Аптымісты з Раганічаў

 

Пра тое, што яны – нумар адзін у сваёй вёсцы, сведчыць нават іх нумар дома! Жарт, канешне, але Феафанія Аляксандраўна Стурліс і Віктар Міхайлавіч Кіктэнка імкнуцца, каб сапраўды ўсё ў іх было ва ўзорным стане – прыгожа, дагледжана, ды яшчэ і з нейкай творчай цікавінкай. Вунь пад агромністай разгалістай яблыняй самаробныя роставыя лялькі “бяседу вядуць”, старому ровару, афарбаванаму ў ружовы колер, наканавана роля “вертыкальнага азеляняльніка”, дый традыцыйныя клумбы тут шчодра выпраменьваюць яркія вераснёўскія фарбы. Магічнае кола ад дзедаўскага воза як повязь пакаленняў – нагадвае сонца нават у пахмурны дзень, а ладны гарбузок на лаве, нібыта сімвал восеньскай шчодрасці.

 

– Фаіна з кожнай сваёй паездкі на рынак вяртаецца з усё з новымі і новымі саджанцамі, – раскрывае захапленне гаспадыні Міхайлавіч. – Яна ж аграном па адукацыі. Не можа без эксперыментаў. А я заўжды гатоў ёй дапамагчы ў ажыццяўленні ўсіх задумак.

 

Сапраўды, гэтых дваіх, якія зышліся разам у досыць сталым узросце, насамрэч аб’ядноўвае вельмі многае. Абодва – аграрыі па адукацыі, вельмі любяць гаспадарыць на зямлі, ім заўсёды ёсць аб чым пагутарыць, што абмеркаваць. І, безумоўна, калі здароўе ўжо не тое, яны з’яўляюцца надзейнай падтрымкай адзін для другога. Моцныя духам людзі, яны ніколі не пасуюць перад цяжкасцямі, змагаюцца да канца і … абавязкова перамагаюць.

 

– Я пяць аперацый перанесла, заўжды верыла ў лепшае, нават калі прагучаў дыягназ “анкалогія”. Тады я сама сабе ўнушала: “Гэта – не прыгавор!” І, вядома, падтрымка блізкіх дарагога варта, – разважае Феафанія Аляксандраўна. – Зараз вось у Віктара з хворымі нагамі праблема. Але мы не здаёмся.

 

Фаіна пасля вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме апынулася на Смаргоншчыне, працавала, расла па службовай лесвіцы, нават вытворчы ўчастак аднаго з сельгаспрадпрыемстваў давялося ўзначаліць. Аднак, калі паўстала пытанне, каму з пецярых дзяцей сям’і Сямашка вяртацца ў Раганічы, каб даглядаць старэнькую матулю, жанчына сама зрабіла такі выбар.

 

– Я на той час ужо ўдавой засталася, дзеці падраслі, а мае браты і сёстры былі гараджанамі. Падумала, што мне прасцей будзе сяло на родную вёску памяняць, чым ім з горада вяртацца: наша мама пераязджаць да каго-небудзь ні за што не хацела. Дый мне на малой радзіме падабаецца: тут так прыгожа, кожнае дрэўца, кожная яблынька пра тату-франтавіка нагадвае – ён сад пасадзіў. На жаль, яшчэ ў 1962 годзе маладым з жыцця пайшоў. А вось матулю – Агаф’ю Антонаўну – я да 90 год даглядзела. Гэта яна мне другога мужа выбрала, – смяецца Фаіна. – Віктар дапамагаў нам летнюю кухню будаваць. А ўрэшце мы сумеснае сямейнае жыццё будуем.

 

У Віктара Міхайлавіча свая гісторыя. Нарадзіўся ў сям’і ваеннаслужачага ў далёкім Магадане. Бацька-палкоўнік у апошнія гады служыў у Гродне, а Віктар пайшоў вучыцца ў Гродзенскі сельгасінстытут. Не заўжды працаваў па спецыяльнасці, але аграрную навуку не забыў.

 

 

– Разам нам усё па сіле! Вакол сядзібы больш за 30 відаў дрэў і экзатычных кустоў пасадзілі – сапраўдны батанічны сад. Там шаўкавіца, абляпіха, глог, вінаград, каліна з малінай, – пералічвае гаспадынька. – А яшчэ туі, самшыты, разнастайныя ружы. Бачылі б вы, як на гэткіх танклявых галінках ружы-ліяны па восем суквеццяў ззяла! Шкада, што ўжо восень…

 

Калі агародны сезон заканчваецца, Феафанія-майстрыца не выпускае з рук “чароўную” іголку. Яна, бы адмысловая мастачка, вышывае лікі святых, пейзажы, нацюрморты, прыгожыя абрусы. Усё гэта можна ўбачыць у інтэр’еры ўтульнага сельскага доміка, як і мноства цудоўных вазонаў, за якімі клапатліва даглядае жанчына. А ў Віктара Міхайлавіча, у мінулым перакананага гараджаніна, у Раганічах, мабыць, генетычная памяць прачнулася: ён адмыслова пляце кошыкі, ужо ўсіх сваякоў забяспечыў!

 

Так у самым сэрцы глыбінкі ў міры ды згодзе жывуць два цікавыя чалавекі, напаўняючы свае будні і святы стваральнай працай, любімымі захапленнямі, прыемнымі сустрэчамі з раднёй, сябрамі і знаёмымі. Ва ўсіх справах гэтым дваім, як і многім іншым адзінока пражываючым тут сталым людзям, дапамагае сацыяльны работнік Марына Канстанцінаўна Удот. “Яна нам, як дачушка, – у адзін голас гавораць вяскоўцы. – Мы ўдзячны, што ў нашай дзяржаве працуе такая служба, і на схіле жыцця мы акружаны ўвагай ды клопатам”.

 

 

– Наведваць Феафанію Аляксандраўну і Віктара Міхайлавіча заўжды прыемна, бо яны – вялікія жыццялюбы, такі прыгожы асяродак вакол свайго дома стварылі, гасцям шчыра рады, – канстатуе загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Шчучынскага раёна Ірына Іосіфаўна Данілевіч. – Людзі пажылыя, а сэрцам – маладыя! І такіх у нас вельмі многа. Іх мудрасць, вялікі жыццёвы вопыт і ёсць наш залаты фонд.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!