Быць з кармамі – значыць, быць з малаком і мясам

Сёлета па выніках работы працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый па нарыхтоўцы травяністых кармоў у 2018 годзе трэцяе месца заняў працоўны калектыў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. 

Трэба адзначыць, што гэта прадпрыемства заўсёды знаходзіцца ў перадавіках, таму што тут працаваць умеюць і ведаюць, як гэта рабіць правільна і якасна. Што казаць пра работнікаў, калі сам кіраўнік – Станіслаў Юльянавіч Гузень, у наступным годзе адзначыць своеасаблівы юбілей – паўвека, як ён працуе на зямлі, на сваёй малой радзіме. А гаспадарку ўзначальвае амаль сем год. 
Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў мы сустрэліся з С.Ю. Гузенем, каб даведацца, наколькі плённым быў год, які ўжо амаль заканчваецца, для філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”.


– Як вядома, наш агракомплекс даволі спецыфічны, – расказвае Станіслаў Юльянавіч. – Мы займаемся свінагадоўляй. Разам з тым, асноўная наша мэта – нарыхтаваць найбольшы аб’ём зерня для вытворчасці камбікармоў, каб пракарміць усё пагалоўе свінакомплексу. Сёлета мы нядрэнна справіліся з пастаўленай задачай. Наша гаспадарка – адзіная ў раёне, дзе намалочана на тысячу тон зерня больш, чым у мінулым годзе. Як гэта ўдалося? Так, у гэтым сезоне мы недаатрымалі 2300 тон зерневых каласавых, але на 3500 тон больш у параўнанні з мінулым годам вырасцілі зерня кукурузы. Такі ўраджай царыцы палёў атрымалі дзякуючы таму, што павялічылі плошчы яе пасеву на 200 гектараў, і плюс да гэтага з кармавой групы перавялі 100 гектараў у зерневыя. Убралі кукурузу таксама своечасова. Нашы намаганні прынеслі свае рэзультаты – ураджайнасць гэтай культуры склала 107,3 центнера зерня з гектара. Тым самым мы практычна забяспечылі ўсё свінапагалоўе зернем. 

Добра спрацавалі жалудоцкія аграрыі ў плане нарыхтоўкі кармоў. 
– На сённяшні дзень у нас закладзены на захоўванне паўтарагадовы запас кармоў, – працягвае Станіслаў Юльянавіч. – На 114 працэнтаў мы выканалі план па нарыхтоўцы сена. Назапашана 13 742 тоны сенажу і 15 167 тон сіласу. Дзве траншэі сенажу плануем рэалізаваць для філіяла “Дубна” нашага аграхолдынга. Гэта 624 тоны ў В. Сяле і 603 тоны ў Саваўшчыне. Узамен мы возьмем у іх патаку і іншыя складальнікі, якія нам неабходныя для збалансавання кармавога стала свіней.
Радуюць кіраўніка гаспадаркі і паказчыкі ў малочнай галіне. 


– Сёлета па выніках года мы намераны атрымаць 7 368 кг малака на адну карову, што на 416 кг больш, чым у мінулым годзе, – гаворыць Станіслаў Юльянавіч. – Канечне, гэта толькі папярэднія разлікі, але спадзяюся, удасца гэтага дасягнуць. І валавы надой малака мы плануем атрымаць на 597 тон большы, чым у мінулым годзе. Павялічыцца і рэалізацыя гэтага прадукту на 582 тоны ў параўнанні з мінулым годам. Растуць і прывагі буйной рагатай жывёлы. А ад чаго залежаць гэтыя паказчыка? Безумоўна, ад кармоў. Сёлета надвор’е было неспрыяльным для росту зерневых, але яно дапамагло нам нарыхтаваць якасныя кармы: скасілі, падвялілі, дачакаліся патрэбнай вільготнасці і ўбралі. Таму мы і цяпер плюсуем: 1,1 літры на карову. Нездарма кажуць, што малако ў каровы на языку: якой якасці корм, столькі яна дасць малака. Сёлета быў нядрэнны і пашавы перыяд. 


