Анатоль Анатольевіч Амельчанка – доктар, які лечыць зямлю, або Як у нашым раёне развіваецца арганічнае земляробства

– Уявіце сабе, у нашай аграрнай краіне ўсяго 25 гаспадарак займаюцца арганічнай сельгасвытворчасцю, а ў маленькай Латвіі – 14 тысяч. Між тым экалагічна чыстыя прадукты цэняцца ва ўсім свеце, гэта пэўная ніша ў сегменце рынка, не гаворачы ўжо аб іх лячэбнай і прафілактычнай каштоўнасці, аснова для дыетычнага і дзіцячага харчавання, – канстатуе Анатоль Анатольевіч Амельчанка, які толькі нядаўна вярнуўся з Варшавы з міжнароднай канферэнцыі па гэтай тэме і ў чарговы раз упэўніўся ў правільнасці сваіх прынцыпаў і таго нялёгкага жыццёвага напрамку, які абраў для сябе сам.

 

У глебе – амаль уся табліца Мендзялеева

Мы вядзём нашу гутарку сярод раздолля асенніх палёў. Гарачы прыхільнік “зялёнага земляробства”, А.А. Амельчанка сёлета ўзяў у арэнду 52 гектары зямлі на тэрыторыі ААТ “Орля”. У гэты дзень Анатоль Анатольевіч чакаў спецыялістаў з УКП “Гроднааблаграхімізацыя”, але не для таго, каб параіцца наконт хімічнай падкормкі зямлі, а якраз-такі наадварот. 

 

Глебазнаўцы прыбылі з ветлівай дакладнасцю каралёў. Начальнік аддзела глеба-аграхімічных пошукаў Аляксандр Пятровіч Карповіч па маёй просьбе ўводзіць у курс задач сваёй “экспедыцыі”:

 

 – Мы возьмем узоры па 11 паказчыках і перададзім іх на даследаванне ў лабараторыю, дзе зробяць аналіз па вызначэнні кіслотнасці глебы, наяўнасці ў ёй такіх элементаў, як фосфар, калій, гумус, кальцый, магній, сера, бор, медзь, цынк, марганец…

 

 – Усё гэта патрэбна, каб ведаць, якія культуры тут варта вырошчваць, як правільна спланаваць севазварот, – тлумачыць гаспадар поля. 

 

 – І ў наступным годзе ўжо атрымаеце арганічную прадукцыю? – прыспешваю я падзеі.

 

Анатоль Анатольевіч толькі ўсміхаецца “ў бараду”.

 – Усё не так проста. Для экалагічнага раслінаводства поле павінна прайсці адаптацыю, – сцвярджае орлеўскі энтузіяст. – На працягу пераходнага перыяду – як мінімум трох гадоў – прадстаіць аздараўляць зямлю, выкарыстоўваючы “зялёныя тэхналогіі”. І толькі потым можна непасрэдна прыступаць да арганічнага земляробства.

 

Глебазнаўцы А.С. Яцэвіч і А.І. Заруба, яшчэ раз зазірнуўшы ў карту і ўзброіўшыся спецыяльным абсталяваннем, адпраўляюцца ў далёкія кропкі поля браць пробы. А мы з Анатолем Анатольевічам крочым да хутара, што залатым восеньскім астраўком віднеецца на блакітным гарызонце.

 

 

Домік вокнамі ў сад

 – Гэту тыповую для тутэйшых мясцін хату я купіў, калі зразумеў, што пчалярствам у самой Орлі, дзе пастаянна жыву з сям’ёй, не зоймешся. Людзі, мякка кажучы, не ў захапленні ад такога суседства, – дзеліцца А.А. Амельчанка. – А тут раздолле, калі побач, канешне, не будзе весціся апрацоўка ядахімікатамі.

 

Гэта ды яшчэ рашэнне праблемы з пад’язной дарогай да хутара ў пэўнай ступені і паўплывала на ідэю ўзяць зямлю ў арэнду. Зноў жа, “свая” паша для рагуль і авечак. У перспектыве маю намер арганізаваць замкнуты цыкл сельскагаспадарчай вытворчасці. Ланцужок – невялікая, але рэнтабельная малочнатаварная ферма, выраб хатніх сыроў, вырошчванне на палях гародніны, бульбы, зерня, бабовых культур, якія ўзбагачаюць глебу азотам, – павінен сябе апраўдаць. Падкормка раслін – толькі арганікай ад сваёй жа жывёлы, і – аніякай хіміі! Дарэчы, ужо зрабіў першыя захады, каб атрымаць сертыфікаты еўрапейскага ўзору. 

