Аграрыі ААТ “Васілішкі” актыўна нарошчваюць тэмпы касавіцы

Штодзень у полі працуюць 5 кормаўборачных комплексаў, 11 касілак, 11 прэспадборшчыкаў, 9 грабляў і 6 варушылак. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны 15 адзінак тэхнікі.

Сярод тых, хто абкошвае шматгадовыя травы ў гаспадарцы, – трактарыст з больш чым 40-гадовым стажам Іван Іванавіч Мыслівец. З ім у звязцы працуюць таксама вопытныя механізатары Генрых Антонавіч Грыцкевіч і Генадзій Іванавіч Багушэвіч.
– Трактару МТЗ-1221, якім кірую, ідзе ўжо чатырнаццаты сезон, – гаворыць трактарыст ААТ “Васілішкі” І.І. Мыслівец. – Нягледзячы на салідны ўзрост, тэхніка выдатна дагледжана і абслужана, таму не падводзіць. Пры дапамозе трохметровай навясной касілкі абкошваю да 30 гектараў у дзень. Не пакідаю кабіну свайго “жалезнага каня”, пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Харчуюся тут жа, у полі, падчас кароткага перапынку: усіх работнікаў, занятых на касавіцы, гаспадарка забяспечвае гарачым харчаваннем.


Як толькі трактарысты абкошваюць поле, сюды прыязджаюць варушылкі і раскідваюць свежаскошаную траву. Калі зялёная маса падсохне, яе граблямі збіраюць у валкі і пры дапамозе спецыяльнага прэспадборшчыка скручваюць у цюкі. 
– Сёлета нам прадстаіць убраць першым укосам 5620 гектараў траў, – зазначае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Міхаіл Юр’евіч Марчук. – Плануем закласці 43000 тон сенажу і 1200 тон сена. 3370 тон сенажу ўпакуем у палімерную плёнку для лепшага захоўвання. Такую тэхналогію прыменім для закладкі самых якасных кармоў, багатых на ўтрыманне пратэіну і бялку. Паколькі не будзем выкарыстоўваць кансервант, трэба строга вытрымліваць аптымальную вільготнасць правяленай зялёнай масы – 50-55% – і акуратна складваць абмотаныя плёнкай цюкі, каб не пашкодзіць палімернае пакрыццё. Іначай энергетычная эфектыўнасць кармоў значна знізіцца.


Каб шматгадовыя травы радавалі ўраджайнасцю, васілішкаўскія агра­рыі актыўна займаюцца перазалужэннем лугапашных угоддзяў. Тут выкарыстоўваюць расліны не больш за тры гады, а пасля апрацоўваюць поле гліфасатамі, каб знішчыць старую расліннасць і пустазелле. Адноўленыя плошчы па-новай засяваюць маладымі травамі, якія, узыходзячы, утрымліваюць больш карысных рэчываў і даюць больш зялёнай масы.
– Бягучы сезон не абышоўся без сюрпрызаў, – прызнаецца М.Ю. Марчук. – Восенню ішлі абільныя дажджы, зімой маразы моцна скавалі зямлю, а вось вясной, калі прыгрэла сонейка і травы пацягнуліся ўверх, усталявалася анамальна сухое надвор’е, якое негатыўна адбілася на росце раслін. Таму мы вырашылі пачаць касавіцу крыху раней, чым летась, каб скасіць травы ў аптымальную фазу іх развіцця. Тым самым атрымаем больш якасныя кармы, хоць і страцім крыху ў зялёнай масе.


Для закладкі і надзейнага захоўвання кармоў у сельгаспрадпрыемстве налічваецца 72 спецыялізаваныя траншэі агульным аб’ёмам больш за 178 тысяч тон. Гэтага дастаткова, каб з лішкам пакрыць патрэбы гаспадаркі. Для трамбоўкі зялёнай масы тут будуць задзейнічаны два пагрузчыкі і два “Кіраўцы”. Колы апошніх на 40% запоўняць вадой і навесяць каткі для павышэння эфектыўнасці работы.
– Адначасова з першым укосам мы займаемся доглядам пасеваў, – гаворыць Міхаіл Юр’евіч. – Зараз праводзім падкормку цукровых буракоў, на чарзе – кукуруза. Да ўсяго трэба правесці хімпраполку прапашных культур і апрацаваць расліны ад хвароб. Адным словам, работы хапае! Але хто плённа працуе – той і прыбытак мае!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.