У гонар Вялікай Перамогі. Сёння патрыёты Шчучыншчыны здзейснілі аўтапрабег па месцах баявой славы і нашай удзячнай памяці

З плошчы Свабоды ў Шчучыне быў дадзены старт традыцыйнаму майскаму аўтапрабегу, сярод удзельнікаў якога – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны працы і Узброеных Сіл, моладзь… Усяго больш за 20 аўтамабіляў са сцягамі і эмблемамі стройнай калонай курсіравалі па дарогах Шчучыншчыны.

 

 

Першы прыпынак – у аграгарадку Ражанка ля помніка загінуўшым падчас вайны землякам. Удзельнікі аўтапрабегу далучыліся да мітынгу, прысвечанаму 78-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Старшыня Ражанкаўскага сельскага Савета Віктар Бурдзей выступіў з прамовай, павіншаваў аднавяскоўцаў і гасцей мястэчка са святам, якое аб’ядноўвае ўсе пакаленні. Вучні і педагогі Ражанкаўскай СШ, выхаванцы патрыятычнага клуба “Факел” прыйшлі на мітынг з кветкамі, чыталі пранікнёныя вершы, адну за адной перагортвалі слаўныя старонкі нашай гісторыі. Хвіліна маўчання, ускладанне кветак да помніка і… новы напрамак у маршруце -- на Жалудок!

 

Тут, у гарадскім пасёлку ля велічнай скульптуры, сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў, каб яшчэ раз узгадаць подзвіг Героя Савецкага Саюза Пятра Батырава, сваіх землякоў, што загінулі, абараняючы Радзіму, салдат-вызваліцеляў.

 

 

Мітынг адкрыў старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі. Кранаюча гучалі словы юных жалудчан пра гатоўнасць прыняць эстафету памяці ад старэйшага пакалення. Адчувалася, што рабяты пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў з інтарэсам  вывучаюць і добра ведаюць падзеі, што адбываліся падчас Вялікай Айчыннай ў нашых мясцінах, разумеюць, наколькі важна захоўваць гістарычную праўду і шанаваць мір на зямлі.

 

Аб тым, якой цаной дасталася нашаму народу Перамога над фашызмам аргументавана і эмацыянальна расказаў удзельнік аўтапрабегу -- сын франтавіка, падпалкоўнік запасу Віктар Анашкін.

 

 

-- Мой бацька прайшоў праз усю вайну – ад Масквы да Берліна, і заўжды даваў наказ і мне – хлапчуку, а пазней – ужо афіцэру, берагчы мір, умець абараняць сваю Радзіму, не здраджваць таму, за што змагалася іх гераічнае пакаленне, -- ўзрушана ўспамінаў Віктар Мікалаевіч

 

 

… І вось дарогі памяці прывялі ў легендарную для ўсіх жыхароў нашага рэгіёна мясціну – у партызанскую вёску Зачэпічы, да мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка”. Застылі ў каравуле ля абеліска члены патрыятычнага клуба “Айчына”,  з гонарам унеслі Сцяг члены савета піянерскай дружыны. Вучні Орлеўскай СШ падрыхтавалі цікавую літаратурную кампазіцыю, у вобразах і вершах расказалі пра неймаверныя выпрабаванні, якія перажылі падчас Вялікай Айчыннай вайны і краіна-партызанка Беларусь, і тутэйшы прынёманскі люд.

 

 

-- У той жорсткай вайне Шчучыншчына пахавала 9489 сваіх жыхароў, бязвінна знішчаных фашысцкімі нелюдзямі. І гэты страшны боль не можа залячыць нават час, -- прывяла жудасную статыстыку ў сваім выступленні на мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк. – Але наш народ даў дастойны адпор ворагу. Ужо напрыканцы 1941 года ўзніклі першыя на Шчучыншчыне партызанскія і падпольныя групы. Тут, у прынёманскіх лясах, сфарміраваўся першы ў раёне партызанскі атрад “Арлянскі”. У красавіку 1943 года быў створаны і эфектыўна дзейнічаў Шчучынскі міжраённы партыйны цэнтр, які ўзяў на сябе ролю каардынатара партызанскай барацьбы. Узначальваў яго чалавек-легенда – Сцяпан Пятровіч Шупеня.

 

 

Ганна Станіславаўна ад імя ўсіх прысутных выказала вялікую ўдзячнасць героям мінулай вайны за наша жыццё ў незалежнай краіне, падкрэсліла, што ў Год міру і стварэння галоўная задача сучаснікаў – навечна захаваць подзвіг свайго народа, нікому не дазволіць кан’юктурна перапісваць гісторыю мінулай вайны і Вялікай Перамогі.

 

-- Няхай неба над нашай Радзімай заўжды будзе светлым і мірным! – пажадала ўсім прамоўца.

 

Удзельнікі раённага аўтапрабегу паўсюдна ўскладалі кветкі да помнікаў, ушаноўвалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

 

 

Юныя экскурсаводы Орлеўскай СШ запрасілі жадаючых наведаць зямлянку, правялі па залах і экспазіцыях музея.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Дзіяны КЕЙКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!