Аднаўленне святыні пачалося: рэстаўратары ўжо працуюць на царкве Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы

На мінулым тыдні пачалося аднаўленне царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Мураванцы. Нагадаем, што 11 жніўня было падпісана распараджэнне Прэзідэнта Беларусі, паводле якога на рэстаўрацыю і аднаўленне помнікаў архітэктуры са спецыяльнага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва было выдзелена 3 мільёны рублёў, з якіх 500 тысяч былі накіраваны на Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць.

 

 

Зараз завяршаецца ўсталяванне рыштаванняў вакол храма і пачынаецца ачыстка цэглы з паралельнай рэстаўрацыяй тынкоўкі. Плануецца таксама правядзенне лакальнага рамонту меднага даху. Важнай часткай аднаўлення стане поўная замена вадасцёкавай сістэмы. Справа ў тым, што памер жолабаў і дыяметр труб не адпавядаюць патрабаванням архітэктурнай каштоўнасці. Зараз сістэма не спраўляецца з прыёмам вялікай колькасці вады, гэта ў сваю чаргу мае разбуральны эфект для ўсяго будынка.

 

 

Аднаўленчыя працы на аб’екце выконваюцца сіламі ТАА “СМП-128”. Гэтая арганізацыя з Мінска мае добры досвед у працы з архітэктурнай спадчынай. Так, у спісе адрэстаўраваных аб’ектаў “СМП-128”, маецца комплекс будынкаў на плошчы Свабоды і галоўпаштамт у Мінску, палац у Жылічах. Зараз арганізацыя завяршае працы ў Жыровіцкім манастыры.

 

 

Планамі і нюансамі аднаўлення царквы-крэпасці ў Мураванцы з намі падзяліўся прадстаўнік ТАА “СМП-128” непасрэдны вытворца прац на аб’екце Міхаіл Хілько:
– Зараз мы актыўна вывучаем праблемы гэтага аб’екта. Для аднаўлення царквы мы плануем задзейнічаць шэраг майстроў: восем тынкоўшчыкаў, дваіх цесляроў і дваіх страхароў. Па выніках нашага абследавання мы вырашым, які аб’ём працы будзем выконваць. Акрамя аднаўлення даху і фасадаў мы плануем таксама рэстаўрацыю крыжоў, што знаходзяцца на храме. Працы такога кшталту мы ўжо выконвалі ў Жыровічах.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!