Наколькі аграрыі раёна падрыхтавалі сельскагаспадарчую тэхніку да выхаду ў поле, праверыла спецыяльная камісія

Прыйшла вясна, а значыць хутка пачнецца пасяўная кампанія. Наколькі аграрыі раёна падрыхтавалі сельскагаспадарчую тэхніку да выхаду ў поле, праверыла спецыяльная камісія на чале з начальнікам інспекцыі джяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Антонам Мікалаевічам Кавалеўскім.

На мехдвары ААТ “Васілішкі” нібы пад лінейку выстраіліся трактары. Каля сваіх машын “дзяжурылі” механізатары: усе адзетыя ў спецадзенне, забяспечаныя вогнетушыцелямі і аптэчкамі.
– Хутка вясна пакліча ў поле, таму неабходна, каб уся тэхніка была прыведзена ў “баявую” гатоўнасць, – зазначыў А.М. Кавалеўскі. – Асаблівую ўвагу трэба звярнуть на спраўнасць габарытных агней і тармазной сістэмы вашых “жалезных коней”, каб не стварыць аварыйных сітуацый на дарозе.


Агляд тэхнікі паказаў, што васілішкаўскія механізатары выдатна падрыхтаваліся да пасяўной кампаніі.
– На нашым вытворчым аддзяленні №3 налічваецца 44 трактары, і ўсе яны гатовы да выхаду ў поле, – запэўнівае інжынер-механік ААТ “Васілішкі” Уладзіслаў Іванавіч Дамбоўскі. – Мы замянілі зношаную электрыку, залілі новае масла, перабралі ўсю механіку, таму машыны працуюць бездакорна. Прыведзены ў парадак і прычапныя агрэгаты.
Як паказала праверка, у ААТ “Васілішкі” са 150 трактараў толькі тры мелі дробныя няспраўнасці, ды і тыя будуць выпраўлены ў бліжэйшы час.


– Адказна аднесліся да падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі ў СВУ “Пратасаўшчына”, ААТ “Дэмбрава і “АграГЖС”, філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”, – заключае начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадакі і харчавання райвыканкама Антон Мікалаевіч Кавалеўскі. – А вось ААТ “Першамайск-агра” і “Шчучынаграпрадукт” неабходна аператыўна выправіць выяўленыя недахопы. У цэлым з 498 трактараў, якія налічваюцца ў гаспадарках раёна – абсалютная большасць знаходзіцца ў выдатным тэхнічным стане. Таксама прыведзены ў парадак 94% усіх плугоў і 95% культыватараў. Адным словам, да пачатку пасяўной кампаніі гатовы!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.