Ражанкаўскі сельскі Савет - лепшы сярод сельсаветаў раёна
Добры знак для аграгарадка Ражанка: сюды перамясціўся, так бы мовіць, цэнтр кіравання ААТ “Шчучынаграпрадукт”. У абноўлены адміністрацыйны будынак пераехалі ўжо кіраўніцтва і спецыялісты. Задаволены такім раскладам і мясцовыя жыхары, і старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей. Гэта гаспадарка, кажа ён, – надзейны партнёр органа ўлады пярвічнага ўзроўню ў многіх сельсавецкіх справах. А цяпер іх узаемадзеянне бачыцца яшчэ больш плённым.
– Па любым пытанні, з якім звярнуся, знаходжу ўзаемаразуменне і падтрымку ў дырэктара ААТ Вольгі Браніславаўны Патапчык, – сцвярджае Віктар Валянцінавіч. – У яе няма дзялення на цэнтр і перыферыю. Між тым ёсць разуменне, што падтрымкі варты і ветэран працы гаспадаркі, і ўрач, які лечыць сельскіх працаўнікоў, і настаўнік, які вучыць іх дзяцей, і проста нямоглы чалавек… Так, Вольга Браніславаўна знайшла магчымасць выдзеліць бульбу інвалідам, заахвоціць матэрыяльна нашых спартсменаў і лепшых вучняў школы. А ў калектыўны дагавор гаспадаркі ўнесены прыемныя бонусы для былых работнікаў.
Прыняла яна да ўвагі і просьбы людзей, у прыватнасці, адрамантаваць адну з дарог, адкрыць магазін…
У В.В. Бурдзея шмат прыкладаў дзелавога партнёрства сельсавецкай улады з арганізацыямі і ўстановамі, якія працуюць на тэрыторыі гэтай адміністрацыйнай адзінкі. Усіх іх, падкрэслівае старшыня, аб’ядноўвае жаданне зрабіць куточак малой радзімы прыцягальным для пражывання – камфортным, чыстым, спакойным і бяспечным... А яшчэ – аказаць людзям сацыяльныя паслугі і тую дапамогу, у якой яны сёння маюць патрэбу.
А аб’ёмы надзённых патрэб вялікія. У Ражанкаўскім сельсавеце 36 населеных пунктаў, 3570 жыхароў. 12 вёсак, лічы, “выйшлі на пенсію”, у многіх стаяць хаты з занавешанымі вокнамі. Усяго ж сядзіб-сірот каля 600. З такой “спадчынай” тут паступова разбіраюцца пры дапамозе суб’ектаў гаспадарання, як і сельсавецкая ўлада, зацікаўленых, каб зямля была дагледжанай і працавала. Так, ААТ “Шчучынаграпрадукт” летась знесла сядзібы ў Старой Дубраўцы і Патоцы. Прыбралі і 3 спарахнелыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі. Вялікі аб’ём работы выканаў Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі – на землях, перададзеных установе ў карыстанне.
– Новыя гаспадары выкарчавалі хмызнякі-дзікаросы на тэрыторыі ад Старой Падражанкі да Цейкаўшчыны, ачысцілі і аднавілі меліярацыйныя каналы, паклалі дрэнаж, – задаволены старшыня сельскага Савета. – Такім чынам нядаўна яшчэ пераўвільготненыя землі будуць уведзены ў палі севазвароту. Ачышчана і паглыблена сажалка ля Ст. Падражанкі: у планах – зрабіць яе месцам адпачынку. У самой вёсцы, дзе многія дамы і ўчасткі не выкарыстоўваюцца, здзічэлі сады, папярэдне ўзгадніўшы ўсе пытанні са спадчыннікамі, – гэтым займаліся дырэктар інстытута С.М. Шэўчык, я і стараста вёскі – 9 старых сядзіб знеслі, каля 5 гектараў зямлі ўключаць у севазварот. Абнаўленні працягваюцца.
