Культурны рай – у Васілішках
Васілішкаўскі сельскі выканаўчы камітэт стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі ў 2018 годзе.
Конкурс праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у два этапы па некалькіх намінацыях. Пераможцы вызначаліся сярод выканаўчых камітэтаў абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, гарадскіх (раённых) і сельскіх (пасялковых) выканаўчых камітэтаў.
– Васілішкаўскі край выбралі менавіта таму, что ён мае багатую культурна-духоўную спадчыну, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Дзенуць. – На конкурс мы рыхтавалі комплекс матэрыялаў. Акцэнт быў зроблены на вялікай колькасці фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць насычанае культурнае жыццё рэгіёна: дзейнасць Васілішкаўскага цэнтра культуры, дзіцячай школы мастацтваў, бібліятэк, сельскіх клубаў і гэтак далей.
Творчая справаздача ацэньвалася па розных крытэрыях – узроўню выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, аб’ёмах фінансавання, колькасці наведвальнікаў, асабістым удзеле кіраўніцтва мясцовых органаў у арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага надавалася працы і ўзаемадзеянню з пажылымі людзьмі.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца на наступным тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Удзел у ёй прыме старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Зубрыцкая. Пераможцы конкурсу атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры ад 130 да 150 базавых велічынь.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.