Працавітасць – рыса сямейная

Некалькі год таму трактарыст-машыніст філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат Скідзельскі” Юрый Генрыхавіч Дымінскі быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, які яму ўручыў у той час Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковіч

І сёння адчуваецца, наколькі гэта ўзнагарода дарагая не толькі для яе ўладальніка, але і для ўсёй сям’і. Жонка Алена Аляксееўна беражліва захоўвае гэту рэліквію як самую высокую падзяку за земляробскую працу мужа.
У вытокаў дынастыі
У дружнай сям’і Дымінскіх працаваць любяць і ўмеюць, не цураюцца ніякай работы. Самая старэйшая захавальніца сямейных традыцый Юзэфа Іосіфаўна Дымінская, якой ужо за восемдзесят і жыве яна ў вёсцы Барцякі Жалудоцкага сельсавета, пазнала цяжкасць сялянскіх працоўных будняў з 17 год. За ўсё жыццё ў яе было толькі адно месца работы – мясцовая гаспадарка. 
– Мая працоўная біяграфія пачыналася ў калгасе “Рассвет”, як тады называўся наш Жалудоцкі агракомплекс, – успамінае Юзэфа Іосіфаўна. – На той час тут вырошчваўся лён. Мы даглядалі гэту культуру, а затым убіралі: рвалі, калацілі, трапалі.... У Ашмянцах быў устаноўлены спецыяльны агрэгат для яго апрацоўкі. Гатовую сыравіну адвозілі ў Ражанку. А ўвогуле працаваць прыходзілася на розных участках: і стагі тады яшчэ ўручную клалі, і ў паляводстве працавалі… 
Юзэфа Іосіфаўна разам са сваім мужам, якога вось ужо чатырнаццаць год няма на гэтым свеце, вырасцілі чацвёра дзяцей – трох сыноў і дачку. Сёння ў бабулі дзесяць унукаў і дзевяць праўнукаў, але яна не губляе надзеі дачакацца новага папаўнення ў сям’і. 
– Мае дзеці закончылі Жалудоцкую школу, – расказвае жанчына. – Старэйшы сын Валерый паступіў у Воранаўскае вучылішча, затым вучыўся ў Пінску. Працаваў майстрам у Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі, цяпер – у ААТ “Васілішкі”. Дачка Алена абуладкавалася ў Гродне, амаль трыццаць год адпрацавала ў друкарні, цяпер на пенсіі. Самы малодшы Генадзій таксама жыве і працуе ў абласным цэнтры. А вось мой трэці сынок Юрый жыве непадалёку, у Жалудку.
Знайшлі сваё шчасце на малой радзіме
Юрый Генрыхавіч Дымінскі, працоўны стаж якога ў мясцовай гаспадарцы налічвае больш за дваццаць пяць год, спецыяльнасць шафёра-электрыка атрымаў у адным з гродзенскіх вучылішчаў. Адслужыў у арміі – у танкавых войсках у Бабруйску. Вярнуўся дамоў і ўладкаваўся шафёрам у сельгастэхніку ў м. Ражанка. Сваю палавінку знайшоў у суседніх Ваўкавічах – вельмі ўжо даспадобы прыйшлася яму мясцовая дзяўчына Аленка, з якою ўжо больш за трыццаць год разам крочыць па жыцці.
– Акно летняй кухні майго бацькоўскага дома было відаць з Барцякоў, – гаворыць Алена Аляксееўна. – Муж заўсёды гаварыў, што накіроўваючыся да мяне на спатканне, у цемнаце арыентаваўся на святло гэтага акенца. 
Пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума Алена Аляксееўна працавала на заводзе “Оптык” і ўгаварыла мужа пакінуць работу ў сельгастэхніцы і перабрацца ў Ліду. Юрый Генрыхавіч прыслухаўся да жонкі і таксама ўладкаваўся на завод шліфоўшчыкам-паліроўшчыкам. Маладая сям’я атрымала пакой у інтэрнаце, неўзабаве ў іх нарадзіліся двое дзетак – дачка Вольга і сын Аляксандр. 
Атрымаць уласнае жыллё ў горадзе аказалася не так проста. А тут яшчэ ў сям’і здарылася няшчасце – пайшоў з жыцця бацька Алены Аляксееўны. Яна не захацела пакідаць маму адну. У выніку Юрый і Алена вярнуліся на сваю малую радзіму ў бацькоўскі дом Алены. Юрый Генрыхавіч адразу пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку трактарыстам. У апошні час ён больш заняты на корманарыхтоўцы – кіруе кормаўборачным камбайнам. А Алена Аляксееўна змяніла некалькі месцаў работы, а цяпер працуе раздатчыцай абедаў у Жалудоцкім агракомплексе. У мамы Алены яны пажылі некалькі гадоў, неўзабаве сям’я атрымала аднапакаёвую кватэру ў Дубраве, а затым і ўласны дом у Жалудку. 
Шчыраваць на зямлі
Па слядах свайго бацькі Юрыя Генрыхавіча пайшоў і яго сын Аляксандр. Закончыўшы дзевяць класаў Ашмянцоўскай базавай школы, ён вырашыў атрымаць працоўную спецыяльнасць у Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі. Затым – служба ў арміі. Бравы дэсантнік вярнуўся дамоў, і першым месцам яго работы стала Шчучынская МПМК-166. Цяпер Аляксандр разам з бацькам працуе трактарыстам у Жалудоцкім агракомплексе.
– Мне падабаецца шчыраваць на зямлі, – гаворыць Аляксандр. – Асаблівае задавальненне атрымліваеш тады, калі бачыш вынікі сваёй работы, і ўсведамляеш, што ў тым вырашчаным ураджаі, які кожны год убіраюць нашы аграрыі, ёсць і твой невялічкі ўнёсак. 
Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі робіць усё магчымае, каб не толькі стварыць для работнікаў неабходныя ўмовы працы, але і па магчымасці забяспечыць жыллём. 
– Вы не ўяўляеце сабе, які падарунак на вяселле атрымаў наш сын! – расказвае Алена Аляксееўна. – Ключы ад кватэры ў новым доме, які тады якраз здаваўся. Дырэктар нашай гаспадаркі Станіслаў Юльянавіч Гузень разам са сваім намеснікам па ідэалагічнай рабоце Святланай Мікалаеўнай Куцкель уручылі іх маладым. Вось так у нашым Жалудоцкім агракомплексе клапоцяцца пра сваіх работнікаў!
Вялікая дружная сям’я часта збіраецца разам, каб адсвяткаваць Каляды, Новы год, Вялікдзень, Дні нараджэнняў… Юзэфа Іосіфаўна – дарагі госць у дамах сваіх дзяцей. А Вольга і Аляксандр таксама заўсёды імкнуцца ў бацькоўскі дом. Любяць бываць у бабулі і дзядулі іх любімыя ўнукі – дзеці Вольгі – Мікітка і Палінка. Мікітка вучыцца ў другім класе і вельмі любіць матэматыку, а Палінка ходзіць у дзіцячы садок. Яна – асоба творчая, малюе з задавальненнем. 
Магчыма, працоўная дынастыя сям’і Дымінскіх з Жалудоцкага агракомплексу яшчэ атрымае свой працяг і многія наступныя пакаленні прысвецяць сваё жыццё высакароднай справе аграрыяў. Толькі для гэтага трэба па-сапраўднаму любіць сваю зямлю і мець вялікае жаданне працаваць…
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!