Першамайскі сельскі Савет і стараста вёскі Бершты Аляксандр Васілевіч – сярод лепшых у вобласці

Гродзенская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў падвяла вынікі штогадовага конкурсу сярод органаў мясцовага самакіравання. Названы пераможцы ў некалькіх намінацыях. Добрая навіна прыйшла і ў наш раён. 

У лік пераможцаў, вызначаных сярод Сельскіх саветаў, патрапіў Першамайскі сельскі Савет (старшыня Наталія Мікалаеўна Сідлярэвіч). А адным з лепшых старастаў населеных пунктаў Гродзеншчыны абласная асацыяцыя прызнала Аляксандра Аляксандравіча Васілевіча – грамадскага “мэра” вёскі Бершты Астрынскага сельсавета.
– Вельмі рада за калег, – кажа старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – І кіраўніцтва органа ўлады пярвічнага ўзроўню з Першамайска, і грамадскі памочнік з Берштаў сапраўды варты статусу лепшых, бо шмат робяць для таго, каб іх родныя рэгіёны не спыняліся ў развіцці, і ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі і арганізацыямі, суб’ектамі прафілактыкі актыўна працуюць над вырашэннем пытанняў жыццядзейнасці і бяспекі насельніцтва.
Дарэчы, А.А. Васілевіч – адзін з самых вопытных і аўтарытэтных сельскіх камандзіраў. Ён прызнаваўся пераможцам агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Шчучынскага раёна за 2017 год. Гэты чалавек умее аб’яднаць землякоў на добрыя справы. Ініцыятыўны і творчы Аляксандр Аляксандравіч (ён таксама спявак і баяніст) дапамагае сельсавецкай уладзе зрабіць жыццё ў вёсцы больш камфортным у бытавым плане і цікавым у культурным. Нераўнадушны стараста з Берштаў і да праблем людзей, якія патрапілі ў складаныя сітуацыі. Да таго ж мужчына актыўна ўдзельнічае ў рабоце мясцовай дабравольнай дружыны, якая лічыцца надзейным памочнікам пагранслужбы ў ахове дзяржаўнай мяжы. 
Пераможцы будуць узнагароджаны граматамі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, граматамі асацыяцыі і каштоўнымі падарункамі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Сяргея КАСПЕРЧУКА. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!