Чым чапляюць Зачэпічы?

У кожнай вёсачцы ёсць свая патаемная гісторыя, свае героі, свае сакрэты. Сёння мы раскажам вам пра вёсачку Зачэпічы, якая размясцілася ў надзвычай прыгожым куточку орлеўскага краю, на мяжы трох раёнаў: Шчучынскага, Мастоўскага і Дзятлаўскага. Вакол – густой сцяной лес, побач цячэ бацька-Нёман. З першага погляду падаецца, што жыццё ідзе тут вельмі спакойна, але варта толькі пераступіць парог першай вясковай хаты, і ты з галавой акунаешся ў сельскі быт, напоўненае штодзённымі клопатамі жыццё.

Cтараста вёскі – Канстанцін Аляксандравіч Бейма – чалавек надзейны. Хто як не ён ведае пра ўсё і пра кожнага асабіста? Ён ахвотна згадзіўся паразмаўляць і паабяцаў бліжэй пазнаёміць са сваімі аднавяскоўцамі.
У танцах пару выбраў 
Дом Беймаў знаходзіцца побач з будынкам Зачэпіцкага лясніцтва і Домам паляўнічага. Таму доўга шукаць нашага героя не давялося. Канстанцін Аляксандравіч Бейма – з тутэйшых, тут нарадзіўся і застаўся жыць. Дзяўчыну, праўда, выбраў не са сваёй вёскі, а з суседняга Дзятлаўскага раёна. Прыгажуня Жэня прыйшла ў мясцовы клуб з сяброўкамі. Хлопцу хапіла аднаго танца, каб зразумець, што менавіта з гэтай дзяўчынай ён хоча танцаваць усё жыццё. Хутка ў вёсцы з’явілася яшчэ адна маладая сям’я, якая прырасла дзеткамі. Тры дачкі і сын раслі на радасць бацькам. Цяпер яны ўжо дарослыя і самі сталі бацькамі. У Беймаў ажно 7 унукаў, якія прыязджаюць да бабулі з дзядулем кожныя канікулы. 
– У нас вялікая сям’я – 16 чалавек, – з гонарам зазначыла Яўгенія Панцялееўна. – І ўсе мы да працы прывучаныя. А яшчэ ў нас вельмі музычная сям’я. Хтосьці іграе на баяне, гітары, ямасе, хтосьці хораша спявае. Як збіраемся разам на выхадныя, дык ладзім сапраўдныя хатнія канцэрты! Я спяваю, а дзядуля на гітары іграе. А яшчэ наш дзядуля спрытна ўпраўляецца з трактарам і матацыклам. На матацыкле ўсіх унукаў ездзіць навучыў!


Разам мае суразмоўцы пражылі крыху больш за 40 гадоў. Канстанцін Аляксандравіч у свой час працаваў ў леспрамгасе, затым у мясцовым лясніцтве. Давялося працаваць нашаму герою майстрам на смалзаводзе, які раней дзейнічаў у Зачэпічах. Да таго ж мужчына – заядлы паляўнічы. 
– У гэтым годзе на маім рахунку некалькі зайцоў і ліса, – гаворыць наш суразмоўца. – І трафеі ёсць: рогі на 14 адгалінаванняў, а яшчэ рогі казулі. 
Стараста вёскі расказаў нам, што сярод мясцовых мужчын шмат вопытных паляўнічых: В.Л. Якімовіч, А.Ф. Крупіца, А.П. Ненартовіч, У.В. Карэцкі, Л.В. Орсік і іншыя.
Талакою яны – сіла! 
А яшчэ стараста Зачэпічаў пераканаў нас, што ў іх вёсцы жывуць па-сапраўднаму добрыя і сціплыя людзі. Што сціплыя, дык гэта так і ёсць! Толькі выпадкова мы даведаліся, што ў нашага гіда ў дзень візіту быў Дзень нараджэння. Аднасяльчане пра гэту падзею не забылі, віншавалі яго прама на вуліцы. 
– Нашы людзі нераўнадушныя, дружныя, – гаворыць Канстанцін Аляксандравіч. – Талакою – мы сіла! Вось, напрыклад, узяліся на могілках парадак наводзіць. Раённае кіраўніцтва дапамагло, а затым і ўсе мы далучыліся да справы: сабралі грошы на вароты, суботнік правялі. Як вынік – парадак! У нас кожны гатовы дапамагчы ў добрай справе. Зараз у вёсцы звыш 110 чалавек жыве. 26 дамоў, на жаль, пустуюць. 
А жанчыны тут, нібы кветкі… 
Адна са славутасцей Зачэпічаў – мемарыяльны комплекс «Музей-зямлянка». Для Орсік Ганны Яўгеньеўны гэта – не толькі месца гістарычнай славы, але і працы. Жанчына тут старажуе. Яўгеньеўна прыехала ў Зачэпічы з аграгарадка Орля і ніколі пра сваё рашэнне не пашкадавала. Тут нарадзілася двое дзетак. Радуецца жанчына, што сям’я яе працавітая і дружная. А калі што якое, дык ёсць да каго па слушную параду схадзіць – пабач жыве свякроў – Зінаіда Іванаўна. Нявестка прызналася, што жанчына – майстрыха на ўсе рукі, у свой час цудоўна ткала. 

