І ў бальніцы было свята

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сталі напярэдадні навагодніх святаў пацыентамі Шчучынскай раённай бальніцы не засталіся без належнай увагі. Да іх у госці  завіталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Ганчарук, першы сакратар РК БРСМ Алена Богдзель і артысты РЦКіНТ – Дзядуля Мароз, Снягурка, Воўк і Мядзведзь. Настрой святу задаваў вясёлы баяніст Генадзь Паноў.

Напярэдадні Навагоддзя віншаванні прымалі пацыенты і медперсанал дзіцячай кансультацыі, дзіцячага, хірургічнага і інфекцыйнага аддзяленняў бальніцы. Для кожнага ў сваім  казачным мяшку Дзядуля Мароз знайшоў асаблівыя словы і слодычы. Прыемным падарункам для дзіцячай кансультацыі стаў сертыфікат на 500 беларускіх рублёў, які падаравала раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”.

Па добрай традыцыі кіраўніцтва і актывісты РК БРСМ не толькі павіншавалі дзетак, якім давялося сустракаць навагодняе свята на бальнічных ложках, але і  падрыхтавалі для іх сувеніры ў рамках раённай акцыі “Падарунак сябру”. Іх хлопчыкам і дзяўчынкам уручылі валанцёры СШ №1 г. Шчучына,  якія таксама прынялі ўдзел у добрай справе.

 Госці павіншавалі дзетак, іх бацькоў і людзей у белых халатах з надыходзячым Новым годам, пажадалі шчасця, радасці і ўсмешак. Не абышлося без карагодаў, добрых песень, вясёлых вершаў і танцаў ля прыгожых елачак. Адчувалася, што настрой ва ўсіх быў сапраўды навагодні!

 Цяпер у дзяцей і бацькоў адно агульнае жаданне: быць здаровымі. Дзядуля Мароз пажадаў, каб і яно абавязкова спраўдзілася.

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.