Да 100-годдзя БССР. Муза жыцця Аліны Баляславаўны Максімовіч

Як зорнае неба саткана з мільярдаў агеньчыкаў, так чалавек бывае прасякнуты мастацтвам. У якое б ручво не накіраваўся, усюды атрымліваецца хараство творчасці і таленту. Аліна Баляславаўна Максімовіч уразіла мяне сваімі вершамі і фларыстычнымі кампазіцыямі, але гэта толькі маленечкая кропля ў свеце яе захапленняў. 

Яна нарадзілася ў цудоўнай вёсачцы Шлавенцы, што знаходзіцца ў Воранаўскім раёне, амаль на мяжы са Шчучынскім. У вялікай сям’і за восем год з’явілася пяць дзяўчат, кожная дачка – асоба творчая. Падчас вясковых святаў дзяўчынкі спрабавалі разам спяваць і так у іх ладна атрымлівалася, што ў будучым яны стварылі сямейны ансамбль “Славянкі” (што сугучна з “Шлавенцы”). Сёстры займаліся ў самадзейнасці з дзяцінства, пелі песні, якім навучыла матуля. Калі падраслі – пачалі ўдзельнічаць у конкурсах і канцэртах, нават здымаліся на абласным тэлебачанні! Завітвалі і на шчучынскую сцэну.


У 1966 годзе Аліна скончыла сярэднюю школу ў Забалаці і накіравалася сюды ж на працу піянер-важатай, падмяняла спевы, маляванне. Праз пэўны час дзяўчына паступіла ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, паралельна працавала ў гарадскім Доме культуры культарганізатарам-масавіком, але гэта не перашкодзіла атрымаць дыплом з адзнакай. Па размеркаванні Аліну назначылі дырэктарам Дзятлаўскага Дома культуры, потым яна выйшла замуж і пераехала ў г.п. Астрына. Здесь нарадзіліся і выхаваліся яе дзеткі, прайшлі лепшыя маладыя гады. А ў 1976-ым Аліна працягнула адукацыю – у тыя гады ў сталіцы быў створаны Мінскі інстытут культуры, куды яна і накіравалася.
– Да гэтага моманту ўсе будучыя работнікі культуры вучыліся ў Ленінградзе, – успамінае Аліна Баляславаўна. – Памятаю, як мая суседка ўсё хвалявалася, што мне будзе цяжка паступіць – першы набор і велічэзны конкурс на месца. Але ніякіх цяжкасцей не было: у мяне ж быў дыплом з адзнакай з культурна-асветніцкага вучылішча, таму я здавала толькі адзін экзамен.
Праца метадыстам-арганізатарам і кіраўніком харавога калектыва ў Астрынскім Доме культуры ішла паралельна з кіраўніцтвам народным ансамблем “Бершты“, які стварыў яшчэ ў 1946 годзе У.К. Русілка.
– Мне давялося працаваць з Берштаўскім народным жаночым вакальным ансамблем на працягу трынаццаці год, – расказвае Аліна Баляславаўна. – З удзячнасцю ўспамінаю той падмурак узнёслай народнай песні, яе самабытнасць і шчырасць, якія так беражліва захоўвалі берштаўцы. Тады я пачынала арганізоўваць на беларускай мове розныя фестывалі, мерапрыемствы, падворкі. 


Аліну Баляславаўну заўважылі і запрасілі на працу ў абласны навукова-метадычны цэнтр пры ўпраўленні культуры ў Гродне. Спачатку ў якасці загадчыцы сектара, а пазней і загадчыцы аддзела фальклора і этнаграфіі. Яна аб’ехала ўсю Гродзеншчыну, пабывала на розных мерапрыемствах і фестывалях, набыла для сябе каштоўны творчы вопыт. Але ж шчучынская зямля ізноў паклікала да сябе – Аліне Баляславаўне прапанавалі стаць загадчыцай аддзела культуры райвыканкама. 
Тады ў культурным жыцці раёна адбылася трыумфальная падзея: адразу тры калектывы атрымалі званне “народны“ – хор польскай песні “Промень“, ансамбль народнай песні “Медуніцы“ і аркестр народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў. Пасля гэтага яны пачалі выходзіць на больш высокі ўзровень, нават выязджалі за мяжу. 
Аліна Баляславаўна вельмі чула і ўважліва ставілася да сваіх калег, тых людзей, з кім давялося працаваць на працягу доўгага часу. У калектываў, у першую чаргу народных, з’яўляліся новыя дарагія касцюмы – іх шылі на заказ у Мінску. Установы культуры набывалі новае абсталяванне і музычныя інструменты. Дапамогу ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аказваў Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт.
Захаваць спадчыну музычную, творчую, самабытную імкнуліся ў кожным сельскім клубе. Фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя па Шчучыншчыне працягвалася амаль тры гады – з лета 1996 года. Тады ў рамках Першага фестывалю нацыянальных культур шчучынцы нават прымалі гасцей з Познаньскага ўніверсітэта. У 2000 годзе, калі адзначалася 60-годдзе раёна, ладзіўся Першы раённы фестываль фальклорнага мастацтва “Шчучынскія крыніцы“. Падчас яго на Шчучыншчыну з’ехаліся краязнаўцы і навукоўцы, каб запісаць каштоўны матэрыял, што знайшлі на нашай зямлі.
Гучна святкавалі 120 і 125-гадовыя юбілеі з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч) з удзелам паэтычнага тэатра “Волат“ з Астрыны і калектываў мастацкай самадзейнасці.


