У ААТ “Васілішкі” на сяўбе выкарыстоўваюць унікальныя сеялкі, якіх у Беларусі меньш дзясятка

У ААТ “Васілішкі” пасяўная набірае абароты: штодзень у поле выязджаюць шэсць трактароў з прычапнымі агрэгатамі, якія за працоўную змену засяваюць прыкладна 200 гектараў.

 

– Летась на сяўбе “абкаталі” новую сеялку ад “Біаком Тэхналогіі” і засталіся ёй вельмі задаволены, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Дзяніс Іванавіч Комар. – Сёлета набылі два аналагічныя агрэгаты. Усяго іх выпушчана 9, з якіх 3 цяпер знаходзяцца ў нашай гаспадарцы.

 

 

Адзін з тых, каму даверылі новую тэхніку, – вопытны механізатар Аляксандр Янавіч Суркант, які пры норме высеву 220 кілаграмаў на гектар засявае ячменем да 50 гектараў у дзень.

 

 

– Шасціметровая сеялка ад “Біаком Тэхналогіі” да ўсяго выдатна выраўнівае поле, – зазначае Аляксандр Янавіч. – Змяшчае насенне ў глебу на глыбіню 3-4 сантыметры, як таго патрабуе тэхналогія. Увесь вытворчы працэс кантралюе камп’ютар, які лічыць кожнае зерне, таму перасеў выключаны. Бункер змяшчае 4,6 тоны насення – гэтага дастаткова, каб крыху больш чым за тры гадзіны засеяць каля 20 гектараў. Затым у поле прыязджае спецыяльны пагрузчык і “запраўляе” сеялку па-новай. Каб трактар не прымінаў пасевы, паставілі дадатковыя колы, што дазволіла значна паменшыць ціск машыны на глебу. Рухаюся па полі з хуткасцю 8-13 кіламетраў і за адзін праход засяваю 48 радкоў. На апрацоўку аднаго гектара затрачваецца 9,2 літра паліва, але ўсе гэтыя выдаткі акупяцца восенню, калі прыйдзе пара ўбіраць ураджай.

 

Работа ў полі не спыняецца амаль увесь светлавы дзень. Механізатары нават харчуюцца, не адыходзячы ад сваіх “жалезных коней”, – гаспадарка забяспечыла ўсіх работнікаў, занятых у полі, двухразовым гарачым харчаваннем.

 

 

– На сяўбе выкарыстоўваем выключна элітнае насенне, якое загадзя пратравілі, каб засцерагчы будучыя ўсходы ад хвароб, – зазначае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Дзяніс Іванавіч Комар. – Калі гэтага не зрабіць, можна недабраць да 15 цэнтнераў з кожнага гектара. Пад яравыя культуры ў нас адведзена 1800 гектараў, з якіх 800 гектараў прыходзіцца на зернебабовыя, 800 – на ячмень і 200 – на пшаніцу. Таксама трэба пасеяць 500 гектараў цукровых буракоў і 3265 гектараў кукурузы, з якіх 1400 – пойдзе на зерне, а астатняе – на сілас. Сёлета мы на 400 гектараў павялічылі пасевы азімых культур, бо яны даюць з кожнага гектара прыкладна на 10 цэнтнераў зерня больш у параўнанні з яравымі. Расліны выдатна перазімавалі. Мы падкармілі ўсходы карбамідам, а хутка правядзём інсектыцыдную апрацоўку, каб засцерагчы пасевы ад насякомых-шкоднікаў. Усе гэта дазволіць вырасціць багаты ўраджай!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!