Андрэй Клімовіч – хлебароб з вялікай літары, удастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”

Не многія гаспадаркі раёна і нават вобласці могуць пахваліцца галоўным аграномам, які тройчы прызнаваўся лепшым па прафесіі на Гродзеншчыне. А СВУ “Пратасаўшчына” пашчасціла: тут вось ужо пять гадоў раслінаводчую галіну ўзначальвае Андрэй Віктаравіч Клімовіч –спецыяліст экстра класса. Штогод ён дабіваецца багатых ураджаяў на хлебнай ніве і заўсёды выконвае даведзеныя прагнозныя паказчыкі. Выдатна спрацаваў Андрэй Віктаравіч і летась, за што ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

З дзяцінства ўлюбёны ў зямлю

-- Я нарадзіўся і вырас у мястэчку Ражанка ў звычайнай сялянскай сям’і, -- гаворыць А.В. Клімовіч. – Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, таму з дзяцінства даводзілася шмат працаваць. Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй – доўга не вагаўся і падаў дакументы ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Паколькі ў школе добра засвоіў хімію і біялогію, то паступіў без перашкод.

Вучоба ў акадэміі давалася юнаку лёгка, а вось аддаленасць ад дома навявала сум: з домам яго раздзялялі 600 кіламетраў, таму да бацькоў прыязджаў толькі раз у два месяцы.

І ўсё ж сваю мару стаць прафесіянальным аграномам Андрэй Клімовіч здзейсніў. Пасля заканчэння Горыцкай акадэміі новаспечаны спецыяліст па размеркаванні прыехаў у СВУ “Пратасаўшчына” і ўладкаваўся на працу аграхімікам. Тады ніхто ў гаспадарцы і падумаць не мог, наколькі каштоўны і перспектыўны работнік папоўніў іх працоўны калектыў.

Адна вышэйшая адукацыя – добра, а тры – яшчэ лепей

На новым працоўным месце А.В. Клімовіча сустрэлі вельмі цёпла: гаспадарка забяспечыла камфортным жыллём, а вопытныя калегі Пётр Іосіфавіч Тумакевіч, які ў той час працаваў у сельгаспрадпрыемстве галоўным аграномам, і загадчык вытворчага ўчастка Іван Яраслававіч Жывушка дапамаглі хутчэй асвоіцца на вытворчасці.

-- Прыкладна два гады мне спатрэбілася, каб унікнуць ва ўсе дробязі агранаміі на практыцы, -- прызнаецца наш суразмоўца. – Але самаадукацыю не закінуў: каб быць у курсе ўсіх навейшых тэхналагічных распрацовак, чытаў спецыялізаваную літаратуру, штудзіраваў інтэрнэт, прымаў ўдзел у розных тэматычных семінарах. Акрамя таго, штогод праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, якія арганізоўваліся на базе Гродзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта.

Жадаючы яшчэ больш паглыбіць свае веды і пашырыць кругазор А.В. Клімовіч паступіў і паспяхова скончыў эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Затым асвоіў азы ўпраўлення сельскагаспадарчым прадпрыемствам падчас павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Цяпер у скарбонцы Андрэя Віктаравіча налічваецца тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Поспех прафесіяналаў любіць

-- Сем гадоў я прапрацаваў пад кіраўніцтвам Пятра Міхайлавіча Куца, які заклаў эканамічны падмурак гаспадаркі, -- успамінае наш суразмўца. -- У 2013 годзе наш працоўны калектыў узначаліў Віктар Анджэевіч Семяновіч – высокакваліфікаваны спецыяліст, таленавіты арганізатар і вельмі адказны і мэтанакіраваны чалавек. З яго прыходам пачаўся новы віток у развіцці сельгаспрадпрыемства.

В.А. Семяновіч хутка распазнаў у А.В. Клімовічу сапраўднага прафесіянала і прапанаваў пасаду галоўнага агранома, на што апошні адразу згадзіўся. У дружным тандэме яны пачалі ўкараняць на вытворчасці новыя тэхналогіі, асаблівую ўвагу надаючы выкарыстанню сучасных сродкаў аховы раслін і мінеральных угнаенняў. Таксама ў мэтах эканоміі правялі аптымізацыю палеткаў. Усё гэта прынесла свой плён: гаспадарка пачала інтэнсіўна нарошчваць вытворчыя абароты.

