Аграрыі ААТ “Васілішкі” прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас
Штодзень у поле выходзяць тры кормаўборачныя камбайны, аднак пры неабходнасці іх колькасць можа быць павялічана ўдвая. Зялёную масу да сіласных траншэй аператыўна адвозяць сем МАЗаў.
– Мы ўбіраем толькі тыя палеткі, дзе кукуруза паспела, – гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ “Васілішкі” Дзяніс Іванавіч Комар. – Працуем увесь светлавы дзень: пакуль стаіць цёплае сухое надвор’е, трэба паспець убраць кукурузу на сілас. З асабістым часам ніхто не лічыцца. Нават сілкуемся ў полі: гарачае харчаванне сюды прывозіць спецыяльная машына.
Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Шкордзь, кормаўборачны камбайн заўважылі не адразу: машына амаль цалкам схавалася ў зялёным моры. Побач размерана рухаўся 20-тонны МАЗ. Не прайшло і дзесяці хвілін, як ён быў цалкам загружаны.
– Майму камбайну ідзе 15 сезон, – дзеліцца механізатар з амаль 20-гадовым стажам Алег Іосіфавіч Клышэйка. – Нягледзячы на салідны ўзрост, тэхніка выдатна працуе і спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Я ўжо зжаў 3435 тон кукурузы і штодзень прыбаўляю прыкладна па 500 тон. Жатка настроена такім чынам, што зразае расліны на вышыні 20 сантыметраў. Вільготнасць зялёнай масы складае 68-70%, што адпавядае тэхнічным патрабаванням.
За суткі ў ААТ “Васілішкі” кожны камбайн намалочвае каля 500 тон зялёнай масы. Нагрузка на адзін МАЗ складае прыкладна 200 тон. У гаспадарцы ўжо заклалі 7945 тон сіласу з кукурузы з запланаваных 70000 тон.
– Падчас жніва перавёз каля 3000 тон зерня і заняў першае месца ў раённым спаборніцтве, – з гонарам зазначае вадзіцель Алег Тадэвушавіч Карпінец. – Цяпер вось займаюся “царыцай палёў”. За рулём – амаль увесь светлавы дзень. У дзень “накручваю” да 200 кіламетраў.
Усяго пад кукурузу ў ААТ “Васілішкі” сёлета адведзена 3600 гектараў, з якіх 1550 гектараў будзе убрана на зерне, а астатняе – на сілас.
– Пры закладцы ўраджаю мы выкарыстоўвалі ў асноўным украінскія сарты, якія выдатна зарэкамендавалі сябе, – кажа выконваючы абавязкі галоўнага агранома Дзяніс Іванавіч Комар. – На кожным гектары пасеялі каля 100 тысяч штук насення. Унеслі неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, правялі хімпраполку, таму кукуруза вымахала пад тры метры. Пакуль сярэдняя ўраджайнасць складае 365 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, аднак з павелічэннем тэмпаў уборкі гэты паказчык будзе расці.
Дарэчы, паралельна з кукурузай у сельгаспрадпрыемстве прыступілі да ўборкі цукровых буракоў, пад якія ў гаспадарцы адведзена 550 гектараў. Акрамя таго, васілішкаўскія аграрыі актыўна выкопваюць бульбу, якая займае плошчу 150 гектараў.
– Пры пасадцы выкарыстоўвалі элітнае насенне такіх папулярных сартоў, як “Янка”, “вектар”, “скарб” і “маніфест”, – працягвае Дзяніс Іванавіч. – Ураджайнасць радуе: з кожнага гектара атрымліваем каля 412 цэнтнераў клубняў. Ураджай захоўваем у двух сучасных бульбасховішчах агульнай умяшчальнасцю каля 7 тысяч тон.
Убраныя палеткі васілішкаўскія аграрыі ўзворваюць, уносяць у глебу арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Хутка на гэтых плошчах будуць пасеяны азімыя культуры.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.