У ААТ “Дэмбрава” – свае лімузіны, або Як у Стараўшчыне дабіваюцца амаль кілаграмовай сярэднясутачнай прывагі быкоў
Комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына” ААТ “Дэмбрава” займае перадавыя пазіцыі не толькі ў нашым раёне, але і ўваходзіць у дзясятку лепшых у рэспубліцы. Тут утрымліваецца амаль 5,5 тысячы быкоў, а сярэднясутачная прывага складае 933 грамы.
– Да нас трапляюць бычкі ва ўзросце 1,5-2 месяцы, – гаворыць цялятніца Таццяна Аркадзьеўна Саўко. – Для іх выпойвання мы выкарыстоўваем спецыяльную станцыю – так званую аўтаматычную “маму”. Кормім цялят тройчы ў дзень па літры заменнікам цэльнага малака: награваем яго да 38 градусаў для лепшага засвойвання жывёлай. Па сваіх карысных уласцівасцях ЗЦМ не саступае натуральнаму малаку, затое захоўваецца свежым значна даўжэй. Дзякуючы гэтаму ў бычкоў не ўзнікаюць праблемы са страўнікам. Таксама даём ім якасны камбікорм, які багаты на ўтрыманне бялку. Таму яны хутка растуць і набіраюць вагу.
У памяшканні, дзе ўтрымліваецца маладняк, у прамым сэнсе свая атмасфера: тут працуе электрапушка, якая падтрымлівае неабходную тэмпературу паветра, а сістэма вентыляцыі забяспечвае аптымальнае ўтрыманне вільгаці. Усё гэта для таго, каб пазбегнуть прастудных захворванняў, якія асабліва негатыўна ўплываюць на здароўе маленькіх цялят. Калі ўсё ж жывёлы хварэюць, ім на дапамогу прыходзіць ветурач Я.С. Паканечны.
– Адліга, якая наступае пасля маразоў – асабліва небяспечная пара, – зазначае Яўгеній Станіслававіч. – З-за рэзкага перападу тэмпературы жывёлы пачынаюць хварэць. Кожны дзень разам з цялятніцамі аглядаем статак і выяўляем асобін, якія “падхапілі” пнеўманію. Усіх іх стаўлю на ўлік і пачынаю лячыць: падбіраю антыбіётыкі, раблю ўколы. Балазе неабходных лекаў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці ў нас хапае. Звычайна дастаткова 2-3 дні, і быкі выздараўліваюць.
Калі ў асобнай секцыі з 200 галоў колькасць хварэючых жывёл дасягае 10, жывёлаводы пачынаюць масавую аэразольную апрацоўку статка, каб не дапусціць эпідэміі. Для гэтага выкарыстоўваюць “пушку” халоднага і гарачага туману. Жывёлы ўдыхаюць выпарэнні гліцэрыны і дэзраствору і не хварэюць. Для ўмацавання іх імунітэту таксама ў камбікорм дабаўляюць лекавыя парашкі.
Гледзячы на быкоў-волатаў, дзіву даешся, як жанчыны-цялятніцы іх не баяцца?
– Калі жывёл не крыўдзіць, абыходзіцца па-добраму – яны абавязкова адкажуць узаемнасцю і не будуць праяўляць агрэсіі, – дзеліцца вопытам цялятніца з амаль дваццацігадовым стажам Вольга Уладзіміраўна Няфедзьева. – Аднак рухомыя прыродным інстынктам быкі часам уступаюць у барацьбу за лідарства паміж сабой. Каб яны не нанеслі адзін аднаму сур’ёзных траўмаў, у нас працуе сістэма “электрапастух”: самыя буйныя асобіны атрымліваюць невялікі ўдар токам і хутка заспакойваюцца.
На комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына” разводзяць быкоў не толькі чорна-пярэстай пароды, але і мясных лімузінаў, якіх тут налічваецца 200 галоў. Яны хутчэй набіраюць вагу – да 1400 грамаў у суткі – і перад здачай важаць 560-580 кілаграмаў. Атрыманае ад іх мармуровае мяса – у асобай цане.
– Летась мы здалі на Гродзенскі і Слонімскі мясакамбінаты амаль 2 тысячы тон мяса і прынеслі істотны прыбытак гаспадарцы, – зазначае загадчык комплексу па адкорме БРЖ “Стараўшчына” Раман Станіслававіч Чарняўскі. – Такога выніку немагчыма было б дабіцца без дружнай і самаадданай працы ўсяго калектыву, які налічвае 38 чалавек. Бездакорна выконваюць свае абавязкі аператары па дарошчванні маладняку Вольга Уладзіміраўна Няфедзьева, Таццяна Аркадзьеўна Саўко, Ірына Іванаўна Васільян і Ала Аляксандраўна Будрэвіч. На адкорме вызначыліся працай цялятніцы Марына Рычардаўна Красоўская і Ларыса Аляксандраўна Талочка. Заслужанай павагай карыстаюцца механізатары Сяргей Іванавіч Вербаль і Дзмітрый Анатольевіч Будрэвіч. Асаблівую падзяку хачу выказаць нашым аграрыям, якія сёлета забяспечылі жывёлу якаснымі кармамі: толькі для нашага комплексу нарыхтавалі 15000 тон сіласу, 12000 сенажу і 120 тон сена. Ну а мы не падвядзём і гарантуем высокія прывагі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.