Кармавыя берагі для малочнай ракі

Сельскагаспадарчае вытворчае ўпраўленне “Пратасаўшчына” – адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Гаспадарка не раз дабівалася выдатных вынікаў па ўраджайнасці зерневых культур, трымала першынство ў нарыхтоўцы травяных кармоў. Сёлета таксама на працоўным п’едэстале – корманарыхтоўчым. 

Што да хлебнага каравая, то ён не такі важкі, як летась. І на гэта ёсць прычыны, агульныя для ўсёй аграрнай галіны. “Такіх неспрыяльных пагодных умоў, як сёлета, напэўна, не было, – адзначае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” В.А. Семяновіч. – У нас невялікія плошчы, таму валавы збор цалкам залежыць ад ураджайнасці. 51,1 цэнтнера з гектара – добры паказчык для гэтага года, але маленькі для нашай гаспадаркі. Гэты сезон даў нам добры урок, зробім работу над памылкамі”. 


Тым не менш, захаванне тэхналогій, укараненне новых падыходаў у арганізацыі вытворчасці і працы дазволіла дабіцца добрых вынікаў, падкрэслівае Віктар Анджэевіч. Выканалі абавязацельствы перад дзяржавай – прадалі 1500 тон зерня і 280 тон масланасення рапсу. Таго, што засталося, з лішкам хопіць для грамадскага статка. Справіліся і з планамі па нарыхтоўцы кармоў. Атрымалі рэкордную для гаспадаркі ўраджайнасць кукурузы – 137 цэнтнераў з гектара, валавы збор склаў 2600 тон. Гэта дастойная кампенсацыя недабору каласавога фуражнага зерня. Намалоту масланасення рапсу дастаткова, каб забяспечыць жывёлу таннай бялковай сыравінай. 
– У жывёлагадоўлі на бягучы год мы паставілі амбіцыйную задачу – дасягнуць 8-тысячнага надою малака, і ідзём да гэтага рубяжа, – дзеліцца дырэктар. – Ужо ў поўным аб’ёме выканалі кантракт з Гродзенскім мясакамбінатам па здачы мяса дзяржаве. Што да фінансавых паказчыкаў, то за 9 месяцаў атрымалі адзін мільён 176 тысяч прыбытку пры рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі 16,1 працэнта. Практычна 75 працэнтаў выручкі – ад жывёлагадоўлі ў цэлым, з іх 60 працэнтаў – ад малака. Мы выбралі правільную стратэгію развіцця – вытворчасць малака, і ўсё гэтаму падпарадкавалі.


Ёсць і іншыя складнікі фінансавага дабрабыту. Так, у першай палавіне года гаспадарка рэалізавала гаспадаркам вобласці 4000 тон грубых кармоў і каля 2000 тон фуражнага зерня, а таксама 65 галоў цялушак. Зарабілі добрыя грошы.
– У плане развіцця гаспадаркі 2018-ы знакавы для нас, – гаворыць Віктар Анджэевіч. – Рэалізавалі праект рэканструкцыі камбікормавага цэха. Цяпер тут новыя тэхналогіі, кантроль якасці... Прадукцыйнасць – 5 тон у гадзіну, што дазваляе забяспечваць паўнацэнным канцэнтратам 3900 галоў буйной рагатай жывёлы. Хопіць магутнасцей цэха і пры павелічэнні статка: у 2020 годзе хочам папоўніць яго на тысячу галоў. 


А самы важны праект, па словах кіраўніка, распачалі ў жніўні. Гэта рэканструкцыя МТФ “Грамавічы” на сродкі Банка развіцця і “Гроднааблгаза”. Агульны кошт праекта – 7 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Здача поўнага пускавога комплексу – у красавіку 2019 года. Ужо гатовы першы пускавы: 5 сянажна-сіласных траншэй, вагавая, пад’язныя шляхі. У новыя траншэі закладзена амаль 8000 тон корму для пагалоўя, адкорм якога будзе весціся па інтэнсіўнай тэхналогіі. Дарэчы, у будучым годзе плануецца рэканструкцыя фермы “Залесная” і склада для захоўвання зерня. 


В.А. Семяновіч падкрэслівае: раслінаводчая галіна і служба механізацыі працуюць на жывёлагадоўлю. І вобразна распавядае, чаму так важна для гаспадаркі нарошчваць пагалоўе і мець якасныя кармы: 
– На вяршыні нашай вытворчай піраміды стаіць карова. Яна нас корміць. Мы павялічылі аб’ёмы продажу малака, 93 працэнты яго здаём класам “экстра”. А вялікае малако, прычым, высокай якасці, – гэта не толькі трывалая кармавая база ў плане аб’ёмаў, але і якасная. Таму прымяняем якасныя кансерванты для закладкі кармоў, сянажна-сіласныя траншэі ўкрылі па новай тэхналогіі – двума слаямі плёнкі, надзейна замацавалі зверху. Усе кармы закладзены ў адпаведнасці з рэгламентам – у траншэях і бурце на цвёрдай пляцоўцы. Праведзеныя ў лабараторыі даследаванні паказалі: 85 працэнтаў кармоў – першага і вышэйшага класа.
Стабільныя вынікі ў стварэнні кармавой базы не выпадковасць. У гаспадарцы ёсць поўная лінейка кормаўборачнай тэхнікі беларускай вытворчасці, на якой працуюць кваліфікаваныя, па словах кіраўніка, лепшыя механізатары: Віктар Данілевіч, Станіслаў Росенік, Андрэй Вербаль, Уладзімір Бодак, Мікалай Карпач, Сяргей Аліхвер, Анатоль Дужык і іншыя.


Моцная эканоміка – падмурак для вырашэння сацыяльных пытанняў. Актыўна вядзецца будаўніцтва жылля. Ключы ад чатырох аднакватэрных дамоў нядаўна атрымалі дзве сям’і механізатараў і маладыя спецыялісты. На наступны год мяркуецца ўзвесці яшчэ 4 такія дамы. У людзей дастойны заробак: сярэднямесячная зарплата за 10 месяцаў склала 902 рублі (плюс 115%). Кіраўнік падкрэслівае: “Мы не проста плацім – фонд зарплаты ў агульным аб’ёме выручкі толькі 23,5 працэнта – мы зарабляем грошы. Больш працуем, больш атрымліваем прадукцыі, больш прадаём”. 
Дырэктар сам апантаны жаданнем ствараць і не любіць раўнадушных. Цэніць талковых спецыялістаў. У прыватнасці, галоўнага агранома А.В. Клімовіча. “У многім яго заслуга, што з года ў год мы атрымліваем высокія рэзультаты па вытворчасці зерня, малака, нарыхтоўцы кармоў і што ўваходзім у дзясятку лепшых гаспадарак вобласці”, – кажа В.А. Семяновіч. Хваліць брыгадзіра МТФ “Каменка” А.І. Бялаец і памочніка брыгадзіра МТФ “Глыбокае” В.І. Федаровіча.
Пра матывацыю добра працаваць сведчыць такі факт: сёлета на аздараўленне, прэміі і г.д. з прыбытку накіравана больш за 200 тысяч рублёў. На ўсіх вытворчых аб’ектах створаны выдатныя санітарна-бытавыя ўмовы. 


Віктар Анджэевіч надзвычай удзячны за дапамогу “Гроднааблгазу”: “У нас самы прыстойны інвестар, які ёсць у сельскай гаспадарцы”. 
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!