На вытворчым участку Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства вырошчваюць чарэшню, суніцы, буякі, маліну і нават… кавуны

Пасля доўгага безвітаміннага зімова-вясновага перапынку так і хочацца паспрабаваць першую духмяную сунічку і хутчэй паласавацца сакавітымі чарэшнямі. Сёлета, на жаль, суніцы не далі багатага ўраджаю, а віною таму стала сухое надвор’е. А вось чарэшня, па ўсім відаць, будзе на славу. Задаволенымі застануцца не толькі руплівыя гаспадары, але і супрацоўнікі Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства, якія на сваім вытворчым участку займаюцца вырошчваннем самых розных садовых культур, сярод якіх чарэшня, суніцы, буякі, маліна і нават… кавуны. 

– На гэтым участку мы праводзім сортавывучэнне чарэшні, – расказвае загадчык аддзела садаводства Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Алена Мечыславаўна Місюк. – Пасаджана 15 сартоў расійскай і чэшскай селекцыі, беларускія гібрыды. Ужо выспела ягада ў ранняга чэшскага сорту “Ванда”. Сортавывучэнне праводзіцца для выдзялення зімаўстойлівай, ураджайнай чарэшні з ягадамі выдатнай якасці, каб і далей размнажаць яе і вырошчваць у гадавальніку. Чарэшня займае адносна невялікі ўчастак – 20 сотак у садзе, які раскінуўся на 50 гектарах. Сёлета атрымалі добры ўраджай, таму што падчас цвіцення дрэў было сонечна, цёпла і нават бязветрана, і яшчэ хапала вільгаці. Таму з аднаго дрэва плануем сабраць каля 100 кг чарэшні. Атрыманы ўраджай ужо вывозім на цэнтральны рынак у Шчучыне і прадаём насельніцтву. 


Тут жа на вытворчым участку вырошчваюць навукоўцы і суніцу садовую двух сартоў “Кімберлі” і “Віма Тарда”. 
– Гэту ягаду мы пасадзілі з мэтай вывучэння, каб вызначыць найбольш прымальныя тэхналогіі яе вырошчвання, – працягвае Алена Мечыславаўна. – Разам з тым атрымалі нядрэнны ўраджай. Нягледзячы на засуху і спякоту, ягадкі выспелі. У нас арганізаваны кропельны паліў, таму ад адсутнасці дажджоў суніцы не пацярпелі. Такім чынам мы палівалі і іншыя культуры. Ягады суніцы сёлета таксама рэалізоўваем насельніцтву, а ў пераважнай большасці – работнікам свайго інстытута. Дарэчы, вырошчванне суніцы – перспектыўны напрамак у садаводстве, таму мы будзем яго развіваць. Тым больш, што гэта ягада цалкам сябе акупляе. Пробны ўчастак для пасадкі суніцы з цягам часу будзе павялічвацца – плануем засадзіць гэтай ягадай да двух гектараў. 
Навукоўцы інстытута знаходзяцца ў пастаянным пошуку і не перастаюць эксперыментаваць. Вось і сёлета ў адкрыты грунт яны высадзілі сем сартоў кавуноў. Частка расады засталася расці ў цяпліцы каля інстытута. 
– Нам важна выбраць тыя сарты, якія будуць добра адчуваць сябе ў нашай мясцовасці, а таксама атрымаць уласнае насенне, – тлумачыць Алена Мечыславаўна. – Гады два таму мы ўжо вырошчвалі кавуны – два раяніраваныя сарты. І трэба сказаць, тады, нягледзячы на халодны чэрвень, атрымалі нядрэнны ўраджай. Ягада выспела і амаль кожная дасягала 5-6 кг. Сёлета надвор’е таксама не песціць: халодныя ночы не спрыяюць добраму росту кавуноў.
Вельмі ўжо хацелася ўбачыць, як растуць маленькія кавунчыкі, і Алена Мечыславаўна прапанавала заглянуць на пасадкі. А па дарозе расказала і пра іншыя культуры: 
– Тут мы вырошчваем два сарты буякоў. І выкарыстоўваем іх як для атрымання ўраджаю, так і для нарыхтоўкі чаранкоў для вырошчвання пасадачнага матэрыялу. Гэтым пасадкам толькі трэці год, а ўжо заклаўся нядрэнны ўраджай. 
І сапраўды, на кустах ужо красаваліся буйныя зялёныя ягады. Аказваецца, буякі – сапраўдная скарбніца розных вітамінаў. Іх ягады не варта кансерваваць, а лепш есці свежымі або замарозіць. 
Роўныя рады буякоў змяняюць кусты маліны, якія таксама абяцаюць багаты ўраджай. За малінаю – ажына. А затым і суніцы. Уздоўж іх пасадак зелянеюць саджанцы груш, якія восенню работнікі інстытута будуць рэалізоўваць насельніцтву. 
А вось і кавуны. Яны прымасціліся паміж кустамі буякоў і, па ўсім відаць, адчуваюць сябе нядрэнна. На многіх ужо завязаліся будучыя плады. Алена Мечыславаўна беражліва паказвае мне невялікую ягаду і радуецца, што раслінкі аддзячваюць навукоўцам за старанні добрым ростам і развіццём.
Каб вырасціць багаты ўраджай, трэба прыкласці максімум намаганняў. За кожнай саспелай ягадкай крыецца цяжкая карпатлівая штодзённая праца работнікаў інстытута – сапраўдных прафесіяналаў, заўзятых спецыялістаў сваёй справы. 
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.