 

 

 …Мы частуемся яблыкамі са старога саду, якому, па прыкідцы гаспадара, гадоў восемдзесят. Такія сарты, што засталіся ў спадчыну ад прадзедаў, зараз толькі і знойдзеш на падобных хутарках – шчодрыя, настальгічна-водарныя, сакавітыя… На падобную садавіну хоць сёння экалагічны сертыфікат афармляй!

 

– Мала проста накарміць людзей. Прадукты павінны быць якаснымі, натуральнымі, і пры іх вытворчасці мы не маем права атручваць прыроду, – разважае мой суразмоўца, які, па ўсім відаць, трымаецца прынцыпу: “Калі хочаш памяняць свет да лепшага – пачні з сябе”.

 

А можа продкаў кліч?

 Так і неагучанае маё пытанне, чаму ўрач у трэцім пакаленні не на жарт захапіўся аграрнай справай, неяк само сабой рассейваецца, калі мы падыходзім да статка з васьмі кароў, што самастойна пасвяцца на траве-мураве. Разбегчыся рагулям не дае электрапастух. А даіць іх прыехалі Наталля Васільеўна і Анатоль Анатольевіч Амельчанка-старэйшы. У нядаўнім мінулым яны ўрачы Орлеўскай бальніцы, а зараз – пенсіянеры, якія проста не могуць сядзець склаўшы рукі. Аказваецца, сельская гаспадарка тут справа сямейная. 

 

— Нашы карані на Украіне, – распавядае Амельчанка-малодшы. – Мой прадзед Якаў кавалерыстам змагаўся з басмачамі ў Туркестане, потым усю Вялікую Айчынную прайшоў, калгас узначальваў, заўжды многа працаваў на зямлі і дзяцей гэтаму навучыў. Мабыць, менавіта таму пасля заканчэння медінстытута мае бацькі абралі на жыхарства вёску. Тады, у сярэдзіне 70-х, на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета пражывала 5800 чалавек. 

 

Увогуле крыўдна, што мала хто з маіх аднакласнікаў, з якімі 25 год таму закончыў Орлеўскую школу, застаўся на Бацькаўшчыне. Я вярнуўся на малую радзіму пасля заканчэння першага армейскага кантракта, па якім працаваў ваенным урачом. Адразу ж уладкаваўся ў Орлеўскую амбулаторыю, дзе працую і па сённяшні дзень.

 

 

Выходзіць, цяга да зямлі ў нашага героя закладзена на генетычным узроўні. А імкненне ў асабістай гаспадарцы вырошчваць выключна “чыстую”, здаровую прадукцыю – гэта ўжо зрадні медыцынскай прафесіі.

 

Урач, які лечыць не толькі людзей, але і зямлю, працягвае многа вучыцца – падчас семінараў і майстар-класаў па арганічным земляробстве, у “Арганік-школе” пры Цэнтры экалагічных ведаў, з якім цесна супрацоўнічае. Як кажа сам Анатоль Анатольевіч, у свае 43 гады асвоіў з дзясятак прафесій, у тым ліку інжынера-праграміста ў Гродзенскім інстытуце паслядыпломнай адукацыі. Але найбольш часта яму ўзгадваецца самая першая, атрыманая яшчэ ў школе, прафесія трактарыста-машыніста 3-га класа.

 

Карыстаючыся ўручаным пасля экзамену пасведчаннем Ражанкаўскага вучэбна-вытворчага камбіната (была калісь такая форма прафесійнай арыентацыі сельскіх школьнікаў), доктар-інжынер-аграрый Амельчанка можа проста сесці за руль трактара ці штурвал камбайна і ўзараць поле, правесці пасяўную, сабраць ураджай.

 

 

Універсальны чалавек, ён знаходзіць падтрымку ў сваіх блізкіх, яго погляды раздзяляе жонка Людміла Леанідаўна, дарэчы, кіраўнік спраў Орлеўскага сельвыканкама. Дзеці ў гэтай сям’і выхоўваюцца ў павазе да працы і роднай зямлі, растуць творчымі і цікаўнымі, як і іх бацькі. А землякі паважаюць род Амельчанкаў за працавітасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям. Выходзіць, што “зялёнае земляробства” – гэта нешта значна большае, чым аграрны занятак. Гэта цэлая філасофія і стан душы, асобы лад жыцця, калі ты ў адказе не толькі за сваю сям’ю і сваю гаспадарку, а можа нават за ўсё чалавецтва.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.