Адрэстаўраваныя крыжы Мураванкі. Рэстаўрацыя ўнікальнай царквы-крэпасці працягваецца

 

Паступова прыгажэе і абнаўляецца ўнікальная царква-крэпасць Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы. У наступным годзе ўнікальны помнік архітэктуры адзначыць 500-гадовы юбілей. Вядома, што рэстаўратары з вялікай адказнасцю падыходзяць да сваёй працы, каб храм сустрэў знакавую дату ў поўнай прыгажосці і парадаваў сваім выглядам прыхаджан і турыстаў.

 

Нядаўна пачалася рэстаўрацыя крыжоў над царквой. Справа ў тым, што іх выгляд пад уздзеяннем часу быў сапсаваны і таму яны патрабавалі грунтоўнай ачысткі і апрацоўкі. Чыгунныя крыжы былі выраблены яшчэ ў 19 стагоддзі ў Рызе. Зараз іх пакрылі спецыяльнай прапіткай і фарбай. Такія захады дапамаглі вярнуць крыжам першапачатковы выгляд і абароняць іх ад уздзеяння знешніх прыродных фактараў на доўгія гады.

 

 

Усяго спецыялісты адрэстаўравалі 8 крыжоў. Цікавая гісторыя здарылася з бакавымі крыжамі прытвора над уваходам у храм. Яны былі самаробнымі і не ўпісваліся ў выгляд галоўнага фасада. Аднак на гарышчы царквы захоўваліся абломкі старых арыгінальных крыжоў. Рэстаўратары цалкам аднавілі іх і ўсталявалі замест неаўтэнтычных. Дзесьці прыйшлося іх падварваць, дадаваць новыя элементы, але факт у тым, што зараз усе крыжы на царкве арыгінальныя, са сваёй багатай гісторыяй.

 

 

Таксама ў бліжэйшы час чакаецца замена конусаў пад крыжамі. Старыя элементы з бляхі будуць мяняцца на канструкцыі з медзі. Усе працы на аб’екце выконваюцца спецыялістамі з ТАА “СМП-128”, якое спецыялізуецца менавіта на рэстаўрацыйных работах.

 

 

Падрабязней пра агульную рэстаўрацыю царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы нам расказаў настаяцель храма іерэй Алег Засім:

 

– Плануецца, што пасля рэстаўрацыі крыжоў нам будуць выдзелены сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Гэтыя грошы пойдуць на завяршэнне рэстаўрацыі. Маштабных абнаўленняў чакае інтэр’ер храма.

 

 

Па словах айца Алега, унутраная рэстаўрацыя храма пройдзе у тры этапы: па чарзе будуць абнаўляцца бакавыя і цэнтральная часткі інтэр’ера. Гэта зроблена для таго, каб будаўнічыя работы не перашкаджалі службам. Такім чынам дзверы храма не зачыняцца для вернікаў.

 

 

– Будаўнікі працуюць сумленна, таму спадзяваемся, што паспеем адрэстаўраваць храм да 500-гадовага юбілею. Святкаванні з нагоды вялікай даты запланаваны на верасень наступнага года. Ужо пачынаем думаць, як распрацаваць добрую праграму і годна адзначыць гэтую падзею, – дадае святар.

 

Варта адзначыць, што спонсарскую падтрымку ў справе рэстаўрацыі царквы-крэпасці ў Мураванцы аказвае шэраг арганізацый са Шчучынскага раёна. Так, грашовыя сродкі на добрую справу пералічылі ААТ “Васілішкі”, ААТ “Орля”, ААТ “Дэмбрава”, КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” і ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Таксама вядома, што ў хуткім часе да гэтых прадпрыемстваў далучацца і іншыя арганізацыі Шчучыншчыны.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!