 – З рукатворным мастацтвам на ты і наша аднавяскоўца Яўгенія Аляксандраўна Орсік, – успомніла мая суразмоўца. 
Мы накіраваліся ў госці да жанчыны. Прызнацца, я вачэй не магла адвесці ад вышываных карцін, якія стварае жанчына. А бачылі б вы, якія ладныя ручнікі, навалачкі ў дбайнай 71-гадовай гаспадынькі! Жаночаму рамяству навучылася сама. Цяпер адно спадзяванне, што ацэніць адзіны сын матуліны рукатворныя вырабы, унукам перадасць. 
У кожнага – свая гісторыя 
Прагульваючыся па вёсцы, заўважылі чалавека, які ішоў з боку Орлі. Праз пэўны час з намі параўняўся жвавы мужчына, як аказалася – былы настаўнік гісторыі і геаграфіі – Сяргей Давыдавіч Якімовіч. Каму як не яму ведаць, адкуль пайшла назва вёскі. Вырашылі пацікавіцца.

 – Пагаворвалі старажылы, што некалі ў гэтай мясцовасці былі “зацэпы” са шведамі, – адразу выдаў нам Сяргей Давыдавіч. – Калі і дзе дакладна гэта было – нікому невядома, але кажуць, што адтуль і пайшла назва нашай вёскі.
Ад іншых людзей пачулі мы і яшчэ адну “народную” версію. Кажуць, што некалі ехаў праз гэта месца важны пан, ды брычка яго за нешта зачапілася. Вось і назваў ён месца гэта Зачэпічамі.
 – Гэта цяпер наша вёска невялікая, ціхая, а раней чаго ў нас толькі не было! І грыбаварня, і малачарня, і хлебапякарня. А ў далёкім 1885 годзе дык былі царква, кузня і карчма. Пазней у 1889 годзе школа граматы з’явілася. Да вайны, у 1940 годзе, у Зачэпічах быў нават свой паравы млын, лесапільны завод, смалакурня, пачатковая школа і хата-чытальня. А колькі людзей тут жыло! Памятаю, калі я настаўнікам быў, у школу хадзілі 114 дзяцей! А цяпер першую школу разабралі, а васьмігадовая проста пустуе… У нас ёсць толькі магазін.
У якім, як сказалі аднасяльчане, працуе самы цудоўны прадавец – Вольга Віктараўна Крупіца. 
Другой паўстае вёска і перад вачыма былога дырэктара мясцовай 8-гадовай школы Віктара Антонавіча Бароўскага і іншых жыхароў-старажылаў.
Франя спявае – сэрца замірае! 
Не прамінулі мы і дом мясцовай 91-гадовай пявунні Францішкі Міхайлаўны Тарасюк. Жанчына – наша пастаянная чытачка. Зараз падводзіць зрок, але газету ёй чытаюць дочкі. У жанчыны іх ажно пяць! З адной з іх мы нават пазнаёміліся. Марыя Мікалаеўна Крупіца якраз забегла паглядзець, як маміна здароўе. Аказалася, што Міхайлаўна наадрэз адмаўляецца ісці да дачок жыць, кажа, што дома лепш.


Францішка Міхайлаўна ў свой час слыла дбайнай гаспадыняй. Яна пякла шыкоўныя пірагі, вышывала, шыла, ткала… А як хораша спявала жанчына ў мясцовым хоры! Ні адно свята не абыходзілася без яе ўдзелу. Пякла яна каравай і на адкрыццё музея-зямлянкі. 
Памятае Францішка Міхайлаўна многія вясковыя традыцыі. Напрыклад, была яна пастаяннай удзельніцай провадаў мясцовых хлопцаў у армію, шыла для іх спецыяльныя паходныя рукзакі. Падчас провадаў жанчына спявала аўтэнтычную народную песню, затым з хлопца здымала шапку і ў покуць яе кідала. Салдат ішоў, забіраў шапку. З лёгкай рукі Міхайлаўны, усе хлопцы дамоў жывымі-здаровымі вярталіся, таму і клікалі бацькі жанчыну на провады.
Францішка Міхайлаўна спявае настолькі ўнікальныя народныя песні, што не раз станавілася гераіняй газетных матэрыялаў. Яе песні нават у кнізе “Песні Гродзеншчыны” можна знайсці.
 – На жаль, мама ўжо не спявае, – заўважыўшы мой дапытлівы позірк зазначыла дачка жанчыны. 
Але я падсела бліжэй, прывіталася. 
– У мяне першы голас, – адразу прызналася мне жанчына. 
– А памятаеце, што спявалі раней? – пытаю ў прыемнай сціплай жанчыны.
– Памятаю. Шмат вясельных песень было, пра маладых, свата, дружка… 
 Жанчына замаўчала. Якім жа было маё здзіўленне, калі праз некалькі хвілін вясковы дом напоўніўся гукамі народнай песні, якая гучала ў Зачэпічах здавён. Спачатку голас жанчыны дрыжэў, гучаў зусім ціха і нясмела, быццам спрабуючы свае сілы, успамінаючы забытыя ноты і словы. Паступова ён мацнеў, рабіўся насычаным і яркім, бадай тым першым голасам, які некалі здзіўляў і радаваў аднасяльчан і гасцей вёсачкі. 
Жанчына спявала развітальную песню нявесты:
 “Як я была ехала, як я была шла, а я ж сваёй мамачцы не кланілася. Кланяюся табе, мама, што была ў цябе ўбрана, больш не буду, больш не буду…”
Ах, як яе песня кранала! У свае 91 жанчына зберагла родныя матывы, з дзяцінства знаёмыя звычаі – усю тую спадчыну, якая з’яўляецца асновай кожнага з нас. Мы яшчэ доўга гутарылі з жанчынамі, разглядалі старыя фотаздымкі, нібы гарталі старонкі гісторыі Зачэпічаў. Як жа пашанцавала вёсцы, што жывуць тут такія светлыя і таленавітыя людзі!
Канечне, не з усімі мы змаглі сустрэцца падчас нашага візіту, многія дамы абмінулі. Прабачце нас, добрыя людзі. Хто ведае, магчыма менавіта вы станеце героямі нашых наступных публікацый. 
У народ хадзіла Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!