Жывуць традыцыі ў Бабічах: народны майстар Беларусі Ванда Канстанцінаўна Машкевіч і сёння фарбуе яйкі “дзедаўскім” спосабам
Здавён фарбаванае яйка з’яўляецца адным з галоўных сімвалаў Вялікадня. Сёння яго фарбуюць у розныя колеры, упрыгожваюць малюнкамі і наклейкамі. Аднак ёсць людзі, для якіх традыцыі значаць значна больш, чым сучасныя модныя тэндэнцыі. Народны майстар Беларусі Ванда Канстанцінаўна Машкевіч і сёння фарбуе яйкі “дзедаўскім” спосабам.
У вёсцы Бабічы Ванду Канстанцінаўну ўсе добра ведаюць, таму доўга шукаць яе дом не давялося. У хаце ўсё выдавала дбайную гаспадыню. Да таго ж у свае 83 гады жанчына выдатна выглядае! А якая яна жвавая, гаваркая ды вясёлая!
Пакуль мы размаўлялі, Ванда Канстанцінаўна запаліла ў печы, паставіла ў чыгунку прыгатаваную сумесь для фарбавання. Праз пэўны час пах цыбульніку напоўніў кухню.
– Раней яйкі фарбавалі цэлымі вёдрамі, бо на Вялікдзень трэба было абавязкова пачаставаць родных, суседзяў і хроснікаў, – прыгадала мая суразмоўца, асцярожна апускаючы яйкі па адным ў лыжцы.
Ванда Канстанцінаўна расказала, што яйкі заўсёды фарбавалі ў шалупінні ад цыбулі. Ад яе колькасці залежыць інтэнсіўнасць колеру пафарбаваных яек — ад аранжавага да насычанага чырвонага ды бурага. Часам дзеці прыкладвалі да яек галінкі або лісцікі раслінаў, абвязвалі іх ніткамі або гумкамі і памяшчалі ў капрон. Загортвалі яйкі і ў карункі.
Дарэчы, як аказалася, пафарбаваць яйкі ў розныя колеры можна і без дапамогі магазінных фарбавальнікаў. Напрыклад, шалупінне фіялетавай цыбулі пафарбуе яйкі ў бура-чорны колер. Сіні колер можна атрымаць, калі выкарыстаць чырвонакачанную капусту, карычневы – моцную заварку чорнай гарбаты ці насычаны адвар буракоў, жоўты – куркуму або шафран.
…Тым часам мы пакінулі яйкі ў шалупінні, каб атрымаць больш насычаны колер і працягнулі размову.
– Я сама родам з вёскі Быкаўка. І там, і ў Бабічах, куды мы пераехалі, да свята рыхтаваліся загадзя, – расказвае Ванда Канстанцінаўна. – Прыбіралі ў доме, рабілі хатнія каўбасы і вяндліны. У суботу ўсёй сям’ёй ішлі ў касцёл, маліліся. Затым з асвечанай ежай спяшаліся дахаты. А якія пірагі мы выпякалі ды хатні хлеб! На свята на стале з’яўляліся і самаробная макарона з крухмалу. Спакон вякоў лічылася, што велікоднае асвечанае яйка павінна быць першай стравай пасля посту, так было і ў нашай сям’і. Есці можна было толькі пасля таго, як паспрабуеш асвечаную ежу. А якія ў нас на Вялікдзень гульні былі ў біткі. Яйкі на моц не толькі дзеці, але нават дарослыя выпрабоўвалі! З радасцю сустракалі мы і валачобнікаў, якія заўсёды хадзілі па вёсцы, спявалі дужа прыгожыя песні.
Цяпер няма на вёсцы той весялосці, бо няшмат людзей засталося. Адна радасць для вяскоўцаў, калі дзеці прыязджаюць. Ванда Канстанцінаўна ганарыцца сваімі трыма сынамі, семярымі ўнукамі і двума праўнукамі, якія ніколі не забываюць пра бабулю, тэлефануюць ёй, на святы ды выхадныя прыязджаюць.
– Дзеці мяне ўсё ў горад клічуць, а я не магу пакінуць сваю любую хатку, – прызнаецца Ванда Канстанцінаўна. – Мы яе разам з мужам будавалі, які, на жаль, даўно пайшоў з жыцця. Прашу, каб дзеці не прадавалі наш дом, прыязджалі сюды на адпачынак.
З усімі хатнімі справамі наша гераіня пакуль сама спраўляецца. Ванда Канстанцінаўна ніякай “мужчынскай” работы не баіцца: і касіць умее, і касу кляпаць, і гараць, і баранаваць, і з сячкарняй упраўляцца, і… пчоламі загадваць. Жанчына трымае гаспадарку, садзіць бульбу ды сее пшаніцу. Што тут скажаш – гаспадыня!
Жаночыя справы таксама ладзяцца ў Ванды Канстанцінаўны. Бабуля добра гатуе. Удаліся ў яе і велікодныя яйкі. Канстанцінаўна выклала іх на талерку: чырвоныя, яркія, прыгожыя. Добрае валачонае будзе!
У нашай гераіні ўвогуле шмат захапленняў. Дзякуючы аднаму з іх – ткацтву – яна нядаўна стала народным майстрам Беларусі. Дома ў жанчыны багата дываноў, посцілак, бялізны з карункамі. І ўсё з лёну саткала… Да таго ж жанчына цудоўна вяжа, добра шые, захапляецца кветкамі, спявае ў народным фальклорным гурце “Вяргіня”.
– Не магу я без працы сядзець, – прызнаецца бабічанка. – Лічу, што самая страшная хвароба – гультайства. Ад яе ні адзін урач не ўратуе! У мяне такой хваробы няма. Зімой, калі з‘яўляецца шмат вольнага часу, я без працы не застаюся. За адну зіму ўсім родным шкарпэткі звязала, за другую – з нітак ад цюкоў звязала 116 метраў сеткі, за трэцюю – 20 кошыкаў спляла.
Жанчыну паважаюць аднавяскоўцы. Уявіце сабе: ёй даверылі хрысціць ажно 8 дзяцей! Нікому не адмаўляе Ванда Канстанцінаўна ў дапамозе. Камусьці добрыя народныя лекі падкажа, камусьці параду слушную дасць.
На Вялікдзень зляцяцца сыны з сем’ямі да бацькоўскага гнязда, зноў устрапянецца, ажыве вясковая хата, напоўніцца смехам ды жывой гаворкай. І зацвітуць вясной вяргіні… у сэрцы Ванды Канстанцінаўны Машкевіч.
Разам з народным майстрам яйкі фарбавала
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.