Змястоўная размова на актуальныя тэмы. У Шчучынскім раёне электрычных сетак прайшоў адзіны дзень інфармавання

 

Нюансы новага закона “Аб народным апалчэнні”, эканамічнае развіццё Гродзенскай вобласці і іншыя важныя тэмы былі абмеркаваны падчас адзінага дня інфармавання, які прайшоў на ў Шчучынскім раёне электрычных сетак.

 

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Лакіза,  намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева, інфармацыйная група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Яўгенія Вінчы сустрэлася з працоўным калектывам прадпрыемства, адказала на важныя пытанні і давяла актуальную інфармацыю.

 

 

Тэматыка мерапрыемства была прысвечана ролі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб народным апалчэнні” ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі. З дакладам па гэтай тэме выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама Андрэй Навіцкі:

 

– Прыняцце закона абумоўлена некалькімі фактарамі. Па-першае, гэта неабходнасць стварэння дадатковых умоў для падтрымання правапарадку ў перыяд ваеннага становішча. Па-другое, забеспячэнне магчымасці для грамадзян, якія не будуць ахоплены мабілізацыйнымі мерапрыемствамі па розных прычынах, удзельнічаць у абароне краіны. Народнае апалчэнне – правераная ў многіх краінах свету стратэгія абароны. Ёсць шмат прыкладаў нават на Захадзе, калі народнае апалчэннне прымянялася як асноўная форма абароны дзяржавы. Асабліва яна характэрна для краін з невялікай тэрыторыяй і колькасцю насельніцтва. У гады Вялікай Айчыннай вайны менавіта народныя апалчэнні адыгралі важную ролю ў абароне Ленінграда, Магілёва і Масквы.

 

 

Як адзначыў Андрэй Навіцкі, у адпаведнасці з новым законам удзел грамадзян у дзейнасці народнага апалчэння будзе грунтавацца на прынцыпах дабравольнасці, законнасці, гуманізму і галосных формаў дзеянняў. Атрады народнага апалчэння будуць стварацца згодна з рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, мясцовых саветаў абароны. Іх колькасць і структура будзе залежаць ад наяўнасці дабравольцаў і пастаўленых задач.

 

Далей аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за студзень-чэрвень 2023 года прысутным паведаміла Таццяна Лідзяева:

 

– Бадай што самы важны паказчык развіцця эканомікі – гэта аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту, які за першае паўгоддзе на Гродзеншчыне склаў 10,2 млрд. рублёў. Тэмп росту 104,2% да лічбаў мінулага года. Самы вялікі рост валавога прадукту назіраўся ў такіх галінах эканомікі, як будаўніцтва, прамысловасць і сельская гаспадарка. Рост сукупных паступленняў у бюджэт вобласці склаў 120,7% у параўнанні з мінулым годам. Пры заданні 104,8%. Гэтыя лічбы сведчаць аб рытмічным папаўненні, што ў сваю чаргу дазволіць больш эфектыўна фінансаваць бюджэтныя праграмы.

 

 

Са слоў Таццяны Лідзяевай, у параўнанні з мінулым годам выраслі экспартныя паказчыкі нашай вобласці. Так, аб’ём знешняга гандлю рэгіёна склаў 1,8 млрд долараў, з якіх 1,2 млрд – гэта экспарт тавараў.

 

Таксама з дакладамі выступілі іншыя спікеры сустрэчы. Так, Дзмітрый Лакіза падзяліўся інфармацыяй аб падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона і пажарнай бяспецы. Пракурор раёна Алег Вялічка закрануў тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб прафілактыцы п’янства як важным складніку грамадскай бяспекі расказаў начальнік крымінальнай міліцыі РАУС Раман Далідзік.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!