Дзень праваслаўнай кнігі прайшоў у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі

"Пачуць мудрых пламеннае слова" -- такую назву меў Дзень праваслаўнай кнігі, які па традыцыі ладзіўся ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі чытачы, бібліятэкары, святары, педагогі, навучэнцы гімназіі, СШ №1 і СШ №3, госці. А мэтай яго правядзення арганізатары назвалі развіццё цікавасці да праваслаўнай кнігі, вызначэнне ролі праваслаўнай літаратуры ў духоўным жыцці чалавека.

 Лейтматывам зацікаўленай размовы ў канферэнц-зале можна лічыць мудрыя словы старца Макарыя Оптынскага: "Чытанне духоўных кніг прасвятляе наш розум і паказвае шлях да выратавання, жывіць душу так, як фізічная ежа жывіць цела". Прычым на свяце размова ішла не толькі аб праваслаўнай кнізе, а ўвогуле аб літаратурных творах, якія нясуць дабро, дапамагаюць людзям пазнаць сэнс жыцця, навучыцца хрысціянскай любові.

 

Дзень праваслаўнай кнігі садзейнічае павышэнню інтарэсу да любой цікавай і мудрай кнігі, падкрэсліла, выступаючы з прывітальным словам, дырэктар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі А.М. Янкоўская. Гэта свята насычае людзей і інтэлектуальна, і духоўна, перакананы Благачынны Шчучынскай акругі айцец Аляксандр Пасцерняк.

Дарэчы, святкаванне Дня праваслаўнай кнігі, якое стала ўжо традыцыйным, прымеркавана да даты выхаду ў свет у сакавіку 1564 года першай друкаванай кнігі "Апостал" дыякана Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Сёлета ў Беларусі яно праходзіць пад знакам яшчэ адной даты -- 180-годдзя Полацкага царкоўнага сабора, на якім адбылося ўз'яднанне беларускіх уніятаў з праваслаўем. Аб гэтым напомніла галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Р.А. Васюк. Разам з ёй госці зрабілі экскурс у гісторыю кнігадрукавання, па слайдах пазнаёміліся з факсімільным выданнем першага ў свеце ВКЛ Буквара 1618 года, які акрамя адукацыйных мэт быў прызначаны для духоўнага выхавання. Гісторыю стварэння гэтай кнігі раскрыў у сваім міні-даследаванні вучань 8"А" класа гімназіі г. Шчучына Мікіта Гудзень (навуковы кіраўнік А.Я. Лісоўская). А яшчэ адзін гімназіст Мікіта Трафімовіч выступіў са змястоўным рэфератам "Прападобны Лявонцій (Карповіч), архімандрыт Віленскі: жыццё і спадчына" (навуковы кіраўнік – выкладчык факультатыўнага курса "Асновы праваслаўнай маралі" іерэй Сергій Сямашка).

Аўдыторыя з цікавасцю слухала пра тое, што рэлігійныя, евангельскія тэмы знаходзілі і знаходзяць адлюстраванне ў творчасці класікаў рускай і беларускай літаратуры, сучасных пісьменнікаў. А гімназісты Марыя Кукуруза, Аляксандр Герасімчык, Аляксандр Рубель і Ягор Хільмановіч ўзнёсла дэкламавалі вершы аўтараў розных часоў і эпох. Проста заваражыў сваім выступленнем народны ансамбль духоўнай музыкі "Преображение". 

Што бібліятэка – "самы дакладны барометр інтэлектуальнага жыцця грамадства", нагадаў госць свята -- клірык Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, загадчык сектара прыходскіх бібліятэк аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі протаіерэй Уладзімір Барысевіч. Па меркаванні святара, кніга служыць не толькі для перадачы інфармацыі і пазнання свету, але і дзвярамі ў будучыню. Бо ад таго, якія кнігі чытаем у дзяцінстве, залежаць ідэалы, з якімі пойдзем па жыцці.

Падчас мерапрыемства была добрая магчымасць даведацца аб навінках духоўнай і мастацкай праваслаўнай літаратуры з вуснаў бібліятэкара Свята-Пакроўскага сабора г. Гродна Надзеі Тарас, а таксама пазнаёміцца з кніжнай выставай "Праз кнігу – да духоўнасці. Праз духоўнасць – да маралі".

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!