Прычынай паспяховага развіцця агракомплексу Станіслаў Юльянавіч лічыць прадуманую арганізацыю працы. 
– Залогам поспеху ў сельскай гаспадарцы не можа быць толькі адзін складальнік, гэта комплекс самых розных мерапрыемстваў, накіраваных на дасягненне канчатковага выніку, – тлумачыць Станіслаў Юльянавіч. – У раслінаводстве гэта правільны выбар палёў пад засеў, патрэбны комплекс угнаенняў, захаванне тэхналогій і многае іншае, а таксама людзі, якія самааддана працуюць на карысць гаспадаркі і атрымліваюць дастойную заработную плату, прэміі. Мы ж пастаўлены ў няпростыя ўмовы: ад таго, як спрацуем у раслінаводстве, залежыць развіццё жывёлагадоўлі, якая на сённяшні дзень дае нам 77 працэнтаў прыбытку. Развіваючы менавіта гэту галіну, мы можам сфарміраваць для гаспадаркі падушку бяспекі. 
На сённяшні дзень практычна ўсе палявыя работы ў гаспадарцы завершаны. Падышло да фінішу ўзняцце зябліва. Застаюцца штодзённыя работы: абслугоўванне фермаў і нарыхтоўка арганікі. Асобая ўвага надаецца рамонту тэхнікі, якая ужо часткова гатова да правядзення пасяўной кампаніі. 
Як руплівы гаспадар, Станіслаў Юльянавіч ужо сёння думае пра заўтрашні дзень.
– Мы ўжо цалкам забяспечаны азотнымі ўгнаеннямі на вясенні перыяд, – расказвае кіраўнік. – У наступным годзе не будзе такога, што мы дзесьці не вытрымлівалі тэрміны ўнясення, таму што ўсё прыходзілася рабіць “з колаў”. На гэты раз ужо набылі ў неабходнай колькасці комплексныя азотныя сумесі і азотныя, калійныя, фосфарныя ўгнаенні. Наша задача – дастаткова нарыхтаваць арганікі, каб мы маглі падкарміць нават тыя палі, дзе раней не было магчымасці гэтага зрабіць. Скажу, што гэта нас вельмі непакоіла, таму прыклалі ўсе намаганні, каб выправіць сітуацыю. 
Да новага года ў гаспадарцы маюць намер набыць у лізінг два новыя энерганасычаныя трактары 3022, а пасля новага года тры машыны – раскідвальнік гною, апырсквальнік і шыроказахопны культыватар для таго, каб з меншымі затратамі і больш эфектыўна рыхтаваць глебу. 
– Мы не можам таптацца на месцы, – упэўнены Станіслаў Юльянавіч. – Само жыццё нам гэтага не дазваляе. Таму стараемся крочыць у нагу з часам, а недзе і апярэджваць яго. Усе прагрэсіўныя тэхналогіі павінны ўкараняцца ў вытворчасць. А каб лягчэй было гэта зрабіць, пастаянна шукаем магчымасці. Напрыклад, яшчэ дзесьці два гады, і мы завершым узбуйненне ўсіх палёў: аб’яднаем малаконтурныя палі ў вялікія, што дазволіць павялічыць прадукцыйнасць тэхнікі – хутка і якасна праводзіць ворыва, сеў, культывацыю, уборку, эканоміць гаруча-змазачныя матэрыялы. На сённяшні дзень у нас ёсць палі плошчай у 330 гектараў, даўжыня гону – 2 км 460 м. За гады сваёй работы, калі я працаваў на Ашмянцоўскім участку, а затым кіраваў гаспадаркай, было знесена каля 180 безгаспадарных хутароў. У адной толькі вёсцы Дубрава – 42. Усе гэтыя землі былі ўключаны ў севазварот. 
…Кожны дзень Станіслаў Юльянавіч Гузень аб’язджае землі гаспадаркі. А то і не раз. Радуецца ўзышоўшым пасевам, па-гаспадарску апрацаваным палям. І нездарма. У мінулым годзе калектыў філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па культуры земляробства і атрымаў трактар у падарунак. Як лічыць кіраўнік, гэта – заслуга ўсяго калектыву прафесіяналаў, за работу якому ён вельмі ўдзячны. 
Ганна РУДСКАЯ.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.