Чым абавязаны орлеўскаму мосту Пётр І? Аб гэтым і многім іншым мы пацікавіліся ў начальніка філіяла “Аўтамост” Алега Віктаравіча Шуміна

Як будаўніцтва моста амаль не стала ракавым для шведскага караля Карла ХІІ? У чым унікальнасць дзеючага жалезабетоннага моста праз Нёман? Аб гэтым і многім іншым мы пацікавіліся ў начальніка філіяла “Аўтамост” Алега Віктаравіча Шуміна, які ўзводзіў дадзены аб’ект, а цяпер займаецца яго рамонтам.

 

– Калі ў 1992 годзе мы прыбылі сюды, то ніякага моста праз Нёман у гэтым месцы не было, – гаворыць Алег Віктаравіч Шумін. – Крыху вышэй па плыні віднеліся насыпы старой пераправы, якую знішчылі партызаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А паводдаль ніжэй мясцовыя жыхары паказалі нам рэшткі драўлянага моста, пабудаванага шведамі ў гады Паўночнай вайны. Старажылы паведалі шмат цікавага пра яго гісторыю.

 

 

Аказваецца, тут у пачатку сакавіка 1706 года амаль не патануў “апошні вікінг Еўропы” – шведскі кароль Карл ХІІ. Ён загадаў пабудаваць на гэтым месцы мост, каб кантраляваць абодва берагі Нёмана. Правяраючы ход работ, ён праваліўся пад тонкі вясенні лёд. Манарх адразу пайшоў на дно, бо не ўмеў плаваць. Аднак ён цудам выратаваўся, намацаўшы пад нагамі водмель і схапіўшыся за краі палонкі. Карл ХІІ сеў на каня і наперакор угаворам сваіх афіцэраў мокры ў мароз паехаў у Жалудок, дзе размяшчалася стаўка. На выездзе з Орлі яго конь паслізнуўся і трапіў пад воз, нагружаны бярвёнамі, і шведскага караля амаль не пераехалі. Вось так Карл ХІІ двойчы за дзень аказаўся на валаску ад смерці.

 

Дарэчы, шведскі мост, які быў пабудаваны без сваяў – “накатам” па лёдзе, у красавіку таго ж года не вытрымаў крыгаходу і быў знесены імклівай вадой. Гэта дазволіла рускай арміі на чале з Пятром І адступіць з Гродна на поўдзень – на Брэст і Луцк – не апасаючыся шведскай пагоні. Такім чынам Карл ХІІ упусціў час і шанец разграміць галоўныя сілы рускай арміі. 

 

 

– Узвядзенне жалезабетоннага моста расцягнулася на чатыры гады, – працягвае наш суразмоўца. – Спачатку мы “загналі” бурыльна-набітныя слупы на глыбіню ад 23 да 36 метраў. На бурэнне адной свідравіны затрачвалі суткі, а потым столькі ж часу бетаніравалі слуп. Работа вялася няспынна, як таго патрабавалі тэхналогіі. Здаралася, людзі працавалі па 30 гадзін без адпачынку для таго, каб зрабіць усё максімальна якасна. На другі бераг Нёмана кожны дзень перапраўляліся на лодцы, якую нам далі мясцовыя жыхары.

 

Тады рака была значна паўнаводней і нават ля берага глыбіня дасягала 8 метраў. Паступова ўстанавілі апоры і пры дапамозе самаходных стралавых кранаў групад’ёмнасцю да 100 тон і ўнікальнага кансольна-шлюзавога механізма, які не меў аналагаў на ўсёй постсавецкай прасторы, зманціравалі пралёты. Работа не спынялася нават у моцныя маразы. Лёд быў настолькі тоўстым, што мы заганялі на яго 20-тонны кран, на якім падымалі будаўнічыя матэрыялы. Паколькі ў той час Нёман з’яўляўся суднаходным, то мост пабудавалі на вышыні 12 метраў ад вады. Пралётная рэчышчавая пабудова тут не тыповая і складае 39 метраў замест звыклых 33. Такога больш вы нідзе не сустрэнеце ў Беларусі. Калі будаўніцтва аб’екта было завершана, пратэсціравалі мост спецыяльнымі прыборамі.

 

 

Спецыялісты ДРБУ-161 рэгулярна праводзяць агляд збудавання на прадмет дэфармацыі. Сёлета было вырашана правесці рамонт орлеўскага моста: замяніць некаторыя апорныя часткі, “нарасціць” абаронныя барты да 75 сантыметраў, пакласці гідраізаляцыю і новы асфальт. На гэта будзе затрачана 1,2 мільёна рублёў. Ужо ў лістападзе рух тут будзе цалкам адноўлены.

 

 – Гэты мост прастаіць і тысячу гадоў, калі яго своечасова абслугоўваць, – зазначае Алег Віктаравіч Шумін. – Калі мы прывядзём яго ў парадак, то пераедзем у Іўеўскі раён, дзе возьмемся за мост праз Бярэзіну. Адным словам, работы хапае, але калі па-сапраўднаму любіць сваю прафесію, то яна прыносіць вялікую асалоду!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!