Што ні год – то новы рэкорд!

Ужо некалькі гадоў запар аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” упэўнена ўтрымліваюць лідэрства па ўраджайнасці зерневых культур сярод гаспадарак раёна. Летась тут атрымалі больш за 80 цэнтнераў зерня з кожнага гектара. Таксама дабіліся небывалай ураджайнасці рапсу – 50 цэнтнераў з гектара, рэнтабельнасць жа гэтай кульутры склала 34%.

-- Пры закладцы новага ўраджаю важна ўлічыць усе дробязі, -- раскрывае сакрэт поспеху Андрэй Віктаравіч. – Перад пасевам культур мы падбіраем аптымальных папярэднікаў і строга прытрымліваемся распрацаванага севазвароту. На менш ураджайных палях сеем больш устойлівыя да капрызаў надвор’я культуры – жыта і трыцікале, а лепшыя плошчы адводзім пад пшаніцу. На засеяныя палеткі ў поўнай меры ўносім мінеральныя ўгнаенні і праводзім неабходную колькасць хімапрацовак. Усе гэтыя меры даюць магчымасць павялічыць ураджайнасць зерневых культур на 70-80%.

Сёлета пратасаўскім аграрыям прадстаіць убраць 300 гектараў азімага рапсу, 700 гектараў азімых і 290 гектараў яравых зерневых культур. І калі ў многіх гаспадарках раёна пасевы пацярпелі ад анамальнай спёкі і недахопу вільгаці, то ў СВУ “Пратасаўшчына” такіх страт амаль няма.

-- Дзякуючы своечасова праведзеным падкормкам і хімапрацоўкам удалося мінімізаваць наступствы спёкі, -- працягвае А.В. Клімовіч. -- Кантрольныя аб’езды паказалі, што расліны выстаялі падчас засухі, таму разлічваем атрымаць ўраджай не менш мінулагодняга. Масавую ўборку зерневых плануем пачаць праз паўтара-два тыдні.

Калі дома чакаюць, то і настрой бадзёры

Як бы моцна ні быў загружаны А.В. Клімовіч на працы, ён заўсёды спяшаецца дадому, дзе яго чакае любімая жонка.

-- З Юляй Станіславаўнай мы пазнаёміліся даволі даўно, а два гады таму вырашылі распісацца і згулялі вяселле, -- шчасліва ўсміхаецца Андрэй Віктаравіч. – Яна ў мяне медсястра, працуе ў раённай бальніцы. Жадаючы быць бліжэй да каханай, я пераехаў у Шчучын, хоць наш дырэктар Віктар Анджэевіч Семяновіч і прапаноўваў нам новы трохпакаёвы катэдж у Каменцы. Зараз з-за актыўных палявых работ мы праводзім мала часу разам, але жонка ставіцца да гэтага з разуменнем і заўсёды падтрымлівае мяне маральна.

Па працы і гонар

У тым, што сёння СВУ “Пратасаўшчына” займае 2 месца сярод падшэфных гаспадарак УП “Гроднааблгаз” і 12 месца сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў Беларусі вялікая заслуга і нашага героя – Андрэя Віктаравіча Клімовіча, які сваёй добрасумленнай працай заслужыў павагу і пашану. Безумоўна, ён – хлебароб з вялікай літары. Менавіта на такіх волатах і трымаецца наша сельская гаспадарка.

-- Раней мне казалі, што дагнаць па паказчыках такіх перадавікоў, як СВК “Свіслач” і “Прагрэс-Верцілішкі” немагчыма, -- гаворыць А.В. Клімовіч. – І я сапраўды ганаруся, што нам удалося развеяць гэты міф! Яшчэ раз пераканаўся, што калі працаваць добрасумленна і з поўнай аддачай, то можна дабіцца любой пастаўленай перад сабой мэты!

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.