дзеткі ў гэтым доме былі малымі, а гаспадары маладымі. Галава сям’і працаваў жывёлаводам, даглядаў цялят, а Тарэса Ігнацьеўна праз пэўны час таксама перайшла рабіць на ферму даяркай. У калгасе імя Суворава гэтых шчырых і добрасумленных працаўнікоў добра ведалі і паважалі.

– Як вам удалося ў міры ды згодзе пражыць столькі год? У чым сакрэт сямейнага шчасця? – просім падзяліцца “жалезных юбіляраў” сваім “залатым рэцэптам”.

– Вельмі важна, калі ў сям’і мужчына не злоўжывае алкаголем, калі клапоціцца пра сваю сям’ю, шкадуе жонку, любіць дзяцей, – разважае Тарэса Ігнацьеўна. – Мне вельмі пашанцавала на такога мужа. Мы заўжды ўступалі адно аднаму. Калі адзін кажа: “Стрыжана!”, а другі: “Голена!”, то нігды нічога не атрымаецца. Мы ж імкнуліся да ўзаемаразумення, заўжды давяралі адзін аднаму і сапраўды былі палавінкамі аднаго цэлага.
Прыемна было даведацца, што ў гэтым доме ўжо с адзін дзясятак год выпісваюць і чытаюць раённую газету – яшчэ з далёкіх часоў “Савецкай вёскі”! Дарэчы, менавіта нашы чытачы з Псярцоў патэлефанавалі ў рэдакцыю і расказалі пра незвычайны юбілей нашых герояў, параілі з імі пазнаёміцца асабіста. Выдатную тэму падказалі, бо такая трывалая сям’я – дастойны прыклад для маладога пакалення. І ўсё, як у вядомай песні Райманда Паулса: “Бабушка рядышком с дедушкой, словно жених и невеста!” А значыць – горка!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!