Дзіцячы свет – асобная дзяржава

Успомніце, хто з вас у дзяцінстве не баяўся ісці ў бальніцу? Ці то спецыфічны пах медыкаментаў, ці то стэрыльны белы халат, ці то сама думка аб балючых уколах і горкіх леках ураз збівала з толку любога з нас, прымушала хапаць маму за руку і слёзна прасіць нікуды не ісці. Успомнілі? А вось наша гераіня – астрынчанка Таццяна Копчык – ніколі ўрачоў не баялася…

А як жа інакш, калі мама Вера Віктараўна – урач, ды і добрая палова яе родных таксама людзі ў белых халатах. Калі быць дакладнай, у сям’і налічваецца ажно 7 урачоў! Тата – Дзмітрый Аляксандравіч, хоць і не з гэтай кагорты, аднак таксама за здаровае цела і здаровы дух. Ён – настаўнік фізічнай культуры. 
Можа таму, калі перад Таняй паўстала пытанне выбару прафесіі, яна і аддала перавагу Гродзенскаму медінстытуту. Прызнаецца, што інакш пайшла б па слядах старэйшага брата – звязала б жыццё з сельскай гаспадаркай.
Гады вучобы ў інстытуце праляцелі хутка. Малады ўрач-інтэрн спасцігала азы медыцынскай навукі і пераймала вопыт старэйшых калег у адной з Гродзенскіх паліклінік. Але адна справа вывучаць хваробы па кнігах, і зусім іншая лячыць іх. Вось тут і давялося Таццяне сустрэцца, як кажуць, твар у твар і з вятранкай, і з ангінай, і з запаленнем… Не спасавала яна перад цяжкасцямі. Лячыла дзетак, набіралася вопыту.
У хуткім часе Таццяна вярнулася назад на Астрыншчыну: яе накіравалі працаваць у мясцовую паліклініку ўрачом-педыятрам. Побач – у афтальмалагічным кабінеце прыём вяла мама, якая і стала першым дарадцам маладога ўрача.


Вялікія надзеі на спецыяліста былі ў загадчыцы Астрынскай бальніцы Алены Іванаўны Кучынскай. І Таццяна Дзмітрыеўна, а менавіта так, нягледзячы на малады ўзрост, называлі калегі педыятра, не падвяла, з пастаўленымі задачамі справілася. 
Яна вельмі любіла дзетак, таму ў хуткім часе выйшла замуж і сама стала мамай. Сыночак Захар нарадзіўся акурат у дзень нараджэння Таццяны. А праз некалькі гадоў у яго з’явілася сястрычка Аліса. 
Аднак зараз у Таццяны Дзмітрыеўны Пласкевіч зусім не двое дзетак... Іх – 596! Менавіта столькі юных пацыентаў да 18 гадоў пражываюць у Астрынскім і часткова Васілішкаўскім сельсаветах. 7 з іх – немаўляткі да года. Таццяна прызналася, што падчас вучобы марыла працаваць менавіта з самымі маленькімі пацыентамі і стаць прафесійным неанатолагам. Але на лёс мая суразмоўца не скардзіцца. Яна знаходзіць свой падыход да кожнага юнага пацыента. Можа таму “цёці” ў белым халаце нясуць не толькі свае хваробы, але і ўсмешкі?
Таццяна Дзмітрыеўна пераканана, што дзіцячы свет – асобная дзяржава са сваімі законамі. Працаваць з маленькімі пацыентамі – заўсёды ў радасць. Яны вельмі ўдзячныя, шчырыя і паслухмяныя. Чаго парой нельга сказаць пра іх матуль, якія часам не выконваюць усе парады ўрача і займаюцца самалячэннем.
А як жа памагае малачко з мядком, кампрэс на ноч і іншыя правераныя вякамі бабуліны рэцэпты! Яны таксама маюць месца быць, аднак перш-наперш трэба параіцца з урачом, каб такім самалячэннем выпадкова не нашкодзіць дзіцяці. 
Нашу размову парушыў стук у дзверы, і на парозе з’явілася маленькая дзяўчынка разам са сваёй мамай. Праз некалькі хвілін юная лэдзі сказала мне сваё імя і дэманстратыўна выцягнула наперад тры пальчыкі, маўляў, мне – тры. Аказалася, Маруся Сінкявічус прынесла свайму ўрачу малюнак. Маладая сям’я вырашыла паехаць за мяжу на адпачынак, вось і паспяшалі бацькі пачуць некалькі слушных парадаў ад кваліфікаванага спецыяліста.
Пакуль ішоў прыём, я паспела ўважліва разгледзець кабінет. Усюды – належны парадак, нават асабістыя карткі зручна размеркаваны на спецыяльных дызайнерскіх паліцах, якія, дарэчы, прыдумала сама Таццяна. Яна і столік для спавівання немаўлят адшукала, і вагі, і цацкі, і малюнкі з дзеткамі…
Сёння Таццяне Пласкевіч вопыту не займаць. Яна працуе педыятрам вось ужо 12 гадоў. Прыйшоў той час, калі і мама прыходзіць да дачкі па парады, і калегі. А што датычыцца сяброў, дык яны могуць патэлефанаваць у любы час дня і ночы, і ўрач ніколі не адмовіць у дапамозе. 
На пытанне, чым жа яна лечыць сваіх дзетак, Таццяна толькі ўсміхнулася, маўляў, лепш прадухіліць захворванне, чым яго лячыць. Таму, на працягу ўсяго года клапатлівая мама “прапісвае” Захару і Алісе комплексы вітамінаў. 
Пацікавілася я ў сваёй гераіні, ці не марыць яна перабрацца ў горад? Таццяна шчыра прызнаецца, што не! Кажа, што і ў Астрыне ёсць чым заняцца, ды і як урач яна рэкамендуе жыць у вёсцы, дзе і паветра чыстае, і інфекцый меней. 
Таццяна Пласкевіч не толькі добры ўрач, але і шчаслівая мама, жонка, дачка. Яна ніколі не спыняецца на дасягнутым, знаходзіць час на любімыя заняткі і на самаразвіццё. Напрыклад, зараз гэта маладая жанчына спасцігае азы масажу. Ёсць у дбайнай гаспадынькі і любімы агарод, дзе яна праводзіць шмат вольнага часу. А яшчэ Таццяна вельмі любіць сабак, вясёлыя сустрэчы з сябрамі і актыўны адпачынак. 
У Астрыне яна збіраецца жыць і далей, таму разам з любімым мужам будуе ўласны дом.
Вас зацікавіць:
В аптеках – осенний букет скидок
Как спортивные уменья развить и детям не навредить
Щучин.by – город изучай! или 18 причин побывать в Щучине
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.

Средняя: 5 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)