У 1998 годзе ў райцэнтры з’явіўся Цэнтр рамёстваў і народнай мастацкай творчасці. Аліна Баляславаўна вельмі настойліва ўключылася ў ажыццяўленне гэтай задумкі і дапамагла яе спраўдзіць. 
Плённа працавалі і над выданнем знакавай для Шчучынскага раёна кнігі “Памяць“. А.Б. Максімовіч удзельнічала ў гэтай справе падчас працы ў раённай камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі.
– Канешне, канцэртнае жыццё ішло не так інтэнсіўна, як зараз. Але амаль за дзесяцігоддзе працы ў якасці загадчыцы аддзела культуры мяне акружалі вельмі таленавітыя высокапрафесійныя людзі, – расказвае Аліна Баляславаўна. – Прыемна, што падтрымлівалі нас і ў райвыканкаме. Мой куратар – намеснік старшыні райвыканкама Іван Юльянавіч Сакалоўскі – дапамагаў рэалізоўваць усе ініцыятывы і ідэі, за што я яму вельмі ўдзячна. Менавіта такая падтрымка паспрыяла таму, што мы на абласным узроўні з года ў год былі ў ліку лепшых.


Загадчыца аддзела культуры вельмі актыўна ўдзельнічала ў грамадска-палітычным жыцці раёна – двойчы была абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, з’яўлялася членам Прэзідыума, у свой час нават падтрымала рашэнне аб змяненні назвы нашай газеты на мілагучную “Дзянніцу“. Сярод мноства ўзнагарод і падзяк Аліна Баляславаўна выдзяляе адну, самую каштоўную для сябе – Памятны Знак “2000 год хрысціянству“, якую атрымала ў 2000-ым годзе.


Па-за працай заставалася месца для творчасці. Складаліся сцэнарыі мерапрыемстваў, калі нешта кранала сэрца – пісаліся песні і музыка. Аліна Баляславаўна ўспамінае, як яшчэ ў маленстве бабуля вадзіла іх разам з малодшымі сёстрамі за тры-чатыры кіламетры ад дома ў вёсачку Стары Двор, дзе пахавана Алаіза Пашкевіч. Тады бабуля спадзявалася, што ў кагосьці з дзяўчынак прачнецца талент да складання вершаваных радкоў. Так і адбылося. Аліна Баляславаўна пачала складаць вершы ў школьныя гады, падчас рэдагавання насценгазеты. Ёй хацелася стварыць нешта сваё, аўтарскае. Кожны паэтычны твор – як маналог душы. Матэрыялу назбіралася на цэлы зборнік: сярод вершаў прысвячэнні родным і блізкім, прыродзе, малой радзіме, мноства віншаванняў і нават гумарыстычныя нататкі. 
Напісала Аліна Баляславаўна і прысвячэнне сваёй вуліцы – Паўднёва-Заходняй. Рыфмаваныя радкі хутка паклалі на музыку і атрымалася цудоўная песня. Суседзі з задавальненнем паразбіралі тэксты, і як толькі ладзіліся пасядзелкі на двары – пачыналі спяваць.


Жаданне сябраваць з музай выхавала Аліна Баляславаўна і ў дзецях: пытання наведваць ці не наведваць музычную школу, у іх не паўстала. Робяць свае першыя крокі ў творчасці і ўнукі: складаюць вершы разам з бабуляй. 
Другая стыхія, якая захапіла творчую асобу, – фларыстыка. Аліна Баляславаўна сама ўпрыгожвала кветкамі і незвычайнымі кампазіцыямі Дом культуры ў Астрыне, Палац творчасці дзяцей і моладзі, вучыла іншых, як аздобіць памяшканні. Уменне абыходзіцца з такім асаблівым матэрыялам, як сухі сітнік, фізаліс, гіпсафіла, ужо на заслужаным адпачынку прывяло да працы сярод майстроў Цэнтра рамёстваў. Пазней Аліна Баляславаўна з задавальненнем пачала весці заняткі ў аматарскім аб’яднанні фларыстаў “Суквецце“ Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Кожны год яе выхаванкі займаюць прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы. 


– Як стрымаць такі творчы парыў! Я з маленства імкнуся дарыць людзям свята – песнямі, танцамі, вершамі, – дзеліцца Аліна Баляславаўна. – Сваімі рукамі можна расквеціць усё жыццё – і гэта датычыцца не толькі творчасці. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара і з архіва А.Б. Максімовіч.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!