У аграгарадках і іншых вёсках парадак на прылеглых тэрыторыях наводзяць суб’екты гаспадарання (узор работы – мясцовыя лясніцтва, дзіцячы сад-школа, філіял племпрадпрыемства і іншыя), за чысцінёй сочаць самі жыхары – як карэнныя, так і новыя. “У 2018 годзе прададзена 14 вясковых сядзіб, ахвотна набываюць дамы ў тых жа Вярбілках, Макееўцах, Клімаўшчыне”, – зазначае кіраўнік спраў В.М. Пацук. Камфортным для пражывання стала Заполле, дзе летась правялі прыродны газ. Пачата гэта работа і ў пасёлку Ражанка.
– Людзі вельмі хочуць сустрэчы, – перакананы В.В. Бурдзей, – расказваюць пра жыццё, задаюць пытанні. – А візіт нашай агляднай камісіі – гэта не столькі канстатацыя фактаў: “Тут у вас добра з электрыкай, з газам, з пячным ацяпленнем, а вось гэта трэба выправіць”, але і рэальная дапамога. Прадстаўнікі розных суб’ектаў прафілактыкі, здараецца, самі рукі закасваюць: прыбіваюць прытопачны ліст у доме адзінокай жанчыны, праводку, якая зляцела з ролікаў, замацоўваюць… Падчас работы агляднай камісіі ў багажніку майго аўтамабіля заўжды ёсць і пажарныя апавяшчальнікі, і засцерагальнікі для электралічыльніка…
Многа ўвагі ўдзяляецца ў сельсавеце бяспецы пражывання пажылых, адзінокіх, нямоглых людзей, сем’яў з дзецьмі. Як рэзультат – зменшылася злачыннасць, не дапушчана крыміналу сярод непаўналетніх. Вялікую работу праводзяць участковыя інспектары, савет грамадскага пункта аховы правапарадку. У 2018-ым прайшло 15 пасяджэнняў савета ГПАП , дзе заслухвалі парушальнікаў сямейнага і грамадскага спакою, абыякавых да ўласнай бяспекі грамадзян, хранічных лайдакоў і выпівохаў. Ёсць вынікі ад работы сацыяльнай камісіі, якая выязджае ў рэйды вечарам і складаецца з супрацоўнікаў органа ўлады, РАНС і РАУС. Што да пажарнай бяспекі, то агульнымі намаганнямі суб’ектаў прафілактыкі дасягнута галоўная мэта: на працягу апошніх 5 год не дапушчана гібелі людзей на пажарах.
Варта сказаць, што Ражанкаўскі сельсавет – тэрыторыя фізкультуры і спорту. Так, летась у круглагадовай раённай спартакіядзе сярод сельскіх Саветаў ражанкаўцы занялі першае месца, а ўвогуле па выніках фізкультурна-аздараўленчай работы – другое. Несумненная заслуга ў гэтым і саміх спартсменаў, і інструктара ЦФАР Л.Л. Васільчыка.
Вопытны старшыня сельвыканкама В.В. Бурдзей і яго працаздольная каманда – кіраўнік спраў Вольга Мар’янаўна Пацук, інспектары Надзея Аляксандраўна Перагудава і Леанід Аляксеевіч Маркевіч, бухгалтар Вольга Аркадзьеўна Чарняк – стараюцца стаць першымі памочнікамі для сельскіх жыхароў. Між тым пры вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва важнае значэнне мае дапамога кіраўнікоў ААТ “Шчучынаграпрадукт” і “Шчучынскі рамзавод”, Шчучынскага філіяла РУП “Гродзенскае племпрадпрыемства”, іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. “Ніхто з іх, а таксама раённыя ўлады, раённыя арганізацыі і службы, вёску без дапамогі не пакіне, – упэўнены Віктар Валянцінавіч. – Бо ўсё, што атрымліваецца зрабіць у плане развіцця адукацыі і культуры, медыцынскага, сацыяльнага, бытавога, гандлёвага абслугоўвання, – гэта плён нашых агульных намаганняў”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.