Ад усёй душы з нагоды юбілею павіншавалі жыхарак нашага раёна

Ахінуць клопатам і ўвагай пажылых грамадзян – такія мэты ставіць перад сабой рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”. Вялікая колькасць мерапрыемстваў у рамках гэтай цудоўнай ініцыятывы ўжо прайшлі ў нашым раёне.
З нагоды 100-гадовага юбілею ў госці да Сафіі Міхайлаўны Мухляда з вёскі Гурнофель завіталі госці.
Пажадаць усяго самага найлепшага і ўручыць падарункі доўгажыхарцы прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, дырэктар ТЦСАН і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук, прадстаўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС, раённай ветэранскай арганізацыі, Васілішкаўскага сельсавета і ААТ “Васілішкі”.

100 гадоў таму 7 студзеня 1925 года нарадзілася Сафія Міхайлаўна. За гэта стагоддзе яна пабачыла шмат важных для гісторыі нашай краіны падзей, пранесла праз сваё жыццё пакуты і поспехі роднай зямлі. Сафія Мухляда рана засталася сіратой, перажыла нямецкую акупацыю, вайна забрала яе старэйшага брата, які не вярнуўся з фронту. Нялёгкім быў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі пасля вайны. Сваю працоўную дзейнасць Сафія Міхайлаўна звязала з сельскай гаспадаркай – рупілася аб дабрабыце радзімы працуючы паляводам.

Сафія Міхайлаўна сустракала гасцей з бадзёрым настроем і ў новай прыгожай хустцы, якую ёй на дзень нараджэння падарылі пляменнікі. Ва ўрачыстай абстаноўцы юбіляру ўручылі новы пашпарт, кветкі і карысныя падарункі.


– Дарагая наша Сафія Міхайлаўна, – звярнулася да юбіляршы Святлана Шанчук. – Вы адкрываеце гэты год як доўгажыхар, як жанчына, якая адзначае 100-гадовы юбілей. Малайчына, што дажылі да гэтага дня. Шчыры дзякуй Вам, што працавалі на карысць нашай краіны, што стараліся. Мы дзякуем Вам за ўсё, што Вы зрабілі для малодшых пакаленняў. Мы ў сваю чаргу хочам павіншаваць вас з днём нараджэння. Жадаем здароўя, шчасця, дабрабыту, няхай родныя і блізкія прыязджаюць да Вас часцей, каб Ваш дом заўсёды быў поўны гасцей.

Таксама віншаванні і падарункі з нагоды юбілею прымала Рэгіна Адольфаўна Сарока. Ёй 7 студзеня споўнілася 80 год.


Рэгіна Адольфаўна шмат гадоў з’яўлялася старшынёй Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Акрамя віншаванняў і падарункаў імянінніцы ўручылі Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую сумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Шчучынскага раёна.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
