А вы ведаеце, дзе выхоўваюць маленькіх беларусікаў?
Ім яшчэ няма і трох, а яны ўжо вітаюцца па-беларуску і дакладна ведаюць, як выглядае наш арнамент: у дзіцячых яслях-садку №3 г. Шчучына існуе група, дзе ўсе заняткі праводзяцца на роднай мове.
– Галоўным фактарам з’яўлення першай малодшай групы для дзяцей ад 2 да 3 гадоў з беларускай мовай навучання і выхавання сталі запыты бацькоў, – гаворыць загадчыца дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад №3 г. Шчучына” Алена Уладзіславаўна Лісай.
Зараз у групе займаюцца каля 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. Бацькі навучальным працэсам задаволены.
– Хацелася б, каб наш сын Мацвей меў магчымасць размаўляць на роднай мове, – гаворыць адна з мам, якая абрала беларускамоўную групу навучання Алёна Эльяшэвіч. – Крок за крокам хлопчыкі і дзяўчынкі ўсё больш і больш знаёмяцца з роднай мовай, выкарыстоўваюць свае веды ў гульнявой форме.
Заходзім у групу. Тут па-хатняму ўтульна. Выхавальніца групы Ірына Генрыхаўна Якімовіч клапатліва папраўляе то аднаму, то другому малому каўнерыкі ды валасы.
– Мяне не здымайце, – сарамліва апускае галаву выхавальніца, калі наводжу на яе камеру. – Іх здымайце, – ківае ў бок маленькіх гарэзаў, якія ўсё настойлівей спрабуюць націснуць на кнопку фотаапарата. Знаёмлюся з самымі кампанейскімі і працягваю размову з выхавальніцай.
Ірына Генрыхаўна выдатна валодае роднай мовай, таму хоча, каб дзеці больш чулі беларускую мову і выхоўваліся ў беларускамоўным асяроддзі.
Ірына Генрыхаўна лічыць, што дашкольны ўзрост найбольш спрыяльны для авалодання беларускай мовай. У групе яна размаўляе толькі на роднай мове. А яшчэ распавядае сваім юным выхаванцам пра культуру беларусаў і народныя святы. Скарбніца нашай краіны вельмі багатая на песні, апавяданні, вершы, казкі, традыцыі і святы. З радасцю дзеці развучваюць песні і вершы, апранаюць нацыянальныя строі падчас гульнявых заняткаў.
Безумоўна, беларускамоўная група патрабуе стварэння адпаведнага прадметна-развіваючага асяроддзя, якое забяспечвае фарміраванне нацыянальная самасвядомасці. Таму ў групе створаны этнаграфічны куток. Ініцыятыўныя работнікі садка прынеслі рэчы сваіх бабуль і дзядуляў – саматканы дыван, падушкі з вышыванкамі, беларускія лялькі, некалькі рэчаў з сялянскага быту. Цяпер у куточку ладзяцца заняткі па азнаямленні з асаблівасцямі быту беларусаў.
Аднак і гэта не ўсё. На ўваходзе пад лесвіцай з’явіўся міні-куточак, які яшчэ больш падрабязна распавядае, як жылі нашы продкі. Звычайная прастора ў памяшканні, якую, здавалася б, не выкарыстаеш, дзякуючы фантазіі дружнага калектыву ператварылася ў маляўнічую фотазону. Тут і печ з гаршчочкам, і гладышы, і таямнічы куфар, і прас, і вышываныя абрусы, і дываны. Ці варта казаць, што беларускі куточак карыстаецца папулярнасцю ў маленькіх беларусаў.
Дарэчы, калектыў садка не толькі паважае і захоўвае традыцыі, але і памнажае іх. Работнікі сваімі рукамі ствараюць цудоўныя вырабы з лёну і саломкі.
Усё ў беларускамоўнай групе не хужэй за іншых. Адно стэнды і ўся інфармацыя для бацькоў на беларускай мове, ну і гаворка тут гучыць родная, беларуская.
Дарэчы, сваімі напрацоўкамі дзяржаўная ўстанова адукацыі “Яслі-сад №3 г. Шчучына” з задавальненнем дзеліцца з калегамі і праводзіць на базе сваёй установы разнастайныя семінары.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.