І елкі, і хваінкі

Сёння, калі многія з нас па традыцыі будуць сустракаць ля лясных прыгажунь Стары Новы год, мы пацікавіліся ў Шчучынскім лясгасе, колькі ўсё ж такі елак было рэалізавана насельніцтву і які лёс напаткаў непрададзены “зялёны тавар”?

– У снежні на елачных кірмашах у нас купілі 2549 навагодніх дрэўцаў. Шчучынскі лясгас такім чынам выручыў 17 тысяч 160 рублёў, – канстатуе намеснік галоўнага бухгалтара лясгаса В.А. Урбановіч. – Гэта прыкладна столькі ж, як і ў папярэдні сезон. Нягледзячы на шырокае выкарыстанне штучных елак, попыт на жывыя, водарныя дрэўцы быў, ёсць і будзе…
– Дарэчы, у трэндзе зараз не толькі елкі, але і хваінкі, – дадае начальнік вытворчага аддзела Шчучынскага лясгаса Я.Л. Мыслівец. – Было прададзена і каля паўсотні сосен. А тая зусім невялікая колькасць елак, што была не рэалізавана, пайшла на выраб шчэпкі.
Як мы даведаліся, попытам карысталіся навагоднія дрэвы ўсіх памераў: гаспадары катэджаў куплялі вялікія елкі, у гарадскія кватэры набывалі мініяцюрныя.
– Кожнай вясной мы на перспектыву закладваем чарговую плантацыю двухгадовых елачак спецыяльна для навагодняга продажу. Гадуем такія саджанцы на працягу 6-7 год. І толькі тады дрэўцы трапляюць да пакупніка, – тлумачыць Ян Леанардавіч Мыслівец. – Сёлета пад пасадку плануем адвесці плошчу не меней гектара.
Дарэчы, наша галоўная елка раёна на плошчы Свабоды ў Шчучыне выглядае такой бездакорна дасканалай дзякуючы канструкцыі, якая аб’ядноўвае ў адно агромністае навагодняе дрэва каля 500 елачак з гадавальніка лясгаса.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!