Якасная сяўба – залог будучага ўраджаю. У ААТ “Шчучынаграпрадукт” сяўба азімых зерневых набірае абароты

 

Уборка хлеба ў раёне скончана, аднак вераснёўскія дні не менш напружаныя для нашых аграрыяў, чым жвівеньскія. Надышоў час закладваць новы ўраджай, таму там, дзе яшчэ нядаўна гудзелі зернеўборачныя камбайны, сёння на ўсю моц працуюць сеялкі.

 

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Янчукі ААТ “Шчучынаграпрадукт”, то засталі там вопытнага механізатара Генадзія Лукашэвіча, які на энерганасычаным трактары МТЗ-3022 з прычапной шасціметровай сеялкай “Horsch” сеяў азімае трыцікале.

 

 

– На такой тэхніцы працаваць – адно задавальненне: у кабіне ўсталяваны клімат-кантроль, дзякуючы якому ўнутры заўсёды камфортная тэмпература, незалежна ад надвор’я, – зазначае Генадзій Вальдэмаравіч. – Нягледзячы на агульную вагу ў 20 тон, кіраваць гэтым “саставам” даволі проста. На трактары стаяць дадатковыя колы, каб паменшыць ціск на грунт. Сеялку “Horsch” мы набылі летась і не пашкадавалі! У яе падвоены бункер, куды змяшчаецца 3 тоны пратраўленага насення і 2 тоны фосфарнага ўгнаення, якое станоўча ўплывае на ўсходжасць зерня. За раз я засяваю шасціметровую палоску зямлі – 40 радкоў з міжраднай шырынёй 15 сантыметраў. Насенне змяшчаецца ў глебу на шырыню 4 сантыметры, што адпавядае ўсім тэхналогіям. Гэты параметр выстаўляецца ўручную пры дапамозе спецыяльных механічных вінтоў. А вось рабочую хуткасць трактару задае кампьютар, які ўлічвае таксама норму высеву – для азімага трыцікале яна складае 230 кілаграмаў на гектар. Такім чынам, у дзень засяваю да 40 гектараў. Каб выключыць перасеў – арыентуюся на маркеры. Пасля абсяваю поле 2-3 разы.

 

Крыху больш чым праз гадзіну бункер пусцее, і да сеялкі спяшаецца вадзіцель Васілій Шкляр на сваім дзесяцітонным МАЗе. У кузаве – пратраўленае насенне, якім ён пры дапамозе спецыяльнага шнэка зноў “запраўляе” бункер. Гэты працэс займае не больш за 10 хвілін, і сяўба працягваецца.

 

– З надыходам восені тэмпература паветра панізілася, таму працаваць стала камфортней, – дзеліцца Васілій Яўгеньевіч. – А вось падчас жніва тэмпература ў кабіне майго грузавіка, дзе няма кандыцыянера, даходзіла да 50 градусаў. Даводзілася нават выключаць вентылятар, каб не “ганяць” гарачае паветра. Аднак падчас уборачнай кампаніі на асабісты камфорт не звяртаеш асаблівай увагі, бо трэба аператыўна і без страт даставіць зерне новага ўраджаю на зернесушыльны комплекс.

 

Пасяўная ў ААТ “Шчучынаграпрадукт” з кожным днём набірае абароты. Тут ужо пасеяна 450 гектараў, што складае 20% плошчаў азімага кліна зерневых у гаспадарцы. Цалкам пасеялі рапс, на чарзе трыцікале і пшаніца.

 

 

– Пакуль надвор’е спрыяе, важна не прапусціць зручны момант, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Фядзюк. – Зараз у глебе дастаткова вільгаці, тэмпература паветра камфортная. Пры такіх спрыяльных умовах азімыя паспяваюць да надыходу халадоў добра ўкараніцца, а вясной актыўна пойдуць у рост. У параўнанні з яравымі яны больш устойлівыя да засухі. Таму, калі сёння як след падрыхтаваць зямлю, правесці ўсе агратэхнічныя мерапрыемствы, то ў наступным годзе можна атрымаць багаты ўраджай.

 

У гаспадарцы асаблівую ўвагу надаюць якасці насеннага матэрыялу. Рыхтуюць яго адразу пасля таго, як зерне ўбрана з палёў. Спачатку насенне трэба давесці да аптымальнай вільготнасці, затым ачысціць і адсартаваць. Толькі буйныя роўныя зярняткі здольны стварыць магутную каранёвую сістэму, што дазволіць культурам паспяхова перазімаваць. Акрамя таго, насенны матэрыял абавязкова пратраўліваецца, каб засцерагчы яго ад розных інфекцый і хвароб.

 

Штодзень на палетках ААТ “Шчучынаграпрадукт” працуюць 3 сеялкі, якія за дзень засяваюць 90 гектараў. Паралельна спецыялізаваная тэхніка ўзворвае і дыскуе глебу, уносіць мінеральныя ўгнаенні. Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, сяўбу азімых тут завершаць за канца